Грамадства110110

Без Пазняка і Сахашчыка, з нервовымі дыскусіямі паміж Латушкам і Ягоравым. Як праходзіла канферэнцыя «Новая Беларусь»

Падчас сёлетняй канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні гучала шмат розных прапаноў: часткова прызнаць легітымнасць Лукашэнкі ў абмен на выхад палітвязняў, даць 10 тысяч даляраў таму, хто прыдумае, як мабілізаваць грамадства… «Наша Ніва» пабывала там і расказвае, што трапіла ў кадр, а што засталося за ім.

Ці былі Пазняк і Сахашчык?

Перад пачаткам сёлетняй канфэрэнцыі падавалася, што можа выбухнуць. Размова не аб правакацыях, канечне, пра якія папярэджваў Аляксандр Азараў (хоць ахова дзяжурыла), а пра атмасферу пасля абмену вязнямі паміж Захадам і Расіяй, у які не было ўключана ў спісы ніводнага беларуса. Пра гэта спрачаліся і на сцэне, і ў кулуарах.

«Пару дзён таму, калі адбыўся абмен закладнікамі паміж Расіяй і ЗША, многія спадзяваліся, што мы ўбачым сярод імёнаў Марыю Калеснікаву, Анджэя Пачобута або Ігара Лосіка, — сказала Святлана Ціханоўская на пачатку канферэнцыі. —

Апярэджваючы ўсе пытанні, я скажу: мы не ведалі і не ўдзельнічалі ў працэсе гэтых перамоў, каб паўплываць на іх вынікі. Але сам факт такога абмену з'яўляецца важным прэцэдэнтам, які мы спрабуем выкарыстоўваць у перамовах аб вызваленні беларусаў у будучыні».

На канферэнцыю сёлета зарэгістравалася каля 600 чалавек. Зала ў першы дзень была поўная, хоць, відавочна, дайшлі не ўсе — з улікам журналістаў чалавек з 300. Былі прадстаўнікі розных палітычных структур, блогеры і былыя палітвязні, праваабаронцы, «Байпол» і «Белпол», былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і былы пасол Польшчы Артур Міхальскі. Блогер Аляксандр Кабанаў рассякаў на фоне гасцей у гарнітурах у чорным спартыўным касцюме «Адыдас». Беларускі студэнт з Амерыкі вылучаўся ярка-салатавым манікюрам з надпісам «Камала 2024». Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі — элегантным гальштукам з вітражамі Шагала.

Блогер Аляксандр Кабанаў не звяртае ўвагу на фармальнасці. Фота: «Наша Ніва»

Кіраўнік віленскага бюро Фонду Адэнаўэра Якаб Валенштайн, які запісвае рэп пра Беларусь, прыехаў у цішотцы з жартаўлівым надпісам «I’m Here For the Selfie With Sveta». Фота зрабіў.

Якаб Валенштайн у цішотцы з надпісам «Я тут дзеля сэлфі са Светай». Фота: Якаб Валенштайн

Зянон Пазняк — не прыехаў. Хоць яго, кажуць, запрашалі паўдзельнічаць у адной з дыскусій. Зрэшты, многіх публічных персон не назіралася ў зале. 

Не было і ранейшага «міністра абароны» ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Валера Сахашчыка. Генадзь Манько, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, у размове з «Нашай Нівай» расказаў, што ён быў адным з тых, хто прасоўваў Сахашчыка ў Кабінет. Але пасля ў іх здарыўся канфлікт:

«Ён выказваў прэтэнзію, што ўся негатыўная інфармацыя з Украіны пра яго ідзе ад мяне, спрабаваў атрымаць ад мяне выбачэнні. Я яму кажу: дружа, мы ж не на сцэне, я як прадстаўнік Ціханоўскай ва Украіне пішу справаздачы. І пазначаю, што Палка «Пагоня» фактычна не існуе, падраздзяленне не ўдалося развіць на базе Другога легіёна», — дзеліцца Манько.

Па яго словах, людзі з Палка «Пагоня» ўвайшлі ў іншыя ўкраінскія падраздзяленні. Заяву Сахашчыка, што гэта не склалася праз палітычныя гульні Украіны з Лукашэнкам, Манько называе памылкай.

«Можа быць, у яго ёсць нейкая інфармацыя, якой я не ведаю… Ён разумны чалавек, дасведчаны прафесійны вайсковец… Але тое, што ён спрабаваў зрабіць, яму не ўдалося. (…) Памылка была ў тым, што заявы рабіліся гучныя, але гэтага не было. Ён заяўляў, што шмат месяцаў быў на фронце, але гэта няпраўда».

Сваю ж дзейнасць ва Украіне Манько ацаніў пазітыўна. 

«Я лічу, што мне ўдалося змяніць стаўленне добраахвотнікаў да дэмакратычных структур. На старце яно было надзвычай радыкальнае. Пацвярджэннем гэтым зменам можа быць тое, што рух «Каліноўцы» гатовы працаваць з Кабінетам Ціханоўскай. Я быў адным з падпісантаў звароту на імя Зяленскага, каб быў прызначаны спецпрадстаўнік Украіны па Беларусі — былы пасол Ігар Кізім. Склаліся добрыя адносіны з групай «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны», — пералічыў ён сціпла.

Што рабіць з палітвязнямі і хто вінаваты

На першай дыскусіі абмяркоўвалі галоўныя выклікі. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што беларускае пытанне шмат у чым залежыць ад геапалітычнага раскладу і сітуацыі ва Украіне. 

«Наша задача — павялічыць прысутнасць Беларусі ў міжнародным парадку дня. Але для гэтага важна, каб дзейнічалі людзі — і ўнутры краіны, і за мяжой. (…) 2020 год ужо ў прынцыпе забыты, ніхто не памятае пра нашы пратэсты. Таму нам патрэбныя новыя поспехі. (…) Нам трэба захоўваць суб’ектнасць. Каб мы былі не на стале, а за сталом перамоў».

Павел Латушка панаракаў, што за мяжой мала беларусаў на акцыях і заклікаў іх прыходзіць, а калі баяцца за сваю бяспеку — прыходзіць у масках і акулярах. У 2025-м, казаў палітык, трэба даказаць, што 2020 год не быў выпадковасцю.

Пазіцыя Латушкі такая: байкот і цішыня на выбарах выгадныя рэжыму, таму трэба ісці і галасаваць супраць усіх. «Галасаванне супраць усіх не прывядзе да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці», — перакананы ён. 

«Ці гатовы мы сказаць: усё скончана, мы становімся на калені перад Лукашэнкам, просім прабачэння? Я, Павел Латушка, ніколі гэта не зраблю. Я буду працягваць змагацца», — выказаўся ён.

Новая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава паабяцала, што для КР будзе прыярытэтам вызваленне палітвязняў, эвакуацыя былых зняволеных, адкрытасць Еўропы да беларусаў. 

«Вось вы глядзіце на мяне і думаеце: што гэты малады палітык можа? Так, у мяне мала досведу. Але падыміце руку ў гэтай зале, хто мае паспяховы досвед па звяржэнні дыктатуры?» — звярнулася Мельнікава.

Анжаліка Мельнікава. Фота: «Наша Ніва»

Яна згадала, што раней займалася кікбоксінгам і разумее, што для перамогі трэба не толькі абараняцца, але і наносіць удары. Дэмсілам важна расказваць беларусам, якой будучыні яны хочуць для іх, лічыць спікерка.

«Кажуць, у вас няма канкрэтнага плану. У спарынгу не папярэджваюць суперніка аб удары. Ніхто не раскрывае свае дзеянні», — правяла паралель Мельнікава і папрасіла ўсіх не нагнятаць.

Алена Жываглод з ініцыятывы «Сумленныя людзі» гаварыла пра тое, што апазіцыі трэба выходзіць са сваёй бурбалкі і больш працаваць, каб даводзіць інфармацыю да людзей унутры краіны. Мельнікава яе падтрымала.

Алена Жываглод. Фота: «Наша Ніва»

«Мы тут не прадаем газіроўку, але пашырэнне аўдыторыі — вельмі важная рэч», — сказала Мельнікава, якая раней была адным з топаў беларускай «Кока-Колы». І прапанавала арганізаваць прэмію — на самую лепшую думку па мабілізацыі грамадства. «Пакладу сама 10 тысяч даляраў!» — паабяцала яна скінуцца ў прызавы фонд.

Былы спікер КР Андрэй Ягораў пасля выбараў у Раду рашыў, што кола прыхільнікаў перамен звузілася да дзясяткаў тысяч чалавек. Раскрытыкаваў санкцыйны ціск, які не прывёў да чаканых вынікаў. «Калі мы робім гэта некалькі гадоў і гэта прыводзіць да адваротных вынікаў, значыць, трэба мяняць стратэгію». А пасля здзівіў прапановай:

«Я б прызнаў легітымнасць таго, што адбываецца ў Беларусі. Я б абмяняў прысутнасць еўрапейскіх паслоў у Беларусі, калі гэта дазваляе вызваляць палітвязняў у масавым парадку і рухаць сітуацыю ў Беларусі да больш спрыяльнай для дзейнасці грамадзянскай супольнасці».

Латушка не стрымаўся і гнеўна кінуў Ягораву, што калі той хоча прызнаць Лукашэнку, то няхай, а ён сам, Латушка, не гатовы.

«Я б прызнаў каго заўгодна, нават Ягорава з Латушкам, калі б гэта дапамагло выйсці палітвязням», — пакінуў хтосьці каментар да трансляцыі.

Аляксей Лявончык і Андрэй Стрыжак. Фота: «Наша Ніва»

На пытанне агенцтва «Позірк», чаму ў абмене вязняў не было нашых, Латушка адказаў:

«Гэта была дамоўленасць паміж ЦРУ, ФСБ і СВР — усё. Джо Байдэн і Камала Харыс асабіста пераконвалі Олафа Шольца, каб ён зрабіў тое, што зрабіла Германія. Таму мы не былі ўключаныя ў гэты працэс».

Прэтэнзіі, што дэмсілы зрабілі недастаткова для гэтага, ён успрымае ў штыкі. 

«Мне вельмі баліць, што ў гэтым абмене няма беларускіх палітвязняў. Але гэтаксама баліць і палякам. Чаму быў выдадзены Пабла Гансалес — Павел Рубцоў, агент расійскай СВР, які дзейнічаў пад прыкрыццём іспанскага журналіста на тэрыторыі Польшчы? Ён быў выдадзены польскімі ўладамі, і польскія ўлады не змаглі дабіцца вызвалення Анджэя Пачобута. Такое ж пытанне можна адрасаваць амерыканскаму ўраду. Чаму грамадзянін ЗША і Беларусі Юрась Зяньковіч, які знаходзіцца ў турме, не быў выдадзены ў рамках гэтага абмену? Таму што гаворка ішла пра абмен паміж супрацоўнікамі спецслужб. У гэты спіс былі дадаткова ўключаныя шэраг палітычных дзеячаў Расіі. Больш ніхто не ўключаўся, гэта былі абсалютна сакрэтныя закрытыя перамовы.

Мне баліць. Але гэта павінна балець усім тым, хто так часта ездзіць у Германію. Хто знаходзіцца ў гэтай Германіі больш, чым Павел Латушка ва ўсіх замежных камандзіроўках. І той чалавек, які зараз мяне чуе і разумее, пра каго я кажу. Чаму гэты чалавек крытыкуе зараз нас, а не спытае ў сябе: калі я езджу ў Германію і забіраю ўсе ўзнагароды, каторыя належаць не мне, чаму я не выйшаў на гэты кантакт? Чаму немцы не паставілі пытанне беларускіх палітвязняў?»

Пазней «НН» спытала ў Латушкі: каго ж ён меў на ўвазе? Палітык не стаў называць імя. 

Але счытваўся намёк на Таццяну Хоміч, сястру Марыі Калеснікавай. Таццяна за дзень да гэтага пісала ў фэйсбуку, што, на яе думку, лідарам апазіцыі не ўдалося зрабіць пытанне вызвалення палітвязняў прыярытэтным перад заходнімі палітыкамі.

Таццяна ў каментары «НН» адзначыла, што канфлікту з Латушкам у яе не было і яна не ведае, ці ў яе адрас той выпад. Але заўважыла:

«Не трэба шукаць вінаватых ці адказных. Трэба думаць, што мы можам змяніць, каб у наступны раз там былі беларусы». Яна лічыць, што людзей зацкавалі наратывам, пісаць ці не пісаць прашэнне аб памілаванні. А выбіраць павінен сам чалавек. А вось для заходніх партнёраў быў невідавочны мэсэдж пра вызваленне палітвязняў, яны не разумелі, ці могуць весці перамовы пра вызваленне.

Таццяна Хоміч. Фота: «Наша Ніва»

«Мы часта чуем: ніякіх перамоў, пакуль усе не выйдуць на волю. Якога выніку мы чакаем пасля некалькіх гадоў такога мэсэджу для заходніх партнёраў? Ці мэсэдж «ніякага гандлю з рэжымам, ніякага гандлю палітвязнямі». Гэта яны самі павінны вырашаць: гатовы яны выходзіць на такіх умовах ці не», — кажа Хоміч. Яна пагадзілася з думкай Ягорава, што можна было б падтрымаць прыезд заходніх дыпламатаў у абмен на вызваленне некаторых палітвязняў.

Хоміч дадала, што бачыць зрухі ўнутры краіны па сітуацыі з палітвязнямі, бо з прапановай пісаць на памілаванне прыходзяць цяпер не толькі да тых, каму засталося мала сядзець.

Святлана Ціханоўская эмацыйна адказвае на папрокі: гэта няпраўда, што палітвязні — не прыярытэт на міжнародных сустрэчах.

«Мы ніколі не былі катэгарычныя: «не, нікога не вызваляем, пакуль не рухне рэжым». Мы заўсёды гэтыя чатыры гады шукалі падыходы, шукалі людзей, якія могуць быць набліжаныя да рэжыму, каб размаўляць па зняволеных. У чым загваздка — што з боку рэжыму гэтага не хочуць рабіць. Кожны раз, калі дыпламаты, палітыкі едуць у Беларусь, якія яшчэ могуць ехаць, першае пытанне яны задаюць пра палітвязняў. Гуманітарны трэк прапрацоўваецца», — тлумачыць Ціханоўская ў перапынку дыскусій.

«Ведаеце, колькі высілкаў трэба прыкласці, каб твой дакумент паклалі наверх? Тут не толькі я павінна працаваць, тут павінны працаваць усе мы».

«Калі мы чагосьці не чуем публічна, гэта не значыць, што гэтага не існуе»

На сцэне пазней абмяркоўвалі адкрытасць Еўропы да беларусаў.

Польскі дыпламат Артур Міхальскі, здаецца, больш за ўсіх верыў у беларусаў і іх еўрапейскую будучыню. Ён адзначыў, што ўнутры сябе беларусы ўжо зрабілі выбар у бок Еўропы.

«Я крыху аптыміст у параўнанні з некаторымі маімі калегамі ў Беларусі. Цяпер у Беларусі цішыня, і мы разумеем чаму. І нельга папракаць за гэта беларусаў», — выказаўся ён пра ціск у краіне.

Міхальскі дадаў, што беларусы плацяць цяпер «варварскую цану» за сваю спробу здабыць свабоду. 

Згадваючы санкцыі, ён заўважыў, што Польшча не плануе абмяжоўваць уезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах.

У дыпламата спыталі, ці гатовая Польшча стварыць абменны фонд для гандлю з Лукашэнкам. Міхальскі наўпрост адказваць не стаў, адзначыў, што нядаўні абмен вязнямі дае надзею, што падобнае можа быць і з беларускімі палітзняволенымі. Але ёсць далікатныя тэмы, дзе трэба не нашкодзіць словамі.

«Калі мы чагосьці не бачым ці не чуем у публічным дыскурсе, гэта не значыць, што гэтага не існуе», — некалькі разоў падкрэсліў Міхальскі.

Анатоль Лябедзька лічыць, што беларускім палітыкам трэба пазначыць дзве важныя даты — 2025 і 2027 год, калі ў Еўрапейскім саюзе будзе старшыняваць Польшча і Літва. «Гэта шанец для нас», — кажа Лябедзька. Ён прапанаваў таксама ўжо цяпер падрыхтаваць і накіраваць у Брусэль заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз ад Беларусі.

«Рэжымныя дыпламаты — я маю на ўвазе дыпламатаў Лукашэнкі, — павінны зайздросціць са страшнай сілай тым вынікам, якія дэманструюць Святлана Ціханоўская і інстытут дэмакратычных сілаў у наладжванні супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі», — выказаўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета і былы дыпламат Уладзімір Астапенка.

І таксама здзівіў прапановай.

«У мяне правакацыйная прапанова: можа, варта прапанаваць Лукашэнку закрыць свае амбасады ў еўрапейскіх краінах і выкарыстаць сродкі на адукацыйныя і мабільныя праграмы з Еўрапейскім саюзам? Я думаю, гэта будзе больш карысна для беларускага народа».

Уладзімір Астапенка. Фота: «Наша Ніва»

Лыжку дзёгцю дадала Роза Турарбекава, былая выкладчыца БДУ і палітолаг. Яна прывяла наступныя лічбы: «Рассупрацоўніцтва» выдзеліла 1600 стыпендый для беларусаў на поўны бакалаўрыят, а ўвесь ЕС — 400. А на прапанову Астапенкі заўважыла: Лукашэнку і не трэба Еўропа, так вы толькі яму дапаможаце.

Роза Турарбекава. Фота: «Наша Ніва»

Роза згадала забаўны выпадак з мінулага, калі спрачалася з прапагандыстам Вадзімам Ялфімавым:

«Ён сцвярджаў, што беларусы — еўразійцы. А я са сваёй знешнасцю і прозвішчам пераконвала, што беларусы — еўрапейцы».

На фоне новых абмежаванняў па ўездзе на аўто ў Еўропу, складанасцяў з візамі ў часткі беларусаў сапраўды ствараецца адчуванне, што Захад закрываецца ад нас. Нас не чуюць? Латушка ў размове з журналістамі кажа, што тлумачыць еўрапейскім палітыкам, што гэта прыводзіць да ізаляцыі беларусаў і дае карт-бланш расійскай прапагандзе.

«Калі я ў Брусэлі чую, што мы не будзем уводзіць такія падыходы, а яны ўводзяцца, то, канечне, мы вяртаемся да Брусэля з гэтым пытаннем. Яны абгрунтоўваюць гэта тым, што гэта пытанні нацыянальных урадаў і яны сыходзяць з прынцыпаў нацыянальнай бяспекі».

Наступныя выбары, Азараў і партызаны, спрэчка Латушкі і Кныровіча

У першы дзень канферэнцыі абмяркоўвалі таксама эканоміку і беларускую ідэнтычнасць.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважаў на канферэнцыі пра беларускую ідэнтычнасць. Фота: «Наша Ніва»

Дыскусія па такім гарачым пытанні, як палітвязні, запланаваная на другі дзень, да якога звычайна менш увагі. «Тэхнічная прычына», — кажуць у Офісе на заўвагу пра прыярытэт.

Сярод гасцей канферэнцыі была Алана Гебрамарыям, былая палітзняволеная. Фота: «Наша Ніва»

Пытанні Ціханоўскай і прадстаўнікам Кабінета задавалі розныя. Аляксандр Азараў, які здаваўся крыху згубленым на гэтай сустрэчы, спытаў «ад беларускіх партызанаў» пра ўзнагароды рэйкавым партызанам: ці будуць яны, няўжо Ціханоўская не цэніць іх ахвяру?

Ціханоўская папрасіла не маніпуляваць. Яна адказала, што яны вартыя ўзнагароды, але ў такіх справах трэба дбаць пра бяспеку людзей і іх родных, не ўсё можна рабіць публічна.

Людзей цікавіла стратэгія на выбарах-2025. Вячорка адзначыў, што адзінага рашэння пакуль няма, дый многае можа памяняцца. Ціханоўская патлумачыла, што можа быць некалькі сцэнароў, але яна б хацела ведаць меркаванне беларусаў, як тут дзейнічаць. Сацапытанне прыхільнікаў перамен, на якое спасылаецца Офіс, паказала, што пакуль 27% за байкот, менш за 20% — за галасаванне «супраць усіх».

Пыталіся, ці не збіраюцца Ціханоўская і Кабінет ездзіць па гарадах замежжа, дзе жывуць беларусы, каб адказваць на іх пытанні, здымаць напружанне і павышаць давер. Ціханоўская папрасіла сабраць запыты на такія сустрэчы і абяцала падумаць над маршрутам.

Былі і новыя прызначэнні. Замест Сахашчыка «міністрам абароны» прыйшоў каліновец Вадзім Кабанчук. Ён часова прыпыніў кантракт з УСУ.

Вадзім Кабанчук. Фота: «Наша Ніва»

Уладзімір Астапенка афіцыйна заняў месца Валера Кавалеўскага на пасадзе адказнага за міжнароднае супрацоўніцтва. За працу з моладдзю ў Кабінеце будзе адказваць Маргарыта Ворыхава.

Маргарыта Ворыхава. Фота: «Наша Ніва»

Замену Азараву не знайшлі, але ў кулуарах кажуць, што праз месяц-два будзе прызначэнне, кандыдат ужо ёсць.

Наконт пасад на сцэне спрачаліся. Калі прагучала пытанне, ці нармальна, што некаторыя сябры КР займаюць адразу некалькі пасад, Латушка абурыўся: маўляў, гэта не пасада, а дадатковая крымінальная справа, і наогул гэта добра — мець супольную праграму. Прапанаваў паглядзець на Польшчу і Літву, дзе члены ўрада адначасова маюць пасады ў парламенце. І дадаў, што толькі вітае новыя твары. «А я куплю сабе маленькі домік і буду пісаць мемуары».

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч пакпіў: «Ведаю яшчэ аднаго чалавека, якога няма кім замяніць».

І абурыўся, што каманда Латушкі, прыйшоўшы ў КР, змяніла статут.

Аляксандр Кныровіч. Фота: «Наша Ніва»

Латушка ў адказ прапанаваў аплаціць Кныровічу курс лікбезу па парламентарызме.

«Вы прапаноўвалі ўжо рэйтынгавае галасаванне. Калі мы круцілі, не круцілі, а выходзіць спікерам Рымашэўскі», — упікнуў Латушка.

Што з пашпартам Новай Беларусі і статусам Ціханоўскай пасля 2025?

Праект пашпарта Новай Беларусі пакуль таксама не закінуты. Пасля скандала з папярэдняй фірмай знойдзены новы начальнік «пашпартнага стала» — літовец Марыюс Гудзелайціс. Ён будзе адказваць за тэхнічны бок праекта. Тэрміны, калі ж будуць гатовыя першыя пашпарты, ніхто ўжо не называе.

У канцы дня прэзентавалі «Платформу-2025» і «Пратакол узаемадзеяння» — калі проста, гэта дамовы аб супрацы і агульных прыярытэтах паміж рознымі дэмакратычнымі структурамі.

І прагучаў адказ на пытанне — што са статусам Ціханоўскай пасля 2025 года. Падпісанты дамовы пагадзіліся, што Ціханоўская выконвае ролю нацыянальнага лідара да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі альбо пакуль сама не вырашыць спыніць сваю дзейнасць.

Крытыкі ўжо абвясцілі гэта аўтакратыяй у выгнанні.

Беларусаў унутры краіны ж больш хвалюе рэальная аўтакратыя, якая і праз чатыры гады працягвае помсціць за тое, што людзі захацелі свабоды.

Каментары110

  • Сцёгнавыя бурбалкі у вадзе
    04.08.2024
    Вялікія заходнія грошы сагналі ўсіх жадаючых іх атрымаць на гэтую канферэнцыю.
    Лукашэнка смокча ў расеі, а гэтыя ў Захада.
    І яны абое працуюць на сваіх гаспадароў, прыкрываясь беларускім народам і навешывая на сябе тытулы лідараў.
  • За Зянона
    04.08.2024
    Пазьняк і Сахашчык не захацелі пэцкацца гэтым брудам.
    Яны засталіся з беларускім народам, які ігнаруе і лукашэнку, і Ціханоўскую з кодлай грантацмокаў.
  • Хмм
    04.08.2024
    Былы спікер КР Андрэй Ягораў пасля выбараў у Раду рашыў, што кола прыхільнікаў перамен звузілася да дзясяткаў тысяч чалавек. /

    Ягораў хлусіць. Ягораў сказаў, што па колькасці прагаласаваўшых на выбарах у Каардынацыйную Раду (каля 7 тысяч чалавек) робіць выснову, што "кола прыхільнікаў перамен звузілася да дзясяткаў тысяч чалавек".

    Гэта хлусня і маніпуляцыя.

    Колькасць прагаласаваўшых паказвае кола тых, хто давярае структурам Ціханоўскай (офісы-кабінеты-кр).

    Гэтае кола сапраўды значна звузілася. Што і паказваюць лічбы галасаваўшых, а таксама лічбы глчдзеўшых канферэнцыю Ціханоўскай онлайн: 300-400 чалавек.

    А вось кола прыхільнікаў перамен не змянілася. Людзі як хацелі, каб Лукашэнка сышоў, і Беларусь вызвалілася ад дыктатуры, так і хочуць.

    Акрамя, канечне, самога Ягорава, які хоча рэжым Лукашэнкі легітымізаваць, пра што адкрыта сам сказаў на гэтай канферэнцыі.

Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай Кацярыны Андрэевай3

Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай Кацярыны Андрэевай

Усе навіны →
Усе навіны

У Бабруйску ў бабулі на ноўтбуку не працаваў скайп. Майстар узяў з яе за рамонт 1130 рублёў9

Лукашэнка хоча пабудаваць хуткасную магістраль ад Масквы да Берліна21

У Мінскі заапарк пераехаў леапард, якога вывезлі з акупаванага расіянамі Сватава

«Ведаем мы вашы інтэрнэты». Актывіст паставіў на польска-беларускай мяжы плакат з інфармацыяй аб рэпрэсіях у Беларусі4

Лукашэнка хоча, каб беларусы будавалі жыллё ў неперспектыўных вёсках9

Расійскія хакеры гадамі сачылі за Грузіяй — Bloomberg

Лукашэнка зноў патрабуе прывесці ў парадак дарогі ў раённых цэнтрах1

Як атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі самастойна. Практыка і парады7

Патрыятызм і ветлівасць у сацсетках. Якія пункты з'явяцца ў правілах для беларускіх школьнікаў і бацькоў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай Кацярыны Андрэевай3

Затрымалі Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай Кацярыны Андрэевай

Галоўнае
Усе навіны →