Грамадства

«Выглядала, нібы яе набылі ў краме». Былы палітвязень расказаў пра гульню-настолку, створаную Пальчысам, сустрэчы за кратамі з вядомымі людзьмі і турэмных катоў — прыемных і не вельмі

Былы палітвязень расказаў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў няволі, пра жорсткія вобшукі ў камерах, пра настолку VOLODAROCHKA і катоў у СІЗА-1. 

Аляксандра (імя змененае) затрымалі ў снежні 2022 года разам з супрацоўнікамі офіса, дзе ён працаваў. Спачатку хлопца арыштавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, бо хлопец даслаў маці ў прыватным паведамленні навіну з незалежнага медыя. Пасля ў яго знайшлі фота з пратэстаў і ў выніку асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі». Пасля прысуду хлопец з’ехаў з Беларусі. За свае 113 дзён няволі ён сядзеў разам з палітзняволенымі Данілам Чулём, Андрэем Марачам і Іллёй Ш., а таксама бачыўся з Эдуардам Бабарыкам.

Андрэй Марач. «Няволя яго не зламала»

Андрэя Марача затрымалі 2 сакавіка 2021 года па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». 6 верасня 2022 года Андрэя асудзілі паводле ч. 1 арт. 342, ч. 2 арт. 285, арт. 341 Крымінальнага кодэкса на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Аляксандр патрапіў у СІЗА на Валадарскага ў снежні 2022 года. На той момант там ужо доўгі час знаходзіўся Андрэй Марач, які шмат камунікаваў з хлопцам.

«Андрэй — вельмі прыязны чалавек, з моцным характарам. Гэта чалавек са стрыжнем унутры. Ён шукаў у СІЗА кнігу Алана Кара «Лёгкі спосаб кінуць курыць». Шмат расказваў пра сваё захапленне рыбалкай. А таксама імкнуўся падтрымліваць сяброўскую атмасферу ў камеры. У размовах з Андрэем адчувалася, што ён моцна стаміўся і расчараваўся ў палітыцы. Але, нягледзячы на песімістычны настрой, няволя яго не зламала».

Ілля Ш. «Ён быў упэўнены, што не адсядзіць увесь тэрмін»

Іллю Ш. затрымалі яшчэ ў 2020 годзе. Спачатку яго абвінавачвалі па «эканамічным» артыкуле, аднак пазней артыкул змянілі на «палітычны».

«Ілля з’явіўся ў камеры на чацвёрты дзень майго там знаходжання. Гэта адзін з самых аптымістычных людзей, якіх я там сустрэў. Ён моцна мяне падтрымліваў, за што я яму вельмі ўдзячны. Ілля — чалавек, на твары якога заўсёды ўсмешка і які ў любы час гатовы падтрымаць размову. Ён любіў так іранічна ўяўляць, як нас усіх вызваляць. Мы абмяркоўвалі самыя розныя тэмы: ад твораў Салжаніцына і затрымання Іллі да эканамічных тэмаў і правілаў вядзення ўласнага бізнэсу. Аднойчы я нават склаў пра яго жартаўлівы радок, каб перадаць яго бадзёры настрой».

Хлопец згадвае абсурдныя фразы са справы Іллі, якую яны абмяркоўвалі ў камеры: «Ілля не ведаў аб змове Святланы Ціханоўскай, але ў думках падзяляў ідэі змоўшчыкаў, тым самым іх падтрымліваў».

Як кажа Аляксандр, Іллю вельмі матывуе ягоная сям’я. Ён расказваў пра сваю жонку і трох сыноў і шмат разоў паўтараў, што жонка для яго — самы любімы чалавек і найлепшая сяброўка.

Ілля ставіўся да свайго яшчэ будучага суда з аптымізмам і не губляў надзеі.

«Ён жартуючы сказаў, што расстроіцца, калі яму дадуць меней за 10 гадоў. «Я ж таксама круты чувак. Будзе несправядліва, што ўсім даюць па 15 гадоў, а мне толькі якіх-небудзь шэсць», — казаў Ілля.

Ён быў упэўнены, што не адсядзіць увесь тэрмін, бо, як ён казаў, на волі ёсць людзі, якія змагаюцца за ўсіх тых, хто цяпер за кратамі».

Жорсткія праверкі ў СІЗА-1

У пачатку студзеня 2022 года ў СІЗА-1 на Валадарскага прайшла хваля вобшукаў. Па словах Аляксандра, іх камера была адной з першых, да каго прыйшлі з ператрусам. Раней публікаваліся сведчанні іншых вязняў пра гэтую серыю ўзмоцненых праверак. Хлопец кажа, што да іх прыехалі «маскі-шоу» — сілавікі ў балаклавах.

«17 студзеня да нас прыехаў сам Рабецкі [Уладзімір Рабецкі — адзін з кіраўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў, — заўв. рэд.]. Гэта садзюга, якіх яшчэ трэба пашукаць. Ён адыграўся на нас усіх. Мяне ён паставіў у позу «ластаўкі» толькі за тое, што я на яго азірнуўся падчас вобшуку.

Усе правяраючыя былі ў параднай форме, у Рабецкага на грудзях нават вісеў нейкі медаль. Гэта дадавала жаху да ўсяго іншага. Было бачна, што ён упіваецца сваёй пасадаю і ўладай».

Карцар за непаголенасць

Аляксандр згадвае тыповыя метады ціску адміністрацыі ізалятара на палітвязняў. Паводле яго слоў, у СІЗА шмат хто ведаў пра бадзёры настрой Іллі і яго гатоўнасць адстойваць свае правы на судзе. Таму перад судом яго неаднойчы адпраўлялі ў карцар.

«Я сядзеў у камеры насупраць так званых «хрысцінаў» — памяшкання, дзе выпісваюць парушэнні перад адпраўкай у карцар — і бачыў, як Іллю заводзілі туды некалькі разоў. Спачатку яму далі 10 дзён карцара. Па вяртанні яму адразу ж давалі тры парушэнні, і ён зноў адпраўляўся ў карцар. Агулам Ілля прабыў там амаль месяц запар па абсурдных нагодах, адна з якіх — непаголенасць. Марач прабыў у карцары як мінімум 10 дзён».

Настолка VOLODAROCHKA

Настольная гульня VOLODAROCHKA, намаляваная па памяці былым вязнем

«У маёй камеры ў 2021 годзе сядзеў Эдуард Пальчыс, які разам з Іллёй зрабіў настольную гульню. Гэта была гульня-хадзілка, сцэнар якой заснаваны на негалосных правілах жыцця зняволеных і турэмным слэнгу. Напрыклад, калі гульнявая фішка трапляе на ячэйку з назвай «Карцар», гулец прапускае пэўную колькасць крокаў. На той момант разам з хлопцамі ў камеры быў гейм-дызайнер. Ён вельмі падрабязна распрацаваў і аформіў гульню. Выглядала, нібы яе набылі ў краме. Пазней мне перадалі гульню, каб я яе захаваў. Але, на жаль, у мяне скралі рэчы разам з настолкаю».

Пра Данілу Чуля

Данілу Чуля затрымалі 2 сакавіка 2021 года па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». 6 верасня 2022 года Данілу асудзілі паводле арт. 342, ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

«Пасля некалькіх ператрусаў Іллю Ш. і Андрэя Марача перавялі ў іншую камеру, а да нас падсялілі палітвязня Данілу Чуля. Высветлілася, што ў нас з ім шмат агульных інтарэсаў: поп-культура, гульні і фільмы. Наогул гэта адзін з самых вясёлых людзей, якіх я ведаю. Даня ведаў, калі трэба было дадаць троху чорнага гумару. Ён дзяліўся, што пасля вызвалення хоча займацца стэндапам.

Я вучыў яго англійскай мове. Мая нявеста дасылала мне ў лістах тэксты англамоўных песень. Гэта былі песні такіх гуртоў, як Foals, Cage the elefant, штосьці з AC/DC.

А аднойчы да нас патрапіў сапраўдны артэфакт — слоўнік вульгарнай англійскай мовы. Кніга нас вельмі забаўляла».

Як кажа Аляксандр, у Данілы быў баявы настрой. Свой суд ён успрымаў проста як абсурдную камедыю. «Я хадзіў на пасяджэнні па сваёй справе толькі таму, што мяне туды вадзілі. І таму, што там уключалі музыку з нашай медыятэкі», — расказваў Даніла Чуль Аляксандру. Адна з песень, якую Даня ведаў на памяць і спяваў, была «Молодая семья» гурта «Порнофильмы».

У Данілы на волі ёсць сабака па мянушцы Булка, якую хлопец узяў з прытулку. Як кажа Аляксандр, узяць дамоў беспрытульную жывёлу — сапраўдны ўчынак.

«Даня захапляецца body modification. Ён шмат расказваў пра тату і пірсінг. Адна з самых запамінальных і нетыповых яго татуіровак — надпіс на назе «Вітаю супрацоўнікаў морга». Таксама Даніла шмат расказваў пра свае заняткі ролерным спортам і трукі на роліках, якія ён можа выканаць».

У верасні 2022 года Данілу вынеслі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», але толькі ў сакавіку 2023 года ён пачаў адбываць пакаранне. Паўгода ён чакаў вынік апеляцыі. Гэта максімальна магчымы тэрмін разгляду апеляцыйнай скаргі.

Аляксандр кажа, што па сканчэнні тэрміну апеляцыі Данілу не адразу прынеслі паперы з суда. Сукамернікі падумалі, што, магчыма, Данілу змянілі прысуд. Да таго ж у камеру дайшла навіна аб тым, што Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку зменшылі прысуд на невялікія тэрміны.

Усе сукамернікі Данілы, чакаючы вынік апеляцыі, вельмі спадзяваліся, што кожнаму са справы «Рэвалюцыйнага дзеяння» хоць і нязначна, але зменшаць тэрміны. Кожны дзень, праведзены за кратамі, адчувальны для вязня. У выніку Данілу пакінулі прысуд без зменаў.

«Самае жудаснае, што адбываецца з палітвязнем — гэта ІЧУ на Акрэсціна». Пра ўмовы ў камеры

На пытанне пра ўмовы ў СІЗА Аляксандр адразу згадвае свой арыштанцкі досвед у ІЧУ на Акрэсціна. Кажа, што ў параўнанні з ІЧУ «Валадарка» — «лайт».

«На «Валадарцы» супрацоўнікі ставяцца да зняволеных больш па-людску. Вядома, я ні ў якім разе не збіраюся дзякаваць адміністрацыі СІЗА. Але яны хаця б не імкнуліся наўмысна пагоршыць нашы ўмовы, як гэта было ў ізалятары на Акрэсціна.

У СІЗА існуе так бы мовіць уласная «экасістэма», негалосная сістэма правілаў. Усім палітвязням адразу ўводзяць забарону на ліставанне. Але мне пашанцавала, я лісты атрымліваў. Разам са мною сядзеў хлопец па арт. 342 КК. Яму за тры месяцы прыйшло 15 лістоў, а мне за такі ж тэрмін — 113».

Самае жудаснае, кажа хлопец, што адбываецца з палітвязнем — гэта ІЧУ на Акрэсціна.

«Гэта быў самы жудасны час маёй адседкі. Мне яшчэ пашанцавала правесці там толькі чатыры дні. Звычайна людзі сядзяць у ІЧУ як мінімум 10 сутак.

Я сядзеў у камеры плошчай 1 на 2 метры, разлічанай на адну асобу. Але разам са мною там знаходзіліся 11 чалавек. Мы спалі па чарзе, бо папросту не хапала месца ўсім адначасова легчы».

Аднойчы а першай гадзіне ночы да Аляксандра ў камеру прывялі мужчыну ў касцюме. Сваім дзелавым стылем ён моцна кантраставаў з бруднымі і барадатымі арыштантамі. Іх новы сусед быў у шоку і не разумеў, што адбываецца. Сукамернікі адразу ў яго запыталіся: «Палітычны?» — «Не, эканамічны», — адказаў мужчына.

Усе троху здзівіліся, а адзін з сукамернікаў упэўнена сказаў, што яго зранку забяруць. Так і адбылося. Як кажа Аляксандр, мужчыну папужалі, паказалі, як можа быць, калі той не будзе супрацоўнічаць са следствам. 

Пра Эдуарда Бабарыку

У СІЗА Аляксандру давялося сустрэцца з Эдуардам Бабарыкам.

«Гэта адбылося пасля таго, як ад нас забралі Іллю Ш. Мы спаткаліся з Эдуардам «на кабінетах», куды вязняў водзяць на сустрэчы з адвакатамі. У яго быў стомлены позірк, але Эдуард не глядзеў долу, як робяць многія іншыя вязні, а ўпэўнена стаяў з паднятаю галавою. Ён склаў уражанне моцнага чалавека».

Пра катоў на Валадарцы

«Быў выпадак, калі мяне вяла на сустрэчу з адвакатам дзяўчына-канваірка. Мы спыніліся на лесвічным пралёце, дзе сядзела маленькае кацяня.

Я ўбачыў, што супрацоўніца пачала замілоўвацца, тады я наважыўся папрасіць дазволу ў таварыша начальніцы пагладзіць кацяня. На маё здзіўленне, яна дазволіла. Увесь час чакання адваката я лашчыў кацейку. Гэта здарылася ў тыя часы, калі я цяжэй за ўсё перажываў свой арышт».

Аляксандр прыгадвае іншы выпадак сустрэчы з катамі ў СІЗА.

«У камеры мы захоўвалі мясныя прадукты ў «лядоўні» — халодным месцы за акном. Камера была на першым паверсе.

Неяк ноччу мы чуем, як па жалезным борціку за акном штосьці грукнула. Я падышоў да акна і ўбачыў каціную лапу. Кот учапіўся ў палку каўбасы, пакінутую за акном, і драпануў з ёю прэч».

Чытайце таксама:

Былы палітвязень Зміцер Фурманаў пайшоў працаваць у дастаўку ежы

Стукацтва пачынаецца на волі. Пра стукачоў у СІЗА і калоніі піша Алег Груздзіловіч

У палітвязня ў турме здарыліся інфаркт і інсульт, але яго ўсё адно адправілі ў калонію. Стала вядомая чарговая гісторыя пра бесчалавечнасць сістэм

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць3

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала19

Палітзняволенага журналіста Ігара Карнея зноў будуць судзіць

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць3

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →