Кадыраў зрабіў шоу з сустрэчы каня і дадаў яшчэ больш фантастычнасці ў версію пра яго вяртанне
З нагоды вяртання з Чэхіі свайго раней нібыта зніклага жарабца Зазу кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў зладзіў цэлае шоу, запісаўшы відэа і выставіўшы яго ў сваім тэлеграм-канале. А заадно на радасцях падзяліўся новай версіяй таго, як гэтае вяртанне адбылося.
У новай версіі ўкраінскія спецслужбы, якім Кадыраў насуперак усім расійскім законам нібыта, паводле ягонай ранейшай версіі, заплаціў за свайго скакуна 18 тысяч даляраў, засталіся, але гэтым разам ім тыя грошы не далі і панюхаць:
«У апошні момант перадачы скакуна на мяжы ўкраінскі бок альбо задумаў нешта па-за планам, альбо нешта не падзяліў паміж сабой. Пакуль прадстаўнікі спецслужбаў Украіны высвятлялі паміж сабой адносіны ў прысутнасці маіх людзей, апошнія проста забралі каня, не аддаючы грошы. І правільна зрабілі! Канакрады з эсбэушнікаў выдатныя, а вось перагаворшчыкі — ніякія».
Зазу з'яўляецца 16-гадовым гнядым жарабцом, які знаходзіцца ва ўласнасці кіраўніка Чачні і таму быў замарожаны ў якасці яго актыву пасля ўвядзення санкцый у 2014 годзе. У сакавіку з'явілася навіна, што конь знік з адной з чэшскіх стайняў і, хутчэй за ўсё, быў скрадзены.
Каментары