Грамадства

Беларусы правялі акцыі, каб нагадаць пра палонных добраахвотнікаў палка Каліноўскага — яны ўжо год у няволі

Двое беларусаў год знаходзяцца ў палоне ў Расіі без аніякай сувязі са знешнім светам.

Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — беларусы, узятыя ў палон рускімі 26 чэрвеня 2022 года. Фота: 24tv.ua і архіў сяброў Сяргея

Акцыі ў чатырох гарадах замежжа правёў «Рух беларускіх нацыяналістаў»: у Вільні, Варшаве, Лодзі і Познані. Яны зрабілі муралы з беларусамі. Пра ідэю акцыі расказаў сябар «Руху беларускіх нацыяналістаў» і ўдзельнік акцыі ў Варшаве Ян Рудзік:

Ян Рудзік на фоне мурала з палоннымі Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзёгцевым. Фота: тэлеграм-канал «РУХ»

«Мы вырашылі нагадаць пра палонных, бо ім мала надаецца ўвагі, але гэта вельмі важная тэма. У палоне дрэнныя ўмовы, іх катуюць і ўсяляк з іх здзекуюцца, і няма нікога, акрамя нас, беларускай супольнасці, хто можа пра іх паклапаціцца.

Вырашылі так пачаць і плануем надалей рабіць нешта для таго, каб пра іх не забыліся. У гэтай галіне мы будзем супрацоўнічаць найперш з палком Каліноўскага, але і з іншымі здаровымі сіламі. «Рух» хоча заахвоціць і іншыя беларускія арганізацыі ды асяродкі не забывацца пра палонных каліноўцаў і надаваць гэтаму як мага болей высілкаў і ўвагі».

Пра цяперашні лёс і стан палонных зусім нічога невядома, як расказалі нам у прэс-службе палка Каліноўскага: ніхто не ведае, дзе яны ўтрымліваюцца. Абмяняць іх пакуль не атрымліваецца. Украінскі бок беларускіх ваяроў падае на абмен, а расійскі — не.

Хто яны — палонныя каліноўцы?

Ян Дзюрбейка. Фота з ягоных сацыяльных сетак

Ян Дзюрбейка — 27-гадовы беларус. Ён нарадзіўся ў Лясным ля Бараўлянаў пад Мінскам. Скончыў Акадэмію авіяцыі, дзе вывучаў «Тэхнічную эксплуатацыю авіяцыйнага абсталявання». Апошнім месцам працы хлопца ў Беларусі стаў мінскі завод імя Вавілава — прадпрыемства, якое робіць оптыку і ўваходзіць у Дзяржкамваенпрам.

У 2020-м хлопец уключыўся ў рух за свабодныя выбары. Яго затрымалі пасля «Маршу на Курапаты» 1 лістапада 2020 года. Пасля 15 сутак арышту на Дзюрбейку завялі крымінальную справу, і ён нелегальна перайшоў мяжу з Украінай, да вайны паспеў папрацаваць маляром і ахоўнікам. 28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля нападу Расіі на Украіну, стаў добраахвотнікам.

«Бараніць свой дом — гэта святы абавязак кожнага, — казаў ён «Радыё Ўнэт». — Таму тым, хто прыйшоў сюды з боем, я дам бой. Хацелася б, каб вайна скончылася як мага раней, але я гатовы да зацяжнога канфлікту. Хачу вярнуцца на айчыну і спадзяваюся, што, калі вайна скончыцца, гэта ўдасца».

Сяргей Дзёгцеў. Фота з архіва сяброў Сяргея

Сяргею Дзёгцеву 35 гадоў, і ён амаль усё жыццё пражыў у мінскай Масюкоўшчыне. Да 2020-га мужчына не быў палітычным актывістам, але з паплечнікамі рабіў праект «Зберажом Масюкоўшчыну». Яны спрабавалі захаваць памяць пра лагер для ваеннапалонных «Шталаг 352», які існаваў на тэрыторыі сучаснай Масюкоўшчыны з ліпеня 1941-га па чэрвень 1944-га.

У 2020 годзе Сяргей уключыўся ў рух за свабодныя выбары. Мужчыну двойчы затрымлівалі: 18 кастрычніка 2020 года і 10 лютага 2021 года. Падчас апошняга затрымання яго збівалі і катавалі (нават вывозілі ў лес) за тое, што ён быў адміністратарам чата Масюкоўшчыны і раённым актывістам. Пасля гэтага ён выехаў ва Украіну.

«Ён сціплы і не любіць распаўсюджвацца пра свае дасягненні. Увогуле Сяргея ведаем як добрага сябра, які заўсёды прыходзіць на дапамогу: справай, а не словам. Чалавек, які маленькімі паслядоўнымі крокамі ідзе да сваёй мэты.

У Кіеве Сяргей працягваў займацца тэмай ваеннапалонных. Да прыкладу, ён адведаў аналагічны масюкоўшчынскаму шталагу Дарніцкі лагер для ваеннапалонных і зрабіў выяву, у якой параўнаў стаўленне да такіх месцаў у Кіеве і Мінску», — дзеляцца сябры.

Выявы, якія Сяргей рабіў у Кіеве і Мінску

Выявы, якія Сяргей рабіў у Кіеве і Мінску для параўнання. Фота з архіва сяброў Сяргея

«Сяргей займаўся тэмай ваеннапалонных і сам стаў ваеннапалонным, — расказваў год таму адзін з сяброў Сяргея. — Магчыма, жыццё вядзе Сярогу такім шляхам».

Нагадаем, 26 чэрвеня 2022 года ваяры палка Каліноўскага прынялі бой каля горада Лісічанск. Падчас бою загінуў легендарны камандзір батальёна «Волат» Іван Марчук з пазыўным «Брэст». Разам з ім загінулі яшчэ трое: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў. Яшчэ двое, Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, патрапілі ў палон. Гэта былі першыя настолькі масавыя страты беларусаў падчас вайны ва Украіне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Усе навіны →
Усе навіны

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе2

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА3

16-гадовая беларуска ўпала з шостага паверха ў Варшаве

Ірына Абельская стала заслужанай доктаркай16

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне18

Польшча распачала паляванне на кампаніі, якія абыходзяць санкцыі супраць Беларусі і Расіі1

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных18

«Па выхадных нават чэргі». У Мінску адкрылася «касмічная» зона адпачынку з бясплатным вяровачным гарадком

У Львове стралялі ў палітыка Ірыну Фарыён. Яна ў крытычным стане18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Галоўнае
Усе навіны →