Кіраўнікі Гомельскай і Бранскай абласцей абмеркавалі здарэнне з цягніком БЧ
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз па тэлефоне абмеркавалі падрабязнасці здарэння на чыгуначным перагоне Унеча — Расуха. Аб гэтым піша Telegram-канал «Гомельшчына афіцыйна».
Як адзначыў губернатар Бранскай вобласці, гомельскі экіпаж не пацярпеў, ён у поўным парадку. Вернуцца гамяльчане дадому пасля правядзення следчых мерапрыемстваў. Як гаворыцца ў паведамленні, гэта здарыцца «зусім хутка».
Іван Крупко выказаў гатоўнасць аказаць любую дапамогу, неабходную для расследавання.
1 мая ў 10:17 на 136-м км перагона Унеча — Расуха за 50 м ад грузавога поезда нумар 2528 Беларускай чыгункі спрацавала неўстаноўленае выбуховае прыстасаванне. «Цягнік нумар 2528 у складзе 78 вагонаў адправіўся са станцыі Гомель на станцыю Бранск. З-за выбуху сышло з рэек 8 вагонаў. Лакаматыўная брыгада не пацярпела», — праінфармавалі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі.
Рух цягнікоў на перагоне Унеча — Расуха ў Бранскай вобласці, прыпынены пасля выбуху, аднавілі ў 04:53 па маскоўскім часе, паведамляе тэлеграм-канал РЖД.
У ліквідацыі наступстваў здарэння ўдзельнічалі 300 чыгуначнікаў і тры цягнікі. Усяго было адрамантавана каля 100 метраў чыгуначнага палатна.
У ліпені 2022 года ў Бранскай вобласці быў таксама пашкоджаны выбухам беларускі лакаматыў. Тады ніхто не пацярпеў, было выбіта шкло ў кабіне машыніста. Пра затрыманне вінаватых невядома.
Каментары