Грамадства33

Мінчукі запатрабавалі пабудаваць прыбіральню на Мінскім моры. Петыцыя прайшла праз 8 дзяржарганізацый, але ці шмат толку?

Мінчукоў збянтэжыла, што на Мінскім моры не стае прыбіральняў на пляжах, і праз петыцыю яны папрасілі пабудаваць вялікую стацыянарную прыбіральню. Аказалася, аднак, што не так і лёгка высветліць, хто адказвае за пляжы Мінскага мора. Зрэшты, выданне Blizko.by цяпер дакладна ведае адказ — і адначасова яно высветліла, што ж будзе з прыбіральнямі.

Фота: Мінск-Навіны

Дзе можна купацца

На мінулым тыдні МНС апублікавала карту дазволеных для купання месцаў. У Мінску і ваколіцах гэта Мінскае мора (яно ж Заслаўскае вадасховішча), Цнянскае вадасховішча, Дразды /Крыніца і Камсамольскае возера.

Побач з нумарамі пляжаў Мінскага мора ў дужках пазначаны адміністрацыйныя раёны Мінска. Што гэта значыць? Мінскае мора знаходзіцца ж за межамі адміністрацыйнай гарадской мяжы? Насамрэч гэта ўсё мае значэнне, але пра тое пасля.

Праблема прыбіральняў на пляжы

Мінчукі склалі петыцыю: іх не задавальняе сітуацыя з туалетамі на пляжы №5 Мінскага мора — адным з самых вялікіх.

«На пляжы №5 на Мінскім моры адсутнічае стацыянарная грамадская прыбіральня. У апошні час гэта месца стала вельмі папулярнае, адкрыта некалькі добрых кавярняў, рэгулярна праводзяцца фэсты і іншыя мерапрыемствы. У добрае надвор'е летам або падчас мерапрыемстваў на пляжы знаходзяцца сотні, а магчыма, і тысячы людзей. Біяпрыбіральні катэгарычна не спраўляюцца са сваёй функцыяй і практычна адразу запаўняюцца і забруджваюцца! Ужо праз пару гадзін туды немагчыма зайсці з-за смуроду і бруду! У выніку сотні людзей ходзяць запаскуджваць лес — «міны» і паперкі паўсюль.

Пераканаўча просім пабудаваць на пляжы стацыянарную прыбіральню (можна платную, летам адбою ў ахвотных дакладна не будзе).

Адзначым, што наяўнасць дастатковай колькасці грамадскіх прыбіральняў — адна з умоў камфортнага баўлення часу грамадзян у рэкрэацыйных зонах. Таксама наяўнасць грамадскіх прыбіральняў — мінімальны стандарт якасці жыцця, якому па сілах адпавядаць і нашаму любімаму гораду!»

Далей ідуць спасылкі на некалькі нарматыўных прававых актаў, а завяршаюць аўтары патрабаваннямі:

«На падставе вышэйсказанага, просім:

  • абсталяваць грамадскую прыбіральню — у адпаведнасці з патрабаваннямі НПА і ТНПА;
  • на падставе п. 6 правілаў — уключыць правядзенне работ па абсталяванні грамадскай прыбіральні ў План мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і ўтрыманні (эксплуатацыі) тэрыторыі на 2023 або 2024 год».

Хто адказвае за прыбіральні і пляжы?

Аўтары адправілі петыцыю двум адрасатам: у ЖКГ Мінскага раёна і ЖКГ Мінскай вобласці. Гэта выглядае лагічным: Мінскае мора знаходзіцца па-за межамі Мінска, а канкрэтна — у Мінскім раёне, які, у сваю чаргу, адносіцца да Мінскай вобласці.

А далей пачынаюцца дзіўныя прыгоды і падарожжа петыцыі. Аказалася, для некаторых дзяржаўных арганізацый прыналежнасць пляжаў Мінскага мора — такая ж загадка, як і для звычайных мінчан.

Такім чынам, можна пабачыць, які шлях прарабіла петыцыя.

Першы атрымальнік — ЖКГ Мінскага раёна. Ад яго петыцыя трапіла ў Бараўлянскі спецлясгас (уваходзіць у Мінскае дзяржаўнае лесагаспадарчае аб'яднанне). А спецлясгас перанакіраваў зварот ва ўнітарнае прадпрыемства «Мінская лесапаркавая гаспадарка». Гэта даччынае камунальнае прадпрыемства ўваходзіць у структуру «Мінскзелянбуд».

І вось ад «Мінскай лесапаркавай гаспадаркі» прыйшоў адказ па сутнасці. Гэты адказ прыводзіцца крыху ніжэй.

А што з другім атрымальнікам петыцыі — ЖКГ Мінскай вобласці? Адтуль петыцыю пераслалі, у сваю чаргу, яшчэ двум адрасатам. А менавіта: у Мінскі райвыканкам і ў «Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку».

Мінскі райвыканкам стаў адзінай дзяржструктурай, якая зняла з сябе адказнасць: нікому петыцыю перасылаць не сталі, але затое выканкам выразна засведчыў, хто адказвае за пляжы.

«Зона масавага адпачынку «Заслаўскае вадасховішча» пляж №5 замацаваная за адміністрацыяй Фрунзенскага раёна горада Мінска, добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны, у тым ліку ўстаноўка грамадскіх прыбіральняў, замацаваная за УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка».

Петыцыя ж, перанакіраваная ў «Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку», прарабіла больш доўгі шлях. МГЖГ адказала, што зварот перанакіраваны ў «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама». Гаррамаўтадараўцы перанакіравалі яго ва УП «Мінскзелянбуд». І вось адтуль ужо прыйшоў разгорнуты адказ.

Blizko.by склала схему руху петыцыі, з якой відаць, якую няпростую дарогу яна прарабіла, каб у адпачывальнікаў на пляжы з'явілася прыбіральня. У высвятленне лёсу пляжных прыбіральняў аказаліся ўцягнутымі восем дзяржаўных арганізацый. Кола замкнулася, і цяпер хоць дакладна вядома, хто адказвае за абслугоўванне пляжаў і іх добраўпарадкаванне.

У пачатку артыкула згадвалася карта і назвы раёнаў Мінска на ёй. Дык вось, тыя назвы і адзначаюць адказных за пляжы.

Атрымліваецца, за пляжамі Мінскага мора глядзяць Заводскі, Першамайскі, Фрунзенскі і Цэнтральны раёны, канкрэтна за пляж №5 адказвае Фрунзенскі. За вадасховішча Дразды / Крыніца адказваюць Ленінскі, Маскоўскі і Цэнтральны раёны, за Цнянскае вадасховішча — Савецкі, за Камсамольскае возера — Цэнтральны. А за добраўпарадкаванне прысталічных пляжаў адказвае «Мінскзелянбуд» і яго падраздзяленне — «Мінская лесапаркавая гаспадарка».

Дык а з прыбіральнямі што?

Цяпер, зразумеўшы іерархію прыбіральна-пляжнай гаспадаркі, самы час высветліць: што ж будзе з запытанай стацыянарнай прыбіральняй? Вось што адказала даччыная структура — «Мінская лесапаркавая гаспадарка»:

«На пляжы №5 Заслаўскага вадасховішча ўстаноўлена дзевяць біяпрыбіральняў, якія для грамадзян, што адпачываюць, бясплатныя, выдаткі на іх устаноўку і абслугоўванне цалкам кладуцца на наша прадпрыемства.

Варта адзначыць, што ў выпадку правядзення розных масавых мерапрыемстваў, усталяванне дадатковых біяпрыбіральняў павінна забяспечвацца арганізатарамі названых мерапрыемстваў у колькасці, неабходнай для забеспячэння патрэбы планаванай да ўдзелу колькасці людзей. Уласнікі розных кавярняў і іншых устаноў, якія аказваюць паслугі па арганізацыі адпачынку і грамадскага харчавання, абавязаныя ўлічваць колькасць наведвальнікаў і ў выпадку неабходнасці ўсталёўваць для сваіх гасцей дадатковыя прыбіральні і (або) біяпрыбіральні.

У сваю чаргу, паведамляем, што прадпрыемствам пры планаванні работ па падрыхтоўцы зон адпачынку да вяснова-летняга сезона 2024 года, з улікам фактычнай забяспечанасці прыбіральнямі ў 2023 годзе, будзе прааналізавана іх неабходная колькасць для забеспячэння камфортнага баўлення часу грамадзян».

Адказ ад галаўной структуры — унітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд» — практычна слова ў слова паўтарае паведамленне ад «Мінскай лесапаркавай гаспадаркі».

Такім чынам, гэтым гарачым летам дадатковых прыбіральняў на пляжы №5 чакаць не даводзіцца. Адпачывальнікам прыйдзецца карыстацца тымі самымі, што і раней.

Магчыма, сітуацыя зменіцца толькі ў наступным годзе, але ўсё адно зелянбудаўцы не гавораць, што пабудуюць стацыянарную прыбіральню. Найімаверней, у найлепшым выпадку дададуць некалькі пластыкавых кабінак.

Каментары3

  • Менчук
    21.06.2023
    Спачатку патрабавалі новыя выбары - зараз вырашылі троху сбавіць абароты, відаць.
    Можа, вось ён кампраміс улады і грамадства намячаецца..
  • Кашмар
    21.06.2023
    Там iх некалькi у лесе. Яшчэ старых, савецкiх, з дыркамi у падлозе. Нязручныя, але што ёсць.
  • Міхель
    22.06.2023
    Ну ну, рабам нават сарцір не паложаны

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі13

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла Ларыса Рыжкова1

Як зменяцца стаўкі адзінага падатку для ІП і самазанятых

Хто вышуквае ў крамах і бібліятэках «экстрэмісцкую» літаратуру?4

Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам19

«Аляксандр Лукашэнка ўжо не «бацька». У Дзень бацькі Тур прыдумаў Лукашэнку новы статус35

Мітрапаліт Веніямін назваў адну з першых спраў Грамадскай рады па маральнасці — адмянілі спектакль, які паказвалі 10 гадоў13

Як выглядаюць двары ў новым распіяраным жылым комплексе ВІДЭА9

Масква абяцае дапамогу Мінску на выбарах 2025 года «ў выпадку дэстабілізацыі»13

Украінскія беспілотнікі ўначы атакавалі тры расійскія спіртзаводы10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі13

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →