Мінтранспарту паведаміла дэталі выбуху на чыгунцы ў Бранскай вобласці, дзе была беларуская брыгада
У Бранскай вобласці сёння пад адхон пусцілі цягнік, які перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы. У яго перагоне ўдзельнічала і лакаматыўная брыгада гомельскага дэпо. Міністэрства транспарту паведаміла некаторыя дэталі.
Мінтранспарту паведаміла, што сёння а 10-й раніцы на 136 км перагону Унеча-Расуха за 50 м ад грузавога цягніка №2528 фармавання Беларускай чыгункі спрацавала нявызначанае выбуховае прыстасаванне.
«Цягнік №2528 адправіўся са станцыі Гомель прызначэннем на станцыю Бранск.
У складзе цягніка было 78 вагонаў. У выніку выбуху сышлі з рэек 8 вагонаў», — кажа афіцыйная заява.
Па словах Мінтранса, лакаматыўная брыгада не пацярпела.
На месцы здарэння працуе пажарны цягнік станцыі Унеча Маскоўскай чыгункі. Таксама для аказання дапамогі прызначаны аднаўленчы цягнік.
Для ўдзелу ў расследаванні на месца здарэння выехалі прадстаўнікі гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Разам з тым, супольнасць чыгуначнікаў лічыць, што беларуская брыгада магла пацярпець.
«Улічваючы пашкоджанні цеплавоза, атрыманыя ў выніку выбуху, а таксама поўную адсутнасць у кабіне машыніста якіх-небудзь траўмавыключальных тэхнічных рашэнняў, можна падвергнуць сумневу заявы расійскіх прадстаўнікоў улады аб адсутнасці пацярпелых у выніку гэтага інцыдэнту», — пісалі яны раней.
Каментары