Грамадства33

Галоўная таямніца Алеся Пушкіна

Адзін са знаёмых Алеся Пушкіна распавёў у фэйсбуку, як учора ў Бабры хавалі мастака, які памёр у ноч на 11 ліпеня ў бальніцы, куды яго прывезлі з гродзенскай турмы. У сакавіку 2022 года суд адмераў яму пяць гадоў калоніі.

Фота: сацсеткі

— А вы ведаеце галоўную таямніцу Алеся? — старэйшая сястра Святлана зрабіла шматзначную паўзу… — Я малявала за яго ў школе! Я на год старэйшая. Ён — у першым, я — у другім класе. Ён не ўмеў маляваць. А потым… як залезе на печ, возьме просты аловак і малюе старажытнае войска, коней, пікі. Адно і тое ж малюе. І ўсё. Ён пайшоў, пайшоў…

Сёння (у чацвер. — «НН») адбылося пахаванне Алеся Пушкіна — хрысціяніна і таленавітага мастака. Год таму яму вынеслі прысуд — пяць гадоў калоніі. Да гэтага ён яшчэ год адседзеў у следчым ізалятары. Тры дні таму родным паведамілі, што ён памёр у бальніцы, куды яго прывезлі з гродзенскай турмы.

Я спачатку не паверыў. Шок. Бачыў жа яго на судзе здаровым, поўным энергіі. З чаго яму паміраць?.. Вырашыў прыкласці ўсе намаганні для таго, каб праявіць даніну павагі і праводзіць Алеся ў апошні шлях.

Устаў без дзесяці пяць. Падрыхтаваў сям'і сняданак, хутка закінуў у рот кашу з бутарам і бягом на электрычку. На платформе сустрэў знаёмых. Таксама туды ж. Дзве з паловай гадзіны шляху. Праязджаем прыпынак Новае Жыццё… Паказальная назва. Памятаю, як у час вучобы ў семінарыі дваццаць гадоў таму ездзіў гэтай дарогай кожную нядзелю — дапамагаў маленькай пратэстанцкай царкве. Наведваў бабулек. Падбадзёрваў як мог — спяваў песні, чытаў Біблію, казаў пропаведзі. Нахлынулі ўспаміны.

Наступны прыпынак — вёска Бобр. Прыехаў. З розных вагонаў выходзяць людзі з кветкамі. Нашы. Дзядзька Андрэй, праваслаўны бард, з якім мы ўжо не адзін год знаёмыя, узяў на сябе ролю правадыра. Алесь — хросны яго сына. Ды і ў праваслаўе яго прывёў таксама Алесь. Можна было паехаць на аўтобусе, але большасць вырашылі ісці пешшу каля двух з капейкамі кіламетраў. Спачатку дарогай, потым сцяжынкамі ўздоўж вайсковай часці і полем з пшаніцай. Надвор'е з раніцы — любата. Сонейка, ветрык, птушачкі спяваюць. Жыццё вакол…

Ідзём [з электрычкі ў Бобр са знаёмымі, якія таксама прыехалі на пахаванне], размаўляем. Марк Шагал з яго светлым жывапісам быў арыенцірам для Алеся. Хацеў як той — жыць пад сто гадоў і працаваць да апошняга. Памерці як Шагал — у сваім доме… Менавіта ў Віцебску была адкрыта першая персанальная галерэя Пушкіна!

Фота: сацыяльныя сеткі
Фота: сацсеткі

Да царквы і веры ставіўся сур'ёзна — рэгулярна спавядаўся, прычашчаўся. А тая знакамітая намаляваная Алесем у 1997-м фрэска Страшнага Суда ў царкве ў Бабры (царква згарэла ў 2011) — усе кажуць пра двух персанажаў, намаляваных там. Але насамрэч там ёсць яшчэ адзін распазнавальны. Побач з тымі двума. Справа Алесь адлюстраваў сябе з палітрай фарбаў…

Падыходзім да доміка. Плот з камянёў і пляцень з палак. Прыгожа. Мы прыйшлі адны з першых. Сустракае жонка нябожчыка — спадарыня Яніна. Побач дзеці — малодшыя сын і дачка. Потым дзве старэйшыя дачкі падышлі.

Фота: сацсеткі

Людзі стаяць уздоўж дома са слязамі на вачах. У руках кветкі. Белыя, чырвоныя. А яшчэ — васількі. Стараючыся не прыцягваць да сябе лішняй увагі, фоткаю наваколлі. А там… краявіды! Вачэй не адарваць. Поле, рэчка, лазня, агарод. Зайшоў за дом і бачу акуратна засланы падмурак. Алесь планаваў пашырыць дом. Дабудаваць яго…

Фота: сацсеткі

За хлявом — памяшканне для адзіноты з таблічкай «дэпутацкі пакой». На рагу ўчастка — бяроза, а побач — пагрызены бабрамі слуп. Раней там быў турнік для падцягванняў, аднак без гаспадарскай рукі слуп пахіліўся ўбок. Па двары бегаюць маленькія кураняты. Певень рэгулярна нагадвае пра сябе кукарэканнем.

Фота: сацсеткі

Пад'ехаў катафалк. Прывезлі труну з целам. Паставілі ў двары. Людзі падыходзяць, глядзяць, плачуць. Алеся цяжка пазнаць пад пластом грыму. Худы, кароткі вожык валасоў. Апрануты ў вышыванку. Побач з галавой — яго знакаміты карычневы капялюш. Родныя селі каля труны. Далі магчымасць прысутным сказаць развітальныя словы.

Перадаў словы падтрымкі і спагады ад беларусаў Канады, якія папрасілі мяне аб гэтым. Падзяліўся ўражаннямі аб сустрэчы з Алесем на яго судзе. Якім я яго памятаю: яркім, перакананым, у нейкай меры «не ад гэтага свету». Як глядзеў на яго і думаў: я б так не змог. І ніхто б так не змог, як ён. І я веру — тое, што ён рабіў, было прэзентацыяй яго веры і надзеі на Госпада. І цяпер ён знаходзіцца там — у Царстве Нябеснага Айца, дзе мы абавязкова сустрэнемся…

Добрыя словы гучалі з вуснаў кожнага, хто гаварыў. Людзей у двары станавілася ўсё больш. Калі паўстала паўза, спадар Андрэй пачаў чытаць малітваслоў і псалмы. Я таксама падключыўся. Мы чаргаваліся. Каля труны прагучала дваццаць сем псалмоў. Было бачна, як словы Пісання знаходзілі водгук у сэрцах прысутных. Перажыванні псалмапеўца і цара Давіда актуальныя і для беларусаў у дваццаць першым стагоддзі:

«Госпадзе! Рана пачуй голас мой — рана паўстану перад Табою і буду чакаць, бо Ты Бог, Які не любіць беззаконня; у Табе не запануе ліхі; бязбожныя не застануцца перад вачыма Тваімі: ты ненавідзіш усіх, хто чыніць беззаконне. Ты загубіш тых, хто хлусіць; крыважэрнага і вераломнага цураецца Гасподзь. … Асудзі іх, Божа, хай загінуць яны ад намераў сваіх; па мностве бязбожнасці іхняй адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць цябе. І ўсцешацца ўсе, хто спадзяецца на цябе, вечна будуць радавацца, і ты будзеш апекавацца над імі; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць Імя Тваё…» Пс 5.

Надышоў час для адпявання ў храме. Недалёка — метраў за трыста. Вырашылі абысціся без катафалка. Узялі на плечы і панеслі. Меў гонар паўдзельнічаць у гэтым. Уздоўж дарогі — мясцовыя ў жалобным адзенні з кветкамі. Праводзілі труну са слязамі на вачах і далучаліся да працэсіі.

Было бачна, што на радзіме Алеся любяць простыя людзі.

Святар ужо чакаў нас. Занеслі ў храм. Кожны ўзяў свечку. Было відаць, што айцу Віктару не ўпершыню — практычна на памяць праспяваў словы малітвы. Сцены храма пустыя. Толькі іконы ў рамках. Відавочна, «каб пазбегнуць», вырашылі не дапускаць Алеся да роспісу гэтага храма, каб чаго зноў не выйшла. Я чакаў слоў суцяшэння ад святара ў канцы. Сваімі словамі, на зразумелай мове. Як звычайна бывае. Але іх не было. І на могілках ён не з'явіўся.

Аглушальна грымнуў некалькі разоў звон. Цела пагрузілі ў катафалк. Людзі размеркаваліся па машынах. Мяне запрасілі незнаёмыя людзі праехаць з імі. Каля крамы стаіць цёмная «Хёндэ». Людзі зразумелі, што там з самай раніцы сядзяць … «таварышы» і ўсіх здымаюць на камеру.

Могілкі за два кіламетры ад храма. Надмагіллі патанаюць у зеляніне. Ланцужок людзей пацягнуўся ўглыб агароджанай прасторы. Узгорак, які памятае і Напалеона, і немцаў. Нават лініі акопаў бачныя. Месца абраў сам Алесь. Ледзь збоку, злева, паміж каранямі соснаў. Побач пахавана сям'я Радзівілаў!

Фота: сацсеткі

Добрае суседства. Праз пару метраў ад магілы — круты схіл. А зверху, паміж дрэвамі — неба.

Фота: сацсеткі

Каля ста чалавек сабралася. Людзі ля труны дзеляцца з прысутнымі ўспамінамі. Добрыя словы разносяцца паміж магіл. Адзін, другі, трэці… Каля гадзіны гэта працягвалася. Распарадчык — з мясцовых, сябар Алеся — дае дакладныя ўказанні. Час хаваць… Людзі пацягнуліся да труны развітвацца. Пасля пахавання ўсіх запрашаюць вярнуцца да дома. Там падрыхтаваны памінальны стол.

Фота: сацсеткі

Як толькі ўсе сабраліся ля стала — пачаў імжыць дожджык. Сонца свеціць і дождж. Літаральна некалькі хвілін. Для ўсіх прысутных было відавочна — гэта знак, што і неба гаруе разам з намі. Трохі перакусіўшы, людзі зноў сталі дзяліцца гісторыямі пра Алеся.

З болем у сэрцы развітваюся. Пара ехаць дадому.

Царства табе Нябеснае, дарагі Алесь Пушкін».

Каментары3

  • Олег
    14.07.2023
    Пакойся з мірам. Калі небудзь страшны суд будзе не на небе а у Беларусі .
  • mikola
    14.07.2023
    Puham Zjamlja . Skada ne byla Nacyjanalnyh Scjagau......
  • Петро
    14.07.2023
    Олег,хай будке так.  

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву12

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву

Усе навіны →
Усе навіны

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?12

Журналісты назвалі імёны імаверных забойцаў лётчыка-перабежчыка Максіма Кузьмінава2

Пуцін даў пасмяротна Героя Расіі генералу, які загінуў у п'яным ДТЗ на матацыкле2

ТАСС апісала, як людзі з Курскай вобласці вяртаюцца ў разрабаваныя УСУ дамы. Але ў тым горадзе стаяла толькі расійская армія

У Мінску будуюць завод, які зможа перапрацоўваць усё смецце сталіцы11

Забыты на дзесяцігоддзі антыбіётык можа стаць зброяй супраць супербактэрый3

Вучоныя зафіксавалі, як сперматазоіды парушаюць адзін з законаў фізікі3

Аўтамабіль хуткай дапамогі ўрэзаўся ў агароджу на трамвайных пуцях у Мінску

Опцыі адмаўчацца ў спартсменаў больш няма. Цяпер не толькі «нада», але і па першым шчаўчку16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву12

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву

Галоўнае
Усе навіны →