Самы дарагі, трагічны, містычны. І іншыя незвычайныя помнікі на Кальварыйскіх могілках ФОТЫ
Кальварыйскія могілкі — самае старое месца пахавання ў Мінску. Адны даследчыкі лічаць, што святароў і іншых важных асоб хаваць тут пачалі ў 1745 годзе, а ў 1796-м сталі хаваць і простых гараджан. Іншыя знаўцы сцвярджаюць, што пахаванні тут адбываліся яшчэ ў 16-м стагоддзі.
На Кальварыйскіх могілках пахаваныя Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Янка Лучына, Ян Дамель, Ян-Баляслаў Луцкевіч (бацька заснавальнікаў «Нашай Нівы»). Тут месцяцца брацкія магілы часоў Першай і Другой сусветных войнаў, тут знашлі спачын і салдаты напалеонаўскай арміі.
Ад 2004 года Кальварыйскія могілкі вывучае краязнаўца Павел Дзюсекаў. Павел кажа, што хоць і прайшло ўжо 15 год, але ён усё адно кожны раз адкрывае для сябе штосьці новае.
«Тут больш за 30 тысяч пахаванняў. Іх не тое, што даследаваць, іх абысці ўсе немагчыма! Налета я планую зладзіць на могілках талаку, падобную той, якая ладзілася на Вайсковых могілках. Па-добраму, тут усе помнікі трэба давесці да ладу: вырваў, пачысціў, паставіў. Тых, што асабліва патрабуюць догляду, набярэцца з 15 тысяч. Уявіце, колькі гэта працы», — тлумачыць Павел.
Мы ідзём з Паўлам уздоўж галоўнай алеі. Ён звяртае ўвагу амаль на ўсе помнікі:
«Вось у выглядзе дрэва з абсечанымі галінамі — гэта Разаліі Кастэлян, вось тут пахаваны Ян-Баляслаў Луцкевіч, бацька Антона і Івана Луцкевічаў. Наогул, на цэнтральнай алеі простых людзей не хавалі. Глядзіце, помнік Уладзіславу Дзярневічу пастаўлены ў 1911 годзе, а выглядае так, нібыта пастаўлены ўчора. Ніводнай драпіны! А між тым, помнік перажыў дзве вайны. Цікава, што на падножжы захавалася імя майстра: «І. Міхедка». Вось такую рэкламу пакінуў майстар. А што? Якасная праца, помнік і ў 2018 выглядае годна».
Самы стары помнік на цэнтральнай алеі пастаўлены ў 1862 годзе, зроблены ён у выглядзе аркуша паперы.
Помнік-эпоха
Ёсць справа на цэнтральнай алеі помнік, які Павел Дзюсекаў называе помнікам-эпохай.
«Для мяне гэта самы трагічны помнік. Тут пахаваная Марыя Віткоўская з Янчэўскіх. Па-першае, цікава, што ў пачатку стагоддзя на помніку пісалі дзявочае прозвішча жанчыны, якая пахаваная. Цяпер такога няма».
На помніку няма ўкрыжавання, няма і фотаздымка той Марыі з Янчэўскіх, якая пражыла ўсяго 40 год.
«Гэта страшная бяда, што з помнікаў нехта мэтанакіравана выдзіраў фотаздымкі. Няма партрэта. І мы цяпер наўрад ці калі даведаемся, як выглядаў чалавек, што тут пахаваны».
Марыя Віткоўская памерла 7 сакавіка 1914 года. Акурат перад пачаткам Першай сусветнай.
«Глядзіце, на помніку напісана: «Памяць мужа». Значыць, помнік ставіў муж, а месца побач пустое. Яго тут ужо не хавалі. Пачалася вайна, хто ведае, куды яго занёс лёс. Так і ляжыць Марыя Віткоўская з Янчэўскіх тут, ужо 104 гады чакае мужа».
Самы стары помнік і помнік мінскаму доктару
Побач з касцёлам узвышаецца манумент з чырвонага каменю, які быў тут пастаўлены, уявіце сабе, у 1808 годзе. Гэты помнік на магіле сясцёр Юзэфы і Тэафіліі Амульскіх.
200 год таму тут хавалі блізкіх, тут развітваліся, тут плакалі, тут рабілі помнікі, каб яны і праз стагоддзі нагадвалі пра тых, хто тут пахаваны.
Напрыклад, помнік Зыгмунту Свянціцкаму.
«Наўрад ці шмат хто ўспомніць, што жыў у Мінску знакаміты лекар, гаспадар даходнага дома. А дом той стаіць і сёння: вуліца Карла Маркса, 30, дзе знаходзіцца музей Петруся Броўкі».
Зыгмунд Свянціцкі пабудаваў гэты дом. Да пераезду ў Мінск доўгі час жыў у Гродне. Мусіў нават ажаніцца з Элізай Ажэшкай, але нешта ў іх не заладзілася, пасварыліся, і Зыгмунд вярнуўся ў Мінск.
«Паглядзіце на прозвішча на помніку, што стаіць побач са Свянціцкім: Марыя з Міцкевічаў Свянціцкая. Так, гэта родная пляменніца Адама Міцкевіча. Яна жыла ў Мінску і была замужам за доктарам Свянціцкім».
Адзін помнік на дзвюх жанчын, якія ніколі не былі знаёмыя
Шмат пахаванняў на Кальварыйскіх могілках адносяцца да часоў Другой сусветнай вайны. Як правіла, гэта сціплыя крыжы з простымі надпісамі: «Памёр у 1943-м годзе», «Забітая ў 1942-м». Шмат помнікаў маленькім дзеткам, якія пражылі годзік, два.
Сярод гэтых крыжоў ёсць помнік, на якім ад рукі надрапана, што тут пахаваная Антаніна Іванаўна Петрусевіч, якая памерла ў 1944 годзе.
«А цяпер зірніце на адваротны бок помніка. На ім надпіс на іўрыце. Гэты помнік, відаць, вайной перацягнулі з могілак, што месціліся ля тэатра музычнай камедыі. Тут напісана:
«Гэты камень, які мы паставілі надмагільнай стэлай, будзе помнікам дарагой душы бязгрэшнай, чыстай і прамой, якая пахавана пад ім. Гэта стэла над магілай Рахель Леі, дачкі Хаіма Залмана, жонкі Эліэзера Шлосберга, (якая) памерла ў росквіце сіл (літаральна «у крыві дзён яе» — выраз азначае заўчасную смерць) 22 чысла месяца шват [5]677 года (14.02.1917 г. па Грыгарыянскім календары). Хай будзе душа яе завязана ў вузле жыцця вечнага».
Вось так дзве абсалютна чужыя жанчыны ўжо амаль стагоддзе дзеляць адзін помнік на дваіх.
Склеп, побач з якім да сёння блукае прывід
За некалькі стагоддзяў Кальварыйскія могілкі абраслі шматлікімі легендамі. Самая знакамітая з якіх — пра Белую Панну.
Павел вядзе да склепа, дзе больш за стагоддзе таму здарылася трагедыя, і расказвае:
«Позняй восенню памерла маладая дзяўчына. Яе вырашылі пахаваць на Кальварыйскіх могілках. Паклалі ў труну, адпелі, замуравалі ў склепе. Але аказалася, што паненка не памерла, а заснула летаргічным сном. Прачнуўшыся, дзяўчына так і не змагла выбрацца з гэтай смяротнай пасткі. З тых часоў яе прывід у познія лістападаўскія ночы блукае па могілках. Кажуць, што ў 1980-я склеп адкрылі і знайшлі там шкілет жанчыны, якая сядзела ў куце і сціскала ў руках свае валасы. Адныя кажуць, што пасля таго прывід знік, іншыя ж упэўнена сцвярджаюць, што да сёння бачаць белую постаць, якая блукае між магіл».
Не ведаю, ці тое праўда, але чамусьці, калі знаходзішся побач з гэтым месцам, адчуваеш сябе вельмі няўтульна.
«З дзяцінства ў вечнасць»
Такі надпіс можна пабачыць, бадай, на самым прыгожым помніку Кальварыйскіх могілак.
Помнік 15-гадовай Машы Іньковай, дачцэ скульптара Міхаіла Інькова, якая загінула на Нямізе ў 1999 годзе. На ім Маша ў вобразе нявесты. Помнік кранае сваёй веліччу і адначасова трагічнасцю. На ім — шчырыя словы несуцешных, забітых горам бацькоў.
Побач з Машай пахаваныя і тыя, хто, як і яна, не змаглі выбрацца з натоўпу ў падземным пераходзе: Насця Саўко, Андрэй Кулак, Святлана Лобан, Людміла Шкрудзэ, Генадзь Рабаконь.
І адзіны манумент для тых, хто, як і Маша, пайшоў з дзяцінства ў вечнасць.
На могілках у дзень, калі мы сустракаліся з Паўлам Дзюсекавым, было шумна. Рабочыя спілоўвалі старыя дрэвы. Да памерлых прыходзілі сваякі.
«Кальварыя можа быць вельмі годным турыстычным аб’ектам, — кажа Павел. — Галоўнае, каб былі людзі, якім не ўсё адно, каб былі гатовыя да таго, што за могілкамі патрэбны догляд, каб і яшчэ праз 200 гадоў можна было прачытаць на помніку, хто тут знайшоў вечны спачын».
Калі мы з Паўлам сыходзілі з могілак, мне на вочы трапілася постаць бабулі, якая ў хатніх тапачках сядзіць на крэсле.
Побач з ёй — кашпо з кветкамі. Гэта помнік мінчанцы Ядвізе Вінагоравай.
Ён у цэлым шэрагу адзін такі, сярод ужо зарослых магіл і пагнутых крыжоў. Здаецца, нібыта гэтая бабуля сочыць за тым, ці ў парадку Кальварыя.
Каментары