75-гадовага віцебскага дэмакратычнага актывіста асудзілі да арышту ў судзе Верхнядзвінскага раёна, але падрабязнасцяў, паводле якога менавіта артыкула ён пакараны, сябрам і знаёмым не паведамілі.
У Барыса Хамайды няма блізкіх сваякоў, якія маглі б даведацца дакладную прычыну арышту, і таму ён распавядзе пра гэта хіба што сам, калі выйдзе на волю.
Найверагодней, што адбываць арышт Хамайда будзе ў наваполацкім ІЧУ, бо пры Верхнядзвінскім РАУС няма адпаведных памяшканняў. Да ўсяго, для так званых «палітычных», арыштаваных па адміністрацыйных артыкулах, на Віцебшчыне не прымаюць перадач: пра гэта ў карных установах існуе адмысловае ўнутранае распараджэнне.
У тэрмін прысуджанага арышту ўвойдуць тыя трое сутак, якія Барыс Хамайда ўжо адбыў за кратамі. Ён быў затрыманы 28 ліпеня каля 11:30 на пероне чыгуначнай станцыі Бігосава.
Найстарэйшы віцебскі апазіцыйны актывіст і вернік у апошнія гады стала бярэ ўдзел у пілігрымках. Гэтым разам ён збіраўся прайсці пехам 10 км ад Бігосава да Росіцы, дзе пілігрымы збіраліся ўшанаваць памяць ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, спаленых у 1943 годзе разам са сваімі парафіянамі ў мясцовым касцёле.
Аднак у дызель-цягніку памежнікі (Бігосава і Росіца знаходзяцца на беларуска-латышскім памежжы) правяралі ў пасажыраў пашпарты і ім не спадабалася, што на пашпарце Барыса Хамайды была вокладка з выявай «Пагоні». Тлумачэнні пра тое, што «Пагоня» ёсць нават на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці, памежнікі слухаць не сталі і перадалі Барыса Хамайду супрацоўнікам міліцыі.
Каментары