Кіраўнік Добрушскага раёна выратаваў хлопчыка, які тануў у віры на Іпуці, добрай парадай
Пра незвычайны выпадак, які адбыўся 15 чэрвеня, распавяло мясцовае выданне, заўважыў «Флагшток».
Старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Горбач распавёў «Дняпроўцу», што з пачаткам сезона адпачынкаў, канікулаў ён «цвёрда вырашыў» штодня аб'язджаць раён па несанкцыянаваных месцах для адпачынку і купання. І недарма.
— Падчас аднаго з аб'ездаў разам з кіроўцам мы ўбачылі школьнікаў, якія ўжо пачалі купацца. Спыніліся. Не магу сказаць нават дакладна, для чаго: ці то для таго, каб усё пракантраляваць, ці каб упэўніцца, што ўсё будзе добра. І бачым, што аднаго з хлопчыкаў пачало закручваць у вір, — расказвае чыноўнік.
— У нас на вачах пачаў апускацца пад ваду і захлынацца.
Хлапчук пачаў крычаць і клікаць на дапамогу. Імгненна мы прынялі рашэнне, што трэба ратаваць дзіця. Універсітэцкія веды тут жа ўсплылі ў галаве, мы адразу сталі гаварыць хлопчыку, што трэба рабіць, каб выратавацца, — расказаў Аляксандр.
«Школьнік зрабіў усё, як яму сказалі: расслабіўся, лёг на ваду, а калі цячэннем яго «паднесла» бліжэй да берага, пачаў хапацца за кусты, якія «цягнуцца» па ўсім беразе. Так яго дасталі з вады», — распавёў старшыня выданню.
Першае, што параіў Аляксандр Горбач школьніку, — супакоіцца і не панікаваць.
— Я бачыў, што ён ужо нахапаўся вады і вельмі моцна напалохаўся. У вачах чыталася паніка, — адзначыў Аляксандр Горбач.
«Старшыня райвыканкама падрабязна абмаляваў карціну здарэння ў прамым сэнсе гэтага слова на лістку паперы. А тое самае месца паказаў вадзіцель, з якім дапамагалі школьніку», — піша выданне.
«Дняпровец» удакладняе, што «Аляксандр Горбач атрымаў веды і навыкі па выратаванні тапельцаў у часе вучобы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на факультэце фізічнай культуры і спорту».
«Цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што ратавальнік — гэта яшчэ адна прафесія ў яго скарбонцы. Дарэчы, сам «выратавальнік» не лічыць свой учынак гераічным. Як выказаўся Аляксандр Горбач, гэта «проста працоўныя моманты», — піша выданне.
Каментары