Грамадства77

МММ — гісторыя самай грандыёзнай фінансавай піраміды на постсавецкай прасторы, ахвярамі якой сталі мільёны чалавек

Роўна 30 гадоў таму, 4 жніўня 1994 года, у Расіі быў арыштаваны Сяргей Маўродзі — стваральнік сумнавядомай фінансавай піраміды МММ, ахвярамі якой, паводле розных падлікаў, стала ад 10 да 15 млн чалавек. Сярод іх былі і беларусы. «Люстэрка» расказвае гісторыю самога Маўродзі, узлёту і краху яго ашуканскага праекта (і пазнейшых спробаў яго адраджэння), а таксама тлумачыць, чаму так многія паверылі аферысту і аддалі яму свае грошы, а потым нават спрабавалі дабіцца вызвалення мужчыны.

Пайшоў з айці, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам

Сяргей Маўродзі нарадзіўся ў Маскве ў 1955 годзе. «У мяне была зусім сціплая рабочая сям’я з пяці чалавек: маці, бацька, я і два браты, — расказваў ён у інтэрв'ю. — Маці працавала простым інжынерам у «Мантажспецбудзе». Яна ўсё жыццё працавала на адным месцы, ведаеце, быў такі тып савецкіх жанчын, і гэтым усё жыццё ганарылася. Потым, калі яна дасягнула пенсійнага ўзросту, то на яе ўсе забыліся, і гэта стала шокам. Вось тады ў яе і знайшлі анкалагічнае захворванне. Яна літаральна за паўгода згарэла на вачах пасля гэтага страшнага дыягназу. Бацька таксама, дарэчы кажучы, памёр ад анкалагічнага захворвання. У чалавека было жалезнае здароўе, працаваў мантажнікам, ніколі не хварэў. А тут раптам прастудзіўся на будаўніцтве доменных печаў. Сябры параілі яму лячыцца халоднай гарэлкай з малаком. І запаленне лёгкіх перарасло ў рак».

Скончыўшы школу, Сяргей паступіў у Маскоўскі інстытут электроннага машынабудавання (МІЭМ).

«Я быў нікім і ў школе, і ў інстытуце. Звычайная шэрая мышка. Ну так, адораным, пераможцам [школьных] алімпіяд [па матэматыцы і фізіцы], але ці мала адораных? Ды іх не злічыш!» — расказваў ён выданню «Большой город», якое дадавала ўжо ад сябе: «Да беспрасветнай познесавецкай шэрасці ён ставіўся без ніякай сімпатыі. І пры першай жа магчымасці, кінуўшы працу праграмістам (ён скончыў факультэт прыкладной матэматыкі МІЭМ) і ўладкаваўшыся вартаўніком у метро, каб пазбегнуць абвінавачання ў дармаедстве, разам з братам Славам заняўся падпольным гуказапісам і відэазапісам».

Сяргей Маўродзі. Фота: Sergei Guneyev / Getty Images

Сапраўды, як прызнаваўся Маўродзі, за два гады ён зрабіў у НДІ нядрэнную кар’еру, даслужыўся да загадчыка аддзела, атрымліваў някепскі заробак. «Але ў той жа час мяне моцна прыгнятала атмасфера саўдэпаўскай установы, і тады, па сутнасці, пайшоў у нікуды, пачаў свой бізнэс. < … > Бізнэс тады шмат не даваў, так што з матэрыяльнага пункту гледжання я не асабліва выйграў. Галоўнай прычынай было адчуванне свабоды і незалежнасці», — казаў будучы аферыст.

У васьмідзясятыя Маўродзі арыштавалі за нелегальны гандаль відэакасетамі. «Трапіўся чыста выпадкова: прыйшоў на арандаваную кватэру, на працу, з велізарнай торбай касет, а каля дзвярэй участковы стаіць», — расказваў ён. Але мужчыну пашанцавала. Акурат тады выйшла адна з партыйных пастаноў, у якой гаварылася пра «перагіны» (гаворка пра неапраўданыя затрыманні людзей сілавікамі), і прадпрымальніка адпусцілі з папярэджаннем.

У 1989-м з’явілася фірма МММ. Назва тлумачылася проста. Маўродзі стварыў кааператыў з братам Вячаславам і жонкай апошняга Вольгай Мельнікавай. Абрэвіятура складалася з прозвішчаў трох заснавальнікаў. «Каб стварыць кааператыў, трэба было не менш за тры заснавальнікі. Але гэта былі чыста намінальныя людзі, — тлумачыў Маўродзі. — МММ заўсёды была арганізацыяй аднаго-адзінага чалавека, і кіраванне ў ёй заўсёды было строга аўтарытарным. Я ні з кім ніколі не раіўся, і загады мае ніколі і нікім не абмяркоўваліся».

Акцыі МММ (аверс) наміналам 1000 рублёў, 1994 год. Фота: commons.wikimedia.org, ru.wikipedia.org

Першыя пяць гадоў гэта была звычайная фірма, якая займалася ўсім на свеце, каб атрымаць максімальны заробак. Спярша гэта быў імпарт камп’ютараў і камплектавальнікаў да іх. Потым — перапродаж аргтэхнікі, апаратуры, прасоўванне і рэклама, біржавы гандаль, арганізацыя конкурсаў прыгажосці і ваўчарная прыватызацыя. Маўродзі ўсяляк прасоўваў брэнд кампаніі, каб пра яе даведалася як мага больш людзей. Напрыклад, у апошні дзень ліпеня 1991 года кааператыў узяў на сябе выдаткі маскоўскага метрапалітэна, зрабіўшы праезд для ўсіх жыхароў горада бясплатным. Дзякуючы гэтай PR-кампаніі пра МММ даведаліся ледзь не ўсе масквічы.

Партрэт Маўродзі на «купюрах» і Лёня Галубкоў

У пачатку 1994-га надышоў зорны час экс-матэматыка. МММ — на той час кааператыў ужо быў ператвораны ў акцыянернае таварыства адкрытага тыпу — выпусціла свае акцыі, кожная з якіх каштавала 1 тысячу рублёў, або 0,65 даляра ЗША па курсе. Усяго была выпушчаная 991 тысяча акцый — максімум, які на той момант дазваляла заканадаўства РФ. У продаж яны паступілі 1 лютага.

Ідэя была такая: людзі маглі купляць любую колькасць акцый, іх кошт увесь час рос (ужо летам 1994 года адна каштавала 125 тысяч расійскіх рублёў), іх можна было купіць літаральна на любым рагу ў пункце продажу, а таксама свабодна ў любы момант прадаць і атрымаць прыбытак. Пры гэтым кошт акцый Маўродзі штодня выстаўляў сам, кіруючыся ўласнымі меркаваннямі.

Гэта была класічная фінансавая піраміда: грошы прыходзілі за кошт новых укладчыкаў, якія сваімі ўнёскамі кампенсавалі выплаты кампаніі «старым» кліентам. Ва ўмовах усеагульнай галечы, фінансавай непісьменнасці насельніцтва і спачатку рэальных грошай, якія атрымлівалі ўкладчыкі, многія людзі ўбачылі ў МММ рэальны шанец узбагаціцца.

Прадаўшы 991 тысячу акцый, Маўродзі захацеў выпусціць яшчэ 1 мільярд. Яму забаранілі, бо гэта супярэчыла заканадаўству. Тады аферыст зарэгістраваў новае акцыянернае таварыства «МММ-фонды» і ад яго імя зноў выпусціў дазволеную 991 тысячу. Але і гэтага было мала. Пасля таго як разышліся і яны, стваральнік МММ прыдумаў новую схему: ён надрукаваў білеты кампаніі ў колерах савецкіх купюр, на якіх размясціў свой партрэт (іх нават назвалі «маўродзікамі»). Было абвешчана, што гэта сувеніры: атрымліваючы іх «у падарунак», грамадзяне добраахвотна ахвяруюць грошы МММ — а пасля здачы білетаў ужо кампанія нібыта ахвяравала грамадзяніну наяўныя. Так ліміт дзяржавы на выпуск акцый быў фактычна пераадолены.

Поспеху гэтай грандыёзнай афёры спрыялі і іншыя фактары. Дзякуючы набытай рэкламе каціроўкі білетаў публікаваліся на першых палосах найбуйнейшых расійскіх газет (напрыклад, «Известий» і «Комсомольской правды»), іх можна было даведацца праз тэлефон. На тэлебачанні выходзіў цыкл ролікаў пра Лёню Галубкова (яго ролю выканаў акцёр Уладзімір Пермякоў).

Іх стварыў рэжысёр і сцэнарыст Бахыт Кілібаеў, вядомы як аўтар сцэнара да культавага фільма «Игла» (у ім здымаўся знакаміты рок-музыка Віктар Цой). «Лёня нагадваў гледачу не яго самога, а нейкага м***ватага суседа па лесвічнай пляцоўцы, — тлумачыў Кілібаеў. — Чалавек сядзіць перад тэлевізарам і думае: «Божа, колькі ж пачвар у гэтай краіне, іх падманваюць, а ім усё мала!» Але рана ці позна ён падыходзіць да чаргі ў пункт і раптам разумее: калі б я тым разам купіў акцыі, то цяпер бы зарабіў столькі і столькі. А калі б купіў тады, калі першы раз пабачыў рэкламу па тэлевізары… То-бок Лёня быў дурнем, які раптам пачынае зарабляць больш, чым разумнікі».

Фраза «Я не халяўшчык, я — партнёр!», якую гаварыў Галубкоў, стала крылатай, і, кажучы сучаснай мовай, ператварылася ў мем.

Крах МММ

Навошта Маўродзі стварыў піраміду? Мяркуючы з усяго, ён задумаў вялікую гульню. Сам ён казаў пра гэта так: «Пачыналася грашовая прыватызацыя. Як усё будзе адбывацца на практыцы і да чаго прывядзе, я ўжо прыкладна сабе ўяўляў. <…> Мяне такі ход падзей зусім не задавальняў. І я збіраўся ў яго ўмяшацца». Расійскія палітыкі ў пазнейшыя часы прыпісвалі Маўродзі словы пра далёкасяжныя планы: нібыта той у 1996 годзе хацеў балатавацца ў прэзідэнты.

Але нават калі б не было такіх амбіцый, дзяржава не магла не ўмяшацца ў сітуацыю, бо відавочная піраміда заваблівала ўсё больш новых людзей. Захаваліся ўспаміны пра тое, што тагачасны прэм’ер-міністр РФ Віктар Чарнамырдзін, якому патлумачылі нюансы схемы, мацюкаўся на падначаленых, патрабуючы нешта зрабіць, пакуль усё не лопнула. Але пракуратура і МУС разводзілі рукамі — няма, маўляў, у Крымінальным кодэксе ўправы на метады Маўродзі.

Калі б у справу не ўмяшалася дзяржава, МММ магла б дасягнуць сваёй столі (то-бок у яе былі б уцягнутыя ўсе плацежаздольныя жыхары краіны, і выплачваць даходы ўжо не было б каму). Усё скончылася б натуральным абвалам піраміды. Тады менавіта гэтая структура і Маўродзі асабіста ўспрымаліся б як выкрадальнікі грошай. Але дзяржава ўдарыла на апярэджанне — і засталася вінаватай для часткі насельніцтва.

Акцыі МММ (рэверс) наміналам 1000 рублёў, 1994 год. Фота: commons.wikimedia.org, ru.wikipedia.org

20 ліпеня на тэлебачанні з крытыкай МММ выступілі чыноўнікі. За імі выказаўся і прэзідэнт РФ Барыс Ельцын, які адкрыта заявіў, што Лёня Галубкоў не купіць сабе домік у Парыжы (а менавіта гэта абяцала рэклама): «Да звышавантурных абяцанняў трэба ставіцца вельмі асцярожна. Тысячныя, разумееш, працэнты — нідзе ў свеце такога няма! Урад тут ні пры чым. Справа судовых органаў».

Многія людзі пачалі збываць акцыі — піраміда захісталася. Тады 1 жніўня Маўродзі пайшоў ва-банк і апусціў цэны на білеты ў 125 разоў, да ўзроўню першага дня іх продажу. Цяпер акцыя, што каштавала 125 тысяч рублёў, ацэньвалася ўсяго ў тысячу — і людзі зноў кінуліся іх купляць. Але ўжо праз некалькі дзён, 4 жніўня, заснавальніка МММ арыштавалі па падазрэнні ў махлярстве. Укладчыкі, што аператыўна сабраліся на мітынг, запатрабавалі вызваліць аферыста — толькі ён, на іх думку, і мог вярнуць іх зберажэнні.

Адным з такіх падманутых укладчыкаў быў і мінчук Уладзімір Смірноў. Ён казаў, што паспеў некалькі разоў укласці грошы ў піраміду і здабыць нядрэнныя дывідэнды. «Я памятаю, як тысячу даляраў уклаў, праз два месяцы атрымаў ужо тры», — расказваў мінчук. «Народ там сапраўды выйграваў. Проста трэба было своечасова спыніцца і забраць грошы», — дадаваў ён. Але пашанцавала адзінкам. Астатнія страцілі свае ўклады, многія засталіся ў галечы, з якой так намагаліся выбрацца.

У выніку ў МММ Смірноў уклаў сем тысяч даляраў. Паводле яго, некаторым укладчыкам удавалася вярнуць грошы з дапамогай ахоўнікаў цэнтральнага офіса: «Ахоўнікі або вярхушка піраміды згаджалася чалавеку аддаць 70% [укладу], але астатнія 30% прысвойвалі сабе. Такі вось быў «адкат»». Але ва Уладзіміра такіх магчымасцяў не было, таму ён ні з чым вярнуўся ў Мінск.

Пасля арышту Маўродзі пагражаў турэмны тэрмін. Каб застацца на волі, ён зрабіў ход канём: заняўся палітыкай. Стваральнік піраміды ніколі не хаваў і адкрыта казаў ва ўсіх сваіх незлічоных інтэрв'ю, што пайшоў туды «толькі па недатыкальнасць». Калі яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Дзярждумы, расійскага парламента, то адразу ж выпусцілі на волю.

У кастрычніку 1994 года Маўродзі перамог на дадатковых выбарах па Мыцішчанскай акрузе Масквы і стаў дэпутатам (гэта не былі чарговыя ўсерасійскія выбары, месца вызвалілася пасля таго, як яго папярэдніка, дэпутата Андрэя Айдзердзіса, застрэлілі на парозе ўласнага дома).

Зрэшты, на волі Маўродзі падкрэслена ігнараваў паседжанні парламента. За год працы ён не прысутнічаў ні на адным з іх (магчыма, прыйшоў толькі раз, калі яго спрабавалі пазбавіць дэпутацкай недатыкальнасці). У выніку ў кастрычніку 1995-га калегі датэрмінова спынілі яго паўнамоцтвы. Аргументацыя была наступнай: «Грэбаваў сваімі абавязкамі дэпутата і працягваў займацца камерцыйнай дзейнасцю».

Што да зніклых грошай, то Маўродзі сцвярджаў, што з галаўнога офіса МММ пасля ператрусу нібыта вывезлі 17 грузавікоў з гатоўкай. Такім чынам ён перакладаў усю адказнасць на ўлады.

Шэсць гадоў уцёкаў і новыя піраміды

У верасні 1997 года МММ прызналі банкрутам, а ў снежні заснавальніка піраміды абвясцілі ў вышук. Аднак Маўродзі таямніча знік. Хадзілі чуткі, што ён з’ехаў за мяжу, а вось сам стваральнік піраміды сцвярджаў, што ні разу не пакідаў Масквы і жыў у кватэры, дзе яго ніхто не здагадаўся шукаць. Паводле інфармацыі следства, у Маўродзі такіх кватэр у розных раёнах расійскай сталіцы было некалькі. Ён ведаў, што яго шукаюць, і таму на адным месцы больш за два дні не затрымліваўся.

Каб разнастаіць вольны час, яму абсталявалі дзве трэнажорныя залы, мужчына ездзіў на рыбалку, якую называў сваім галоўным хобі. Бяспеку Маўродзі гарантавала ўласная служба вонкавага назірання з былых супрацоўнікаў ФСБ.

50 білетаў МММ, 1994 год. Фота: commons.wikimedia.org, ru.wikipedia.org

Хаваючыся, нястомны Маўродзі здолеў стварыць яшчэ адну піраміду — віртуальную фондавую біржу Stock Generation-SG. Яе фармальнай уладальніцай была 18-гадовая сястра былой жонкі аферыста. Пляцоўка дазваляла гандляваць віртуальнымі акцыямі ўяўных кампаній. Рост колькасці ўдзельнікаў павялічваў прыток грошай і забяспечваў выплаты ранейшым «інвестарам» — то-бок выкарыстоўвалася схема, аналагічная МММ. Сцвярджалася, што яе ахвярамі сталі 275 тысяч чалавек, сам Маўродзі казаў пра дзясяткі мільёнаў.

У студзені 2003-га Маўродзі нарэшце арыштавалі. Працэс аказаўся доўгім. Суд адбыўся толькі ў 2007-м. Аферыста асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. Увесь гэты час на той момант ён ужо адбыў за кратамі, а таму праз месяц выйшаў на волю. Пацярпелымі па справе МММ суд прызнаў 10,5 тысячы чалавек (ім абавязалі выплаціць кампенсацыю), хоць, на думку экспертаў, Маўродзі ўзяў грошы як мінімум у 10 (магчыма, нават у 15) мільёнаў.

Выйшаўшы на волю, аферыст паабяцаў вярнуць укладчыкам грошы і нават пацвердзіў, што спадзяецца пачаць выплаты ўжо да канца года. Зразумела, гэтага не здарылася. Грошай не было, адбіраць практычна не было чаго (дайшло да таго, што прыставы апісалі ў Маўродзі бібліятэку). Аферыст калі і трапляў за краты па абвінавачанні ў нявыплаце даўгоў, то максімум на 15 сутак.

Нягледзячы на праблемы, спыняцца ён не збіраўся. У студзені 2011-га Маўродзі стварыў у Расіі новы праект — МММ-2011. У лютым таго ж года філіял з’явіўся і ў Беларусі. Як пісаў партал Tut.by, удзельнікі піраміды куплялі па тагачасным курсе віртуальныя каштоўныя паперы «маўро» і разлічвалі на атрыманне даходу за кошт росту іх курсу. Укладчыкам абяцалі даходнасць ад 20 да 30% за месяц плюс бонусы — напрыклад, 10−20% ад унёскаў прыведзеных імі пачаткоўцаў. Для кіраўнікоў звёнаў дзейнічала льготная працэнтная стаўка пры ўкладанні асабістых зберажэнняў у фінансавую піраміду — 30% за месяц.

Праз год, у сакавіку 2012 года, КДБ затрымаў людзей, якія мелі дачыненне да дзейнасці МММ-2011 у Беларусі. На той момант ёй даверыла грошы каля 100 тысяч беларусаў, з гэтых сродкаў прадстаўнікі МММ атрымалі прыбытак звыш 62 тысяч даляраў. Офісы па ўсёй краіне былі закрытыя, а ўсе 13 кіраўнікоў атрымалі турэмныя тэрміны з канфіскацыяй маёмасці па артыкуле за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць — ад двух да пяці з паловай гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пазней аднаго вызвалілі, двум зменшылі тэрміны. У астатніх прысуд застаўся без зменаў.

Маўродзі памёр — але справа жыве

Адкуль наогул узяўся феномен МММ? Паводле расійскага прафесара Зураба Кекелідзэ, «каб зразумець кліентаў «пірамід», трэба ўспомніць, што за час тады быў. А гэта была эпоха вялікіх абяцанняў. Сапраўдная «залатая ліхаманка», капіталы рабіліся за лічаныя дні і месяцы, нечуваная дагэтуль раскоша біла ў вочы. Адчуванне «сёння ці ніколі» стала амаль даміноўным. Да гэтага трэба дадаць галапаванне інфляцыі, што знішчала зберажэнні і заробкі людзей. Усё гэта стварыла стрэсавую, можна сказаць, сацыяльна надзвычайную сітуацыю, у якой узровень унутранай трывогі людзей часцяком зашкальваў».

«Казаць у гэтым выпадку пра нейкае маштабнае наўмыснае ўздзеянне з боку арганізатараў «пірамід» з мэтай павялічыць такую групу не даводзіцца, — казаў Кекелідзэ. — Так, былі ролікі пра Лёню Галубкова і іншыя, сваю ролю ў нагнятанні атмасферы ажыятажу яны адыгралі, але перабольшваць іх не варта. Часцяком патэнцыйныя ахвяры прымалі рашэнне пасля некалькіх слоў, пачутых у офісе «піраміды». Напрыклад, пра тое, што грошы будуць укладацца ў развіццё абароннай прамысловасці, што продажы вайсковай тэхнікі — гэта велізарны прыбытковы бізнэс. Такія простыя метады, як ні дзіўна, працавалі жалезна».

Магіла Сяргея Маўродзі на Траякураўскіх могілках у Маскве (Расія). Фота: Igorkhait, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Гэтыя развагі лагічна тлумачаць сакрэт папулярнасці МММ у дзевяностыя гады. Але, як можна зразумець з тэксту вышэй, феномен фінансавых пірамід аказаўся запатрабаваным і ў пазнейшы час, калі прыйшла адносная стабільнасць. Магчыма, гэта тлумачыцца наяўнасцю ў любым грамадстве пэўнай колькасці людзей, якія гатовыя ісці на сур’ёзную рызыку ці не ўсведамляюць яе маштабаў. Напрыклад, у 2011 годзе да 15% расіян былі гатовыя ўзяць удзел у стварэнні новай фінансавай піраміды Маўродзі, хоць досвед папярэдняй усё яшчэ быў на слыху.

Ці вось яшчэ адзін, пазнейшы прыклад. У чэрвені 2018 года невядомыя, якія называлі сябе «страхавымі агентамі» і «банкаўскімі работнікамі», пачалі настойліва тэлефанаваць дзвюм беларускам з Гродна — 65-гадовай і 54-гадовай. Калісьці тыя ўклалі частку сваіх зберажэнняў у МММ, ніякіх дывідэндаў не атрымалі і ўжо амаль забыліся пра тое, што калісьці трапіліся на кручок аферыстаў. Але раптам ім прапанавалі ўсё вярнуць. Ашуканцы запэўнівалі жанчын, што грошы можна забраць хоць цяпер, толькі аплаціўшы выдаткі за іх захоўванне. Тыя паверылі — і пачалі пераводзіць у Расію грошы. Агулам пенсіянерка страціла каля 40 тысяч даляраў, яе даверлівая «калега» — 8 тысяч.

Гэта адбывалася ўжо без Маўродзі. Знакаміты аферыст памёр у сакавіку таго ж года ад сардэчнага прыступу на 63-м годзе жыцця. Крыніца ў медыцынскіх колах расказвала, што заснавальнік МММ пакутаваў на некалькі хранічных захворванняў, уключаючы язву і атэрасклероз. Таксама ў яго былі прыкметы запою. Сваякі аферыста не хацелі займацца яго пахаваннем. Грошы на іх урэшце сабрала «група ўдзельнікаў «МММ-2011».

Каментары7

  • лукаботу
    04.08.2024
    МММ=ОСТ, лукабот, ммм гэта фонд твайго калгасніка, куды ідуць грошы ўсіх беларусаў. А Офіс фінансуецца з еўрапейскіх падаткаў, да якіх ты не маеш ніякага дачынення.
  • Сиононивец
    04.08.2024
    Такие же мавроди в различных сферах нашей жизни, кто клянчит донаты.
  • бабруйчанін
    04.08.2024
    МММ=ОСТ, Тваіх прадзедаў нае.лі яшче у 1917 а бацькоў калі у аптэце прадалі прасрочанные кантрацэптівы..

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай8

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр шматгадовы вядоўца КВЗ Аляксандр Маслякоў6

«Усё, што цяпер адбываецца, гэта здрада. Здраднікі сядзяць у Крамлі». У Расіі ўзбунтаваўся Z-блогер7

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё26

Беларусы перамаглі ў футбол Люксембург ВІДЭА6

У Лельчыцах Дзень горада правялі ў дыме з чарнобыльскай зоны3

«Мы ўдыхнулі новае жыццё ў гэта месца». На Валожыншчыне сям'я ратуе рэдкіх коней і стогадовы сад6

У цэнтры Мінска ў Свіслачы патануў малады хлопец

Украіна стварыла ўласную высокадакладную бомбу3

Каля мінскага вакзала знайшлі «Вела Хаціка». Пра што гаворка?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай8

Пратасевічу адмянілі гіганцкі штраф, і ён паляцеў на адпачынак у Дубай

Галоўнае
Усе навіны →