Культура1010

У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл? 

Касцёл Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыі чакае маштабны капрамонт. Падрыхтоўка да рамонтна-аднаўленчых работ у Чырвоным касцёле раней ужо стала фармальнай падставай да закрыцця храма для богаслужэнняў. 

Капліца і касцёл Узвіжання Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Фота: Wikimedia Commons

Паводле інфармацыі на Goszakupki.by, прадпрыемства «Мінская спадчына», якое займаецца будаўніцтвам, рэканструкцыяй, рэстаўрацыяй і аднаўленнем аб'ектаў на тэрыторыі гістарычнага цэнтра горада Мінска (але, як бачым, не толькі), плануе правесці абследаванне тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый і інжынерных сістэм перад пачаткам капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй і рэстаўрацыяй касцёла Узвіжання Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і ўваходнай брамы, размешчаных на тэрыторыі мінскіх Кальварыйскіх могілак.

Кальварыйскія могілкі на паштоўцы пачатку XX стагоддзя

Кальварыйскія могілкі паўсталі на ўзгорку каля дарогі на Ракаў у XVIII стагоддзі. Узгорак той звалі Святым месцам. У часе пасяджэння капітула кармелітаў у 1745 годзе ў Лідзе мінскі канвент атрымаў дазвол на заснаванне Кальварыі — святога месца, куды сцякаюцца натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Праз пяць гадоў тут быў пастаўлены драўляны касцёл.

Кальварыйская брама з магільнай атрыбутыкай на фасадах. Фота: Wikimedia Commons

У 1836 годзе стары драўляны касцёл на Кальварыйскіх могілках згарэў. На яго месцы, дзякуючы фундацыі Паўлікоўскіх, у 1839 — 1841 гг. пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі псеўдаготыкі. Гэта быў адзін з двух каталіцкіх храмаў, якія былі ўзведзены ў Мінску на працягу XIX стагоддзя, другім быў касцёл на Залатагорскіх могілках. У крыпце пад Кальварыйскім касцёлам пахаваны мастак Ян Дамель і мінскі біскуп Матэвуш Ліпскі.

У 1830 годзе па фундацыі Кабылінскіх на ўваходзе на могілкі пастаўлена класіцыстычная брама з магільнай атрыбутыкай.

Капліца-пахавальня біскупа Паўла Равы. Фота: Wikimedia Commons

Кальварыйскія могілкі адрозніваюцца незвычайнай колькасцю капліц-пахавальняў, якая можа параўнацца хіба што толькі з віленскімі могілкамі Росы. Некалькі капліц пабудавана ў стылістыцы класіцызму, сярод іх вылучаецца пахавальня біскупа Паўла Равы, іншыя — у неагатычным стылі і нават у стылі мадэрн. 

Пахавальня, з якой звязана легенда пра прывід маладой дзяўчыны. Фота: Wikimedia Commons

З адной з кальварыйскіх пахавальняў, дарэчы, звязана містычная гісторыя, пра якую нам калісьці распавёў краязнавец Павел Дзюсекаў:

«Позняй восенню памерла маладая дзяўчына. Яе вырашылі пахаваць на Кальварыйскіх могілках. Паклалі ў труну, адпелі, замуравалі ў склепе. Але аказалася, што паненка не памерла, а заснула летаргічным сном. Прачнуўшыся, дзяўчына так і не змагла выбрацца з гэтай смяротнай пасткі. З тых часоў яе прывід у познія лістападаўскія ночы блукае па могілках. Кажуць, што ў 1980-я склеп адкрылі і знайшлі там шкілет жанчыны, якая сядзела ў куце і сціскала ў руках свае валасы. Адны кажуць, што пасля таго прывід знік, іншыя ж упэўнена сцвярджаюць, што да сёння бачаць белую постаць, якая блукае між магіл».

Капліца ў стылі мадэрн. Фота: Wikimedia Commons

Большасць капліц выдатна захавалася. На мадэрнавай капліцы, напрыклад, засталіся і металічныя дзверы з накладнымі філёнгамі, і металічныя рамы вітражоў. Не пашчасціла толькі адной з гатычных капліц, ад якой за апошнія дзесяцігоддзі засталося толькі некалькі кавалкаў прасценкаў. Ахоўны статус могілак як помніка гісторыі не дазволіў гэтыя рэшткі «ўпарадкаваць» (чытай — знесці), як тое было зроблена ў 2012 годзе з рэшткамі пахавальні сям'і Вярыгаў на могілках Крупцы, што выходзяць на «ўзорны» кавалак праспекта Пераможцаў каля Драздоў.

Капліцы каля агароджы могілак, справа — пахавальня роду Віткевічаў, пра што сведчыць захаваная над уваходам шыльда. Фота: Wikimedia Commons

Але і на Кальварыйскіх могілках не ўсё добра з захаваннем. Нягледзячы на ахоўны статус усяго комплексу, у межах заканадаўства аб пахаваннях тут перыядычна выкідаюць на сметніцу старыя крыжы і агароджы з пахаванняў, за якімі няма догляду. Апошні такі выпадак здарыўся ў ліпені 2021 года. У гэтым плане сітуацыя вельмі нагадвае добраўпарадкаванне Вайсковых могілак, зачысткай якіх у свой час абурылася беларуская грамадскасць і прафесійная супольнасць. 

Цагляная капліца ў цэнтральнай частцы могілак. Фота: Wikimedia Commons

Пачатак абследаванняў, які мусіць пацягнуць за сабой падрыхтоўку да рамонтна-аднаўленчых работ, з аднаго боку, пазітыўны крок да захавання нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Але з другога боку, тая ж прычына, правядзенне абследаванняў і рамонтных работ пасля дзіўнага невялікага пажару сталі фармальнай прычынай да закрыцця ў верасні 2022 года Чырвонага касцёла ў Мінску. Гэтая мера, відавочна, была выклікана не столькі вытворчай неабходнасцю і думкамі пра бяспеку вернікаў, колькі жаданнем пакараць Каталіцкую царкву, што захоўвае сваю незалежнасць. Звесткі пра пагрозы адабрання храмаў паступалі таксама з Магілёва і Бабруйска.

Старыя агароджы, выкінутыя на сметнік. Фота: тэлеграм-каналы

Як і ў выпадку з Чырвоным касцёлам, тут ізноў фігуруе «Мінская спадчына». Таму ўзнікае справядлівае пытанне, ці не стануць работы на мінскай Кальварыі афіцыйнай нагодай для закрыцця касцёла Узвіжання Святога Крыжа, то-бок чарговай рэпрэсіўнай мерай супраць беларускіх каталікоў?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ







Каментары10

  • Нунцыята
    01.06.2023
    Што значыць "чарговай рэпрэсіўнай мерай супраць беларускіх каталікоў"? У нас усё добра! Нават у Бабруйску пацвердзяць - https://www.facebook.com/Adnaulennie/posts/1516563018749363
    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/318122#startcomments
  • Рэальнасьць
    01.06.2023
    У пачатку ХХ стагодзьдзя бальшавікі перасьледавалі вернікаў у Беларусі. Цяпер, на пачатку ХХІ стагодзьдзя, лукашысты перасьледуюць вернікаў. яГэта вяртаньне ў бязбожныя савецкія часы. Дыктатуры ненавідзяць рэлігію бо дыктатары прэтэндуюць на месца Бога як аб'екта найвышэйшае вернасьці чалавека, а таксама бо рэлігія натхняе сумленьне, якое дзяржава ня можа кантраляваць.
  • Эннот
    01.06.2023
    Рэальнасьць , вы серьезно верите ,что существует бог ?
    и в то ,что священнослужители,без привязки к конфессии,
    Являются некими ставленниками бога?

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →