Грамадства1414

«Дактары давалі 50%, што буду на інвалідным вазку». Чым сёння жыве мадэльер Саша Варламаў

Вядомы беларускі мадэльер Саша Варламаў знаходзіцца ў Германіі з 2017 года. Ён з’ехаў з Беларусі, бо нават пасля вызвалення з СІЗА не адчуваў сябе свабодна: людзей, з якімі ён спрабаваў супрацоўнічаць, па яго словах, адразу пачыналі пераследаваць, а ў бальніцах адмаўлялі ў нармальным лячэнні.

Даведаліся, чым жыве Саша сёння.

Пра здароўе, турэмныя флэшбэкі, казкі, парады экс-палітвязням, стан беларускай і сусветнай моды, дапамогу жывёлам — у нашай размове.

Саша Варламаў. Тут і далей — фота з архіва героя.

Саша дэманструе шнар і расказвае, што літаральна пару тыдняў таму перанёс сур’ёзную аперацыю на шыйным аддзеле хрыбетніка. Ён перасоўваецца з кійком і носіць на шыі абаронны бандаж, ці, як ён яго жартаўліва называе, — ашыйнік.

«Тое, што цяпер са мной адбываецца, гэта працяг той аперацыі на хрыбетніку, якую мне зрабілі ў турме. Пасля мне не далі магчымасці аднавіцца, у мяне не было рэабілітацыі. Я потым яшчэ год праляжаў на нарах. Адгукаюцца мне тыя ўмовы, у якіх пражыў, — мой хрыбетнік выходзіць з ладу.

Нават там, дзе была турэмная аперацыя ў 2012 годзе, ужо ўтварыліся вялікія праблемныя ўчасткі. Там, як кажуць хірургі, усё вельмі непрыгожа. Праз паўгода будзе яшчэ адна аперацыя. Не ведаю, калі скончыцца гэтая эпапея медыцынская ў мяне».

Суразмоўца прызнаецца, што ва ўсёй гэтай сітуацыі з падарваным здароўем можа злавацца толькі на самога сябе.

«Быў дурнем, што давёў да гэтага канфлікту, да турмы. Трэба было кінуць усё нашмат раней.

Я з 2000 года ўвесь час аддаваў на тое, каб у Мінску адкрыць міжнародны цэнтр моладзевай моды — гэта была мая ідэя фікс. Прычым на апошнім нашым мерапрыемстве ў 2011 годзе ў мяне ўжо было 12 дэлегацый з еўрапейскіх школ моды. І яны ўсе прывезлі свае студэнцкія працы. Мы маглі адкрыць у Мінску цэнтр, у якім можна было б вырабляць найлепшыя ўзоры студэнцкіх калекцый. Я амаль прыйшоў да гэтага, але ўсё гэта, як аказалася, нікому не трэба. Бо ўсе чыноўнікі стаяць на задніх лапах перад Лукашэнкам і баяцца ўсяго: мець сваё меркаванне, пярэчыць…

Трэба было ўсё раней кінуць, але мяне трымала нейкая надзея. Пры тым што на працы мне кожны раз прыходзілася сціскаць кулакі, зубы і пераконваць сябе: ты павінен займацца сваёй справай, не звяртай увагу на ўсё гэта плябейства.

Адзінае, што цяпер грэе, — калі часам у фэйсбуку ўсплываюць нейкія імёны дызайнераў, якія ўдзельнічалі ў «Млыне моды». І я думаю, што вось калі б не было «Млына», дзе б яны былі сёння? Так што не ўсё мінула безвынікова».

З іншага боку Саша не ўяўляе, як змог бы развіваць моду ў сённяшніх умовах.

«Што было б з гэтым цэнтрам моладзевай моды, калі б ён усё ж атрымаўся? Калі самалёты не лятаюць, межы зачыненыя, калі няма ніякіх кантактаў — усё абрублена. Хто паехаў бы ў Беларусь і Расію? А такая сітуацыя будзе цягнуцца доўгі час. Ці справа з мадэлькамі. Калі раней іх адбіралі для Лукашэнкі і набліжаных чыноўнікаў, то цяпер выпускніцы нацыянальнай школы прыгажосці ідуць працаваць у прыфрантавы бардэль да Вагнера».

Але з модай, адзначае Саша, усё няпроста не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце.

«З 2000 па 2011-ты ў мяне штогод было шоу ў берлінскай галерэі Lafayette. Цяпер яна закрылася, там зрабілі бібліятэку. Яшчэ да закрыцця я праходзіў міма і не бачыў ніводнага пакупніка. Людзі носяць сэканд-хэнд, блышыны рынак. Адзенне і брэнды ўжо не граюць той ролі, якую мелі некалі. Спачатку трэба заплаціць за кватэру, потым за медыцынскую страхоўку, купіць паесці… Якая тут мода? Плюс я заўважыў, што раней людзі стараліся, каб, напрыклад, цішотка падыходзіла да штаноў.

А цяпер у трэндзе дысананс. Ніколі чырвонае з зялёным не спалучалася (толькі на беларускім сцягу), а цяпер не толькі гэта, але і многае іншае — павінен быць канфлікт ва ўсім! У Еўропе сёння кожны сам сабе дызайнер і стыліст».

Суразмоўца расказвае, што перадае свае веды маладому пакаленню.

«Да мяне звяртаюцца людзі, якія маюць патрэбу ў занятках са мной. Адзін з іх ужо скончыў вучыцца ва ўніверсітэце, паступіў у магістратуру на мастацтвазнаўства. Тут у мастацкай сферы няма такой грунтоўнай адукацыі, якая некалі была ў мяне ў СССР. Акрамя таго, у мяне ёсць вучні, з якімі я займаюся развіццём маўлення. Як выказаць думку, аформіць яе і падаць так, каб яна была са смакам з’едзеная — вучу гэтым правілам гульні».

Не закідвае Саша і пісьменніцтва. Апошняя яго кніга — «Недзіцячыя казкі» — выйшла ў 2020 годзе на нямецкай мове.

«Пакуль я пісаць не зусім магу па стане здароўя, але праз месяц здолею ўжо за камп’ютарам нешта набіраць. У мяне толькі казкі пішуцца — вельмі мне падабаюцца. Там можна разгуляцца, скарыстацца іроніяй і выказаць сваё стаўленне да многіх рэчаў».

Доўгі час пасля вызвалення з СІЗА Саша ўсё роўна нібыта прачынаўся ў турме, яна не адпускала. Кажа, што яго можа накрываць і па сёння.

«Нейкія рэчы я падзабыў, а нейкія… Вось іду і выпадкова нешта бачу — і згадваю кут камеры, нейкую яшчэ дэталь. Турма — гэта моцнае эмацыйнае выпрабаванне».

Усім беларусам, якія прайшлі праз турмы, Саша раіць лячыцца добрым мастацтвам, прыродай і жывёламі.

«Трэба слухаць музыку, не папсу. Чытаць добрыя рэчы. Сучасная літаратура часта адлюстроўвае тое, што адбываецца ў турме ці звязана з ёй. Але тое, што з намі адбываецца сёння, і ёсць турма. Такія рэчы трэба цалкам выключыць. Лепш пераключыцца на класіку — Кіплінга, Моэма… Яшчэ вельмі добра лякуе прырода. І хатнія жывёлы. Яны жывыя, яны ўмеюць любіць па-сапраўднаму».

Сам Саша моцна пагружаны ў тэму дапамогі чатырохлапым: аб’явамі пра зборы для катоў, сабак і пошукі ім новых гаспадароў запоўнены ўвесь яго фэйсбук.

«Мне шкада людзей, якія гінуць. Але вось ведаеш чалавека нібыта, а ён раз — і пайшоў у чыноўнікі ці ў АМАП. Гэта прымушае мяне насцярожана ставіцца да людзей.

Калі б не людзі, то, можа, і няшчасных жывёл было б куды менш. Таму што чалавек — самы зверскі звер. У яго няма ніякіх стоп-кранаў. Здаецца, з кракадзілам дамовіцца лягчэй, чым з чалавекам. Калі б у мяне было шмат грошай, усе аддаў бы на дапамогу жывёлам».

Саша прызнаецца, што яшчэ два тыдні таму зусім не будаваў планы на будучыню.

«Бо які сэнс у гэтым, калі невядома, што са мной будзе.

Дактары давалі 50%, што буду на інвалідным вазку. А навошта мне гэта трэба? Ёсць такое паняцце як эўтаназія — калі ласка. Цяпер стала крыху лягчэй. Я разумею, што нейкі час мне адпушчаны. Але які і ў якім стане? Я ва ўсім спадзяюся на волю Бога. Як мінімум мне дакладна лягчэй, чым многім вакол. І [лягчэй,] чым беларусам унутры краіны, якім трэба часам забараняць сабе думаць, каб нешта раптам не праскочыла».

У моду Саша мэтанакіравана вяртацца не плануе.

«Мне, праўда, недзе два гады таму ў Брусэлі прапанавалі стварыць праект, звязаны з модай, у міжнародным еўрапейскім маштабе. І я прыдумаў «Модны мост» — праект, у якім таксама працавалі б маладыя дызайнеры, але асноўная ўмова — ніякай ідэнтычнасці з нацыянальнасцю, віват касмапалітызму! Калі б у калекцыі нацыянальныя матывы былі так пераасэнсаваныя і перапрацаваныя, каб ні ў каго не хапіла духу заявіць нацыянальныя правы на вынік — выяву, касцюм, аксэсуары і гэтак далей. То-бок эклектыка.

Для мяне эклектыка — гэта накірунак будучыні. А словы «нацыянальнасць», «нацыі» для мяне — самае вялікае зло на зямлі.

На жаль, у Еўрапарламенце тады сказалі, што ў іх ёсць іншыя сур’ёзныя заняткі. Але калі вышэйшыя сілы палічаць, што падобны праект яшчэ будзе каму патрэбны, то яны дадуць мне магчымасць яго рэалізаваць».

Каментары14

  • Імя
    03.08.2024
    > А словы «нацыянальнасць», «нацыі» для мяне — самае вялікае зло на зямлі.

    Тыповы рускамірны гной: збег з "інтэрнацыянальнага" саўка, жыве ў нямецкай нацыянальнай дзяржаве, а не зразумеў анічога.
  • Самивигной
    03.08.2024
    Імя, объясни тогда в чем он не прав?
  • Імя
    03.08.2024
    [Рэд. выдалена]

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Усе навіны →
Усе навіны

На Венецыянскім кінафестывалі скандал з-за фільма пра расійскую армію ва Украіне. У чым прычына?17

Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці16

Якое надвор'е будзе гэтай восенню?1

У Баранавічах затрымалі двух былых вайскоўцаў, якія звольніліся ў 2020-м

Джордж Марцін раскрытыкаваў другі сезон «Дома Цмока». Яго абурыла адна дэталь1

У Мінску адкрыўся «Восеньскі салон» ФОТЫ2

У ЗША аднагадовы хлопчык асвоіў горны ровар ВІДЭА2

Кірыла Буданаў: Telegram нясе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны25

У Брэсце неабыякавыя людзі выратавалі са смяротнай пасткі маленькіх кацянятаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Метэаролагі патлумачылі, чаму дым над нашымі галовамі не развейваецца

Галоўнае
Усе навіны →