Развод на грошы ці рэальная карысць у вывучэнні свайго паходжання? Пратэставалі папулярную паслугу, каб адказаць на гэтае пытанне.
Да рашэння зрабіць тэст сваёй ДНК людзі прыходзяць з розных прычын: нехта хоча паглядзець, ці няма экзатычнай крыві, іншыя жадаюць дапоўніць свой радавод новымі звесткамі, а хтосьці проста шукае даўно страчаных блізкіх.
Маёй прычынай стаў тупік у генеалагічным даследаванні, калі адшуканыя архіўныя звесткі аказалася немагчыма дакладна прывязаць да ўласных продкаў, бо існуе шэраг разыходжанняў па датах і месцы пражывання.
Адзінае лагічнае выйсце, якое адразу прыйшло да галавы, — высветліць сваяцтва з нашчадкамі тых асоб, якія, верагодна, з’яўляюцца і маімі продкамі. Папярэдне такія людзі і іхнія радаводы былі выяўленыя на генеалагічным сайце MyHeritage.
Сёння генетычныя тэсты робіць каля дзясятка лабараторый па ўсім свеце, у першую чаргу гэта MyHeritage, FamilyTreeDNA, 23andMe, Ancestry і Genotek. Спектр дакладнасці даных, дадатковых паслуг і цэн досыць разнастайны. За апошняе дзесяцігоддзе кошт гэтай паслугі знізіўся з дзясяткаў тысяч даляраў да пары соцень і нават пары дзясяткаў, стаўшы цалкам даступнымі для шырокіх колаў.
Перад тым, як выбраць лабараторыю, варта было б вывучыць усе прапановы на рынку і выбраць тое, што найбольш адпавядае, але насамрэч нешта зразумець ва ўсіх гэтых прапановах можна толькі, зрабіўшы свой першы тэст.
Аўтасомны тэст ад MyHeritage
Мной быў выбраны MyHeritage — адзін з самых папулярных і танных тэстаў, які пакажа вашых сваякоў у велізарнай генеалагічнай базе людзей з усяго свету. Каштуе адзін набор усяго 36 еўра, праўда, з дастаўкай абыдзецца трохі даражэй, таму ёсць сэнс браць адразу 2 тэсты (яны вам спатрэбяцца) — тады даставяць бясплатна. Афармляецца ў пару клікаў.
Першая праблема, з якой сутыкнуцца беларусы, — пасля расійскага ўварвання ва Украіну многія лабараторыі не дасылаюць свае тэсты ў Беларусь. Але яго можна заўсёды заказаць праз сяброў за мяжой, а праз іх пераслаць у Беларусь, або скарыстацца, калі будзеце сяброў наведваць. Набор не сапсуецца і дачакаецца вас.
Набор прыходзіць у прыгожай скрынцы, унутры — флаер, інструкцыя, стэрыльныя ватныя палачкі, дзве прабіркі, пластыкавы пакет са знакам Biohazard і канверт, на якім ужо напісаны зваротны адрас кампаніі ў Германіі.
Інструкцыя досыць простая і падрабязная. Яна ёсць на рускай мове, а таксама дублюецца на сайце. Першае, што трэба зрабіць, — увесці на сайце код камплекта, каб пасля адсочваць ягоны лёс. Пасля гэтага ў вас спытаюць, ці хочаце вы, каб вашы вынікі былі бачныя іншым ці выкарыстаныя ў навуковых мэтах. Згадзіўся на ўсё — без доступу іншым карыстальнікам будзе цяжэй адшукаць у вас роднасныя гены, а падтрымаць навуку проста заўсёды прыемна.
Для тэсту бярэцца букальны эпітэлій унутранага боку шчок, каб набраць пабольш матэрыялу, рэкамендуецца пэўны час не есці і не піць перад зборам.
Адна ватная палачка для адной шчакі, другая для іншай. Кончык кожнай абломваецца ў прабірцы з растворам і запячатваецца. Абодва ўзоры кладуцца ў пакет, а пакет у прыкладзены канверт. Праз пошту дасылаецца як звычайны ліст. Усё, застаецца толькі чакаць.
Чакаць давялося доўга, за месяц я паспеў падумаць, што славутая еўрапейская пошта паспела згубіць мой тэст. Але ўрэшце ён усё ж такі даехаў да лабараторыі. Яшчэ трохі менш за месяц пайшло на ўсе працэдуры, звязаныя з выняццем ДНК, яго вывучэннем і падрыхтоўкай вынікаў.
Вынікі былі гатовыя на тыдзень раней за дату, пра якую паведамлялася на сайце. Пра гатовыя вынікі прыходзіць паведамленне на пошту і на сайт, так што вы дакладна не прапусціце.
Гэты тэст робіцца па аўтасомных храмасомах. У чалавека 46 храмасом, сабраных у 23 пары, з якіх толькі адна палавая (XX у жанчын і XY у мужчын). Менавіта праз тое, што аўтасомныя храмасомы мы атрымліваем у спадчыну незалежна ад пола, іхняе тэсціраванне дазваляе прааналізаваць больш вашых сваякоў, чым любое іншае.
Мітахандрыяльную ДНК мы атрымліваем у спадчыну толькі ад маці, а яна ад сваёй маці і гэтак далей. Тэст па ёй пакажа вам толькі сваякоў, з якімі вы мелі агульную прамаці. Яшчэ адзін тэст па Y-храмасоме пакажа вам толькі сваякоў-мужчын, з якім у вас быў агульны прабацька — яго могуць здаць толькі мужчыны, бо жанчынам у спадчыну гэта храмасома не пераходзіць.
Дзякуючы такой асаблівасці спадкаемнасці генома навукоўцам удалося выявіць наяўнасць мітахандрыяльнай Евы і Y-храмасомнага Адама — найбліжэйшых агульных продкаў усіх сучасных людзей. Гэтыя тэсты таксама вельмі важныя, але пра іх лепш расказаць асобна.
Два галоўныя вынікі па аўтасомным тэсце — этнічная прыналежнасць і супадзенне па ДНК аформленыя як асобныя раздзелы.
Этнічная прыналежнасць
Пачнем з этнічнай прыналежнасці, дзеля якой большасць і робіць тэсты ДНК. MyHeritage паказвае, які працэнт вашай ДНК адносіцца да той ці іншай этнічнай групы, адзначаючы рэгіёны іх пражывання каляровымі плямамі на карце свету.
Мая ДНК паводле тэста адносіцца да 3 этнічных груп: 47% — да ўсходнееўрапейцаў, 45,3% — прыбалт, 7,7% — балканец. Плямы вельмі вялікія і накладаюцца адна на адну.
Звярніце ўвагу, што гэтыя абазначэнні адсылаюць менавіта да рэгіёна, а не да канкрэтных груп народаў. Прыбалт — гэта не тое ж самае, што балт, усходнееўрапеец не ўсходні славянін, а балканец не паўднёвы славянін і не румын.
Тут варта разумець, адкуль увогуле бяруцца звесткі пра аднясенне да рэгіёнаў. Хачу вас расчараваць — не з археалагічных знаходак, прывязаных да пэўных культур, якія сёння асацыююцца з тым ці іншым народам, а значна прасцей.
У генетычных сэрвісаў назапасілася за гады працы вялікая база вынікаў тэстаў людзей з усяго свету, якія пазначаюць, дзе жылі апошнія вядомыя ім продкі. Вашу ДНК параўноўваюць з іхнімі і робяць высновы пра рэгіён, дзе жылі вашыя продкі ў апошнія стагоддзі. На вялікіх даных атрымліваецца досыць пераканаўча.
Але гэткі падыход робіць тэст ДНК толькі дзеля вызначэння этнічнай прыналежнасці пустым марнаваннем грошай. Калі вашыя прадзеды з Беларусі, то тэст і пакажа, што вы ў большай ступені ўсходнееўрапеец, у меншай прыбалт, зусім трошкі балканец, а калі ёсць бабуля-яўрэйка, то яшчэ пакажа ашкеназскіх яўрэяў.
Я толькі што ашчадзіў на тэсце ДНК вам пару дзясяткаў еўра, якія вы можа ахвяраваць «Нашай Ніве».
Гэта не ўся інфармацыя з укладкі этнічнай прыналежнасці, якую можна атрымаць. Акрамя этнічных груп, ёсць яшчэ генетычныя групы, якія даюць у некаторых выпадках больш падрабязную інфармацыю, у іншых — такую ж абстрактную. Яны таксама пазначаныя плямамі на карце, але маюць абводку, каб адрозніваць ад плям этнічных груп.
Адна з маіх груп называецца «Расія, Украіна, Беларусь, Польшча, Латвія і Літва». Калі перайсці ў яе, то на карце ў межах вялікай плямы будуць насычаныя астравы — месцы, дзе жылі продкі людзей з той жа групы, што і вы. Названая генетычная група прыкладна аднолькава распаўсюджаная і сярод усходнееўрапейцаў, і сярод прыбалтаў, а таму ні да адной з гэтых груп не прывязаная.
А вось іншая мая генетычная група, «Літва і Польшча», дакладна прывязаная да прыбалтаў. Праўда, калі пляма групы ахоплівае ўсю Літву і цягнецца аж да Татраў, то астравы ў ёй кампактна згрупаваныя ў Літве. Ды і ў апісанні групы ўдакладняецца, што гэта «літоўцы ў Літве і некаторыя ў Польшчы».
Самай загадкавай аказалася група «Заходняя Вірджынія, Пенсільванія і Агая», прадстаўнікі якой найчасцей адносяцца да этнічных груп англічан, ірландцаў, шатландцаў, валійцаў ды ўраджэнцаў Паўночнай ці Заходняй Еўропы — але ніводную з іх мне не высвеціла. Магчыма, што гэтая інфармацыя пралівае святло на даволі экзатычнае для рэгіёна прозвішча маіх продкаў, але нейкай яснасці не ўносіць.
Пад картай яшчэ можна пацягаць паўзунок, каб паглядзець калі і адкуль з Еўропы гэтыя людзі перабіраліся ў ЗША. Для рэгіёнаў з аўтахтонным насельніцтвам гэтая прымочка бескарысная.
Пошук сваякоў
Пяройдзем да больш практычнай часткі — пошуку сваякоў. MyHeritage падае больш за 5 700 супадзенняў ДНК з ліку тых людзей, якія маюць профіль або ўнесеныя ў чыесьці генеалагічныя дрэвы на сайце. Але не ўсе яны мае сваякі.
Вынікі можна сартаваць паводле блізкасці меркаванага сваяцтва, колькасці агульных сегментаў і даўжыні найбольшага агульнага сегмента ДНК.
Ёсць пошук па агульных прозвішчах у продкаў, але ён працуе толькі для тых, хто мае дрэва на сайце. Калі сайт сам адшукае аднолькавыя прозвішчы, то пра гэта вам напішуць адразу пад інфармацыяй пра знойдзенага меркаванага сваяка. Але лепш і самому пашукаць цікавыя вам прозвішчы ў польскім, літоўскім ці англійскім напісанні — можа адшукацца тое, што не здолелі знайсці алгарытмы сайта.
Маёй найбліжэйшай сваячкай аказалася беларуска Наталля, прыкладна аднаго са мной узросту, якая жыве сёння ў Польшчы. Яна даводзіцца мне чацвераюраднай сястрой, то-бок у нас агульныя прапрадзядуля ці прапрабабуля. Але ў нас з ёй супадае толькі 1,2% ДНК, ва ўсіх іншых меркаваных сваякоў — менш за 1%.
Можна націснуць кнопку «Паглядзець супадзенне ДНК», каб даведацца падрабязнасці, напрыклад, паглядзець, з кім у нас з ёй агульныя супадзенні. З некаторымі з гэтых людзей у нас адзін трыангуліраваны сегмент ДНК на траіх — гэта азначае, што, хутчэй за ўсё, мы сапраўды маем агульнага продка.
У выпадку з Наталляй, можна сказаць, пашчасціла — акрамя блізкасці па ДНК, у нас у радаводных дрэвах аказаліся продкі з адным і тым жа прозвішчам — вельмі верагодна, што менавіта па гэтай галіне мы і сваякі.
На MyHeritage можна паглядзець дрэва любога меркаванага сваяка, калі той яго мае і пакінуў да яго публічны доступ. Практыка паказвае, што ўсходнія славяне і прыбалты больш адкрытыя ў гэтым плане, а вось у палякаў амаль заўсёды родавае дрэва пад замком і трэба прасіць адкрыць доступ.
У Наталлі ёсць дрэва, у якім 124 чалавекі. Яно адкрытае для прагляду, і з яго можна зразумець, хто з ейных продкаў носіць тое ж прозвішча, што і мае продкі. Але, як часта бывае ў генеалагічных даследаваннях, — бракуе ўсяго аднаго пазла, каб склалася карцінка.
MyHeritage дае магчымасць звязацца з кіраўніком дрэва, каб запытацца пра дадатковую інфармацыю пра продкаў, што я і зрабіў. Праўда, працэс можа зацягнуцца, MyHeritage усё ж не сацыяльная сетка ў звыклым выглядзе: калі ў людзей канчаецца інфармацыя пра продкаў, то многія заходзяць на сайт добра калі раз на некалькі месяцаў.
Па прозвішчы з іншай галіны ўдалося адшукаць сваячку Марыю, праўда, больш далёкую — пяціюрадную ці шасціюрадную сястру — тут ужо сэрвісу складана вызначыць, бо ў нас з ёй толькі 0,4% агульнага ДНК. І як у выпадку з Наталляй — ёсць дрэва, ёсць знаёмыя імёны, але найбольш далёкія яе продкі па гэтай галіне схаваныя наладамі прыватнасці і прыйдзецца чакаць, калі яна дасць дазвол на доступ да іхніх імёнаў, каб я змог параўнаць са сваім дрэвам.
Знайшлося яшчэ некалькі літовак, у якіх у дрэве ёсць агульнае з маімі продкамі прозвішча, але гэта вельмі далёкія да іх продкі, а таксама ў мяне няма ўпэўненасці, што яны ў радаводзе з’явіліся ў выніку архіўных даследаванняў, а не праз аматарскую рэканструкцыю дрэва. Часта бывае, што, напрыклад, Ян ці Юзаф аднаго з чалавекам прозвішча, лічыцца тым самым прапрадзедам Янам ці Юзафам, пра якога яму распавядала бабуля — гэта вельмі распаўсюджаная праблема, якая прымушае ставіцца да чужых дрэваў з вялікім недаверам.
Многія з 5700 меркаваных сваякоў хутчэй за ўсё ўвогуле такімі не з’яўляюцца. Пад ступенню сваяцтва сэрвіс таксама пазначае ступень дакладнасці інфармацыі — у абсалютнай большасці выпадкаў яна нізкая, гэта азначае, што з гэтымі людзьмі агульныя фрагменты ДНК могуць быць проста выпадковым супадзеннем.
На сайце MyHeritage ёсць яшчэ некалькі генетычных прымочак. cM Explainer дазваляе на падставе колькасці супадзення сегментаў ДНК і ўзросту ацаніць, наколькі верагодна, што вы сваякі з іншым чалавекам, з якім у вас супала ДНК. Але гэтая інфармацыя і так даступная адразу ў выдачы пошуку.
Іншыя інструменты
Інструмент агляду храмасом дазваляе выбраць некалькі супадзенняў і паглядзець, дзе вы ўсе перасякаецеся. Этнічныя карты паказваюць для кожнай краіны топ-этнасаў, як я ўжо казаў, для Беларусі гэта будуць — усходнееўрапейцы, прыбалты і балканцы. Самы цікавы паводле суб’ектыўнага меркавання інструмент — ДНК кластары, які выстройвае супадзенні ў кластары, якія хутчэй за ўсё паходзяць ад агульных продкаў. Цікавых вынікаў тут не атрымаў, але ў перспектыве можа быць карысным.
Што далей?
Сам ДНК-тэст нельга назваць разводам на грошы, ён дае абсалютна канкрэтныя навуковыя даныя і дапамагае пры пошуку сваякоў. Але зноў жа, ён мае нейкую карысць, толькі калі вы ўжо дастаткова плённа папрацавалі над сваім дрэвам аж да прапрапрадзедаў.
У іншым выпадку рабіць яго асаблівага сэнсу няма. І дакладна не трэба рабіць яго, калі вам захацелася паглядзець сваю «этнічную прыналежнасць» — вынік не апраўдвае сябе.
Мне, аднак, так і не атрымалася пацвердзіць сваяцтва з тымі людзьмі, з якімі я першапачаткова хацеў, калі заказваў тэст. На гэта ёсць шэраг прычын.
Нам ад нашых бацькоў дастаецца па 50% іхняга ДНК. Вы можаце проста не атрымаць у спадчыну тых фрагментаў ДНК, якія б надзейна вас звязвалі з нейкімі канкрэтнымі продкамі і іхнімі жывымі нашчадкамі. Акрамя таго, аўтасомны тэст не закранае палавыя храмасомы і мітахандрыяльную ДНК, дзе можа як раз захоўвацца важная інфармацыя.
Гэта падводзіць нас да першай высновы — аднаго аўтасомнага тэста ДНК недастаткова. Я нездарма раіў браць адразу два, адзін сабе, другі блізкаму сваяку: брату, бацьку, маці, бабулі ці дзядулю — кожны з іх дазволіць выявіць частку страчанай генетычнай інфармацыі.
Так, ваш родны брат ці сястра могуць захаваць тыя фрагменты ДНК, якія вам не перадаліся. Вядома, яшчэ больш эфектыўна будзе зрабіць тэсты бацькам — так вы зразумееце, з якога менавіта боку да вашага дрэва могуць прымыкаць выяўленыя генетычныя сваякі. Тое ж самае тычыцца і тэстаў бабуль і дзядуль — вы звузіце пошук па пэўнай галіне, а таксама атрымаеце новыя вынікі.
Вельмі важнымі застаюцца тэсты па Y-храмасоме і мітахандрыяльнай ДНК, якія MyHeritage не робіць, але робяць іншыя кампаніі.
Тэст па Y-храмасоме даступны толькі мужчынам, бо ў жанчын яе проста няма. Па ім вы мусіце адшукаць усіх мужчынскіх прадстаўнікоў свайго роду і яго адгалінаванняў. Прозвішча, ці ў гэтым выпадку лепш казаць «фамілія», традыцыйна перадаецца толькі па мячы.
Праз гэта карысць тэсту па мітахандрыяльнай ДНК значна зніжацца — вашыя жаночыя продкі ў кожным пакаленні змянялі прозвішчы і наўрад ці вы добра іх ведаеце ўсе.
У некаторых сітуацыях давядзецца творча выкручвацца. У мяне, напрыклад, няма Y-храмасомы ад роду, з якога паходзіць маці, а значыць, каб даведацца больш пра гэтую галіну і адшукаць іншых прадстаўнікоў матчынага роду, трэба ўгаварыць дзядзьку ці ягонага сына зрабіць тэст па гэтай храмасоме.
Праўда, цэны кусаюцца: за стандартны ДНК-тэст па Y-храмасоме на FamilyTreeDNA просяць 119 даляраў, а з дастаўкай будзе яшчэ па пару дзясяткаў даражэй. А за самы глыбокі тэст увогуле просяць 449 даляраў. Тэсты па мітахандрыяльнай ДНК пачынаюцца ад 159 даляраў. Таму варта загадзя зразумець, па якіх галінах вы збіраецеся шукаць і якія вынікі вам можа даць той ці іншы тэст.
Тэст за 449 даляраў пакажа настолькі далёкіх сваякоў, што сам сэнс іх пошуку губляецца. Для параўнання, выкананне генеалагічнага запыту па адной з вашых галін продкаў спецыялістамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі будзе каштаваць максімум 1800 рублёў (або 550 даляраў у пераліку). Выбар відавочны.
Варта больш уважліва прыгледзецца і да дадатковых прапаноў кампаній, якія робяць ДНК-тэсты. Напрыклад, за вызначэнне таго, якія ў вас генетычныя схільнасці да хвароб просяць даплаціць суму, якая можа ў некалькі разоў перавышаць кошт самога тэста. На MyHeritage такая паслуга каштуе «ўсяго» 60 еўра — гэтыя грошы вы плаціце за працу камп'ютара. Атрымліваецца чысты прыбытак для кампаніі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬДНК-тэсты па пошуку продкаў робяцца ўсё больш папулярнымі сярод беларусаў — распыталі генетыка пра іх каштоўнасць
З чаго пачынаць шукаць продкаў. Карысныя сайты
Доўнар, Мажэйка, Корбут, Рагойша. Якія прозвішчы маюць балцкае паходжанне?
Майкл Дуглас і Скарлет Ёхансан аказаліся далёкімі сваякамі. Продкі абаіх паходзяць з Беларусі
Каментары