Грамадства33

«Я стала фанатам сэкандаў». Што людзі шукаюць у гэтых крамах і колькі гатовыя пакідаць там грошай?

Для кагосьці паход у сэканд-хэнд — гэта эканомія, для іншых — разумнае спажыванне і экалагічнасць. Хтосьці проста хоча знайсці нешта незвычайнае, а іншыя нават прымудраюцца зарабіць на перапродажы. Зайшлі ў дні новых паступленняў у некалькі сеткавых сэканд-хэндаў і на дабрачынную барахолку. Выданне Myfin.by спытала наведвальнікаў, чаму яны выбіраюць сэканд-хэнды, як часта туды ходзяць і колькі выдаткоўваюць на пакупкі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Арына: «Апякун сэкандаў» вырашыў узяць мяне ў абарот»

«Я паступова стала фанатам сэкандаў. Усё пачалося з пытання сяброўкі: «А як ты ставішся да сэканд?». Яна паказала мне пару цікавых рэчаў, набытых там. У галаве адклалася, што можна знайсці нешта класнае. І вось праходзіла неяк у чарговы раз міма сэканда на вул. Пуліхава. Мабыць, «апякун сэкандаў» тут жа вырашыў узяць мяне ў абарот: я знайшла навюсенькі трэнч Tommy Hilfiger за 60 рублёў і класную блузку s.Oliver за 10. Так і падсела.

З таго часу гэта мой любімы сэканд. Тым больш спецыяльна нікуды ехаць не трэба — праходжу міма кожны дзень, акрамя канікул і выхадных.

Спачатку я захапілася і купляла шмат непатрэбнага. Здавалася б, ну класная якасць, танна зусім, трэба браць! Да прыкладу, была клёвая шаўковая блузка за 7 рублёў. І нічога, што ў офіс не хаджу, — спатрэбіцца. Не, не спатрэбілася ні разу за 3 гады.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Калі пачалі назапашвацца стосы незапатрабаваных рэчаў, выпрацавала новы падыход: купляю, толькі калі бачу, што рэч мяне відавочна ўпрыгожвае. Ну і нешта базава неабходнае. Часам усё роўна праскокваюць непатрэбныя пакупкі. Але неяк лягчэй, калі такая купля каштуе 10-20 рублёў, а не 120.

Дзецям я таксама многае купляю ў сэкандах. Дачка за свае грошы нядаўна купіла новыя джынсы не найлепшай якасці ў сеткавай краме за 90 рублёў. Потым па маёй парадзе схадзіла ў сэканд і на 60 рублёў купіла 2 вятроўкі, майку і блузку.

У сэканд-хэндзе за месяц я відавочна трачу менш, чым на каву/ежу па-за домам і забавы. Неяк у дзень зніжак купіла 6 рэчаў у сэкандзе за 67 рублёў, а потым зайшла ў кавярню і за каву, амлет і дэсерт заплаціла палову гэтай сумы. Так і вывела сваю філасофію: лепш я куплю рэчы б/у, а на ашчаджанае схаджу лішні раз у добрую кавярню, адкладу на адпачынак, пералічу ў прытулак для жывёл».

Марыя: «Маё адзенне цалкам з сэкандаў, акрамя бялізны і абутку»

«Я аматарка часта апранаць новенькае. У звычайных крамах ужо б згалела. Праца ў офісе таксама стымулюе купляць больш, у нас многія прыгожа апранаюцца — хочацца не адставаць. Хоць працую ў банку і атрымліваю цалкам нармальны заробак (каля 2000 рублёў), але цэны на адзенне і абутак у Беларусі мне здаюцца завышанымі. Не ўяўляю, як іх купляюць тыя, чые заробкі меншыя за мае.

Неяк я стала заўважаць, што купіўшы, напрыклад, дарагую спадніцу, надзела яе ўсяго некалькі разоў. А якраз у сэкандзе спадніцы ў прынцыпе вельмі танныя нават у прывоз — мабыць, не вельмі папулярныя. Нядаўна вось купіла новенькую са скурзаменніка за 15 руб. і штроксавую Gant за 7. Абедзве глядзяцца вельмі крута. Ніхто не скажа, што яны з сэканда.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Нядаўна ўсвядоміла, што цяпер маё адзенне цалкам з сэкандаў, акрамя бялізны і абутку. Абутак я наогул выбіраю выключна дарагі (апошняя купля — чаравікі Dr. Martens за $270). Мне здаецца, што спалучэнне якаснага, хай і б/у, адзення і класнага абутку дае максімальны эфект і па цане, і па якасці, і па вонкавым выглядзе.

Хаджу я ў сэканды ў дні прывозаў (спецыяльна адсочваю, калі яны) для пошуку класных рэчаў, а потым ужо на максімальныя зніжкі -50% — для куплі базавых простых рэчаў. Суму штомесячных выдаткаў назваць складана, яна залежыць ад таго, ці знойдуцца прыдатныя рэчы. Зрэдку за месяц магу нічога не купіць, але часцей за ўсё ў сярэднім мае выдаткі ў сэкандзе — 50-100 руб. Гэта цана адной не самай дарагой блузкі ў звычайнай краме».

Леся: «Люблю вінтаж і незвычайныя рэчы»

«Мой стыль адзення адрозніваецца ад агульнапрынятага. Сэканды абсалютна закрываюць патрэбу ў нестандартных рэчах — там заўсёды можна адкапаць нешта такое, на што не кожны паквапіцца. Звычайна такія рэчы новыя або ў ідэальным стане — мала хто будзе насіць іх на кожны дзень. І каштуе гэта капейкі. Нават не адсочваю выдаткі на сэканды, бо яны мізэрныя.

Плюс я з тых, хто за эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, зніжэнне адходаў. Сартую смецце, нават калі ніхто не патрабуе. Наогул я за мінімалізм у спажыванні. І мне здаецца вельмі разумным не плаціць за вытворчасць новай рэчы, а данасіць рэч, якая ўжо ёсць і яшчэ ў выдатным стане».

Юля: «Шукаю толькі брэнды — гэта ўжо залежнасць»

«Я прыходжу толькі ў дні прывозу і мэтанакіравана шукаю крутыя брэнды. Ёсць у мяне такі пункцік. Люблю стыль «багатая спадчынніца», хоць такой не з'яўляюся. Акрамя таго, часцей за ўсё брэнд — гэта класны крой. Нават самыя простыя рэчы сядзяць як улітыя. І вельмі якасныя натуральныя тканіны.

З нядаўніх знаходак: два пінжакі Max Mara за 25 і 40 рублёў, дзве пары штаноў Armani за 20 і 35 рублёў, усё гэта без бачных прыкмет нашэння, паўпаліто добрай французскай маркі з 90% воўны — за 50 рублёў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Але, вядома, знаходжу я такія рэчы не часта, асабліва каб і памер мне падышоў. Таму рэгулярна сыходжу без пакупак. Максімальная сума выдаткаў на сэканд у месяц складала рублёў з 250. Удала вылоўліваліся рэчы. Але гэта вялікая рэдкасць, звычайна істотна менш ці ўвогуле нічога.

Наогул у мяне ўжо выпрацавалася залежнасць, падобная да гульняманіі: кайф ад крутых знаходак за капейкі».

Кацярына: «Хачу знайсці сукенку для выпускнога»

«Я звычайна купляю вопратку ў Польшчы. Бацькі спецыяльна ездзяць туды ў перыяд зніжак на шопінг. У асноўным усе мае пакупкі з мас-маркету (Bershka, Zara, Н&М). Але на выпускны хачу знайсці нешта незвычайнае, што дакладна не паўторыцца ні ў кога ў гімназіі. І яшчэ мне важна не вельмі патраціцца. Тым больш што шыкоўныя рэчы я нашу вельмі рэдка, і ўбор наўрад ці спатрэбіцца яшчэ раз. У сэканды часта заходзіць мая сяброўка. Я бачу, якія цікавыя рэчы яна там знаходзіць, і вырашыла таксама паспрабаваць. Пакуль нічога не падабрала (ужо бачыла клёвую сукенку за 25 рублёў, але памер не падышоў), але веру, што за некалькі наведванняў знайду патрэбнае».

Мілана: «Купляю б/у рэчы ў дабрачынным праекце»

«У звычайныя сэканды я не хаджу. А вось дабрачынны праект KалiLаskа прываблівае мяне і мэтамі, на якія ідуць атрыманыя грошы, і нізкімі цэнамі на выдатныя рэчы, і тым, што, акрамя адзення і абутку, тут можна купіць класныя кнігі, посуд, ўпрыгожанні.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Асабліва падабаецца іх барахолка, якая праходзіць раз на месяц на працягу 4 дзён. Я прыходжу ў першы дзень, каб паспець выбраць з максімальнага асартыменту. А потым іду ў апошні дзень і са зніжкай 50% знаходжу яшчэ шмат цікавага. Напрыклад, у апошні дзень на адной з барахолак купілі мужу паліто Calvin Klein за 20 рублёў у выдатным стане і абсалютна новае шыкоўнае падарункавае выданне Гі дэ Мапасана за 24 рублі.

Самыя вялікія выдаткі за барахолку ў мяне — 200 рублёў. Гэта былі і адзенне, і торба, і кнігі, і сёе-тое з посуду. Часцей упісваюся рублёў у 50-100».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Антон: «Купляю брэндавыя рэчы — і перапрадаю»

«Я хаджу прыкладна ў 15 зручна размешчаных для мяне сэкандаў па графіку новых паступленняў. Сабе купляю трохі, бо абыходжуся невялікай колькасцю рэчаў. Але праглядаю ўвесь асартымент крам на прадмет брэндавых рэчаў (крыху вышэй за ўзровень мас-маркету, хоць і Zara часам бяру) актуальных мадэляў у выдатным стане. Перапрадаю іх потым сярод аднакурснікаў, на анлайн-барахолках, на праекце Open Шафа.

Ужо налаўчыўся, разумею, што прадаецца лепш за ўсё (раней бывала, што рэчы завісалі надоўга). Атрымліваецца часам нядрэнны дадатак да стыпендыі. Увогуле такі баер з сэкандаў. Сумы выдаткаў у сэкандах заўсёды вельмі розныя, часам і з пустымі рукамі выходжу».

Таццяна: «Гэта адзіная магчымасць прыстойна апрануць дзяцей»

«Хаджу ў сэканды праз абсалютны недахоп грошай на паходы ў звычайныя крамы. Я адна выхоўваю дваіх дачок 14 і 12 гадоў. Нам ледзь хапае на нармальную ежу і неабходныя выдаткі. Зарабляю няшмат, дапамагчы асабліва няма каму, а вельмі хочацца, каб дочкі не адчувалі сябе сярод аднагодкаў няўтульна з-за адзення. Балазе цяпер падлеткі ў асноўным апранаюцца без асаблівага выпяндрожу. І ў іх стылі «ўсё свабоднае, пажадана чорнае, з прыкольнымі прынтамі».

Я лёгка выбіраю практычна ў любое наведванне сэканду рэчы за разумныя грошы (майка 5-10 руб., пінжак 10-25, джынсы 10-30). А калі дабрацца да «Поля цудаў» у Ждановічах, то цэны будуць яшчэ ніжэйшыя».

Каментары3

  • брр
    29.04.2023
    жах
  • Истина
    30.04.2023
    Покупая вещи мёртвых вы покупаете смерть. Ведь в данном случае особой стойкий вирус и тп победил человека и его лекарство. Для стерилизации нужен 500° автоклав и конечно же никто на практике в Украине так не делает. Вирус более стойкий чем кожа и т.д поэтому нормально стерилизовать можно только металлы и камень
  • Люда
    30.04.2023
    Истина, это где же столько мертвых набрать,,,,,могу только припустить что когда человек умер его вещи со шкафа отдали ,,,,ну извините они же не с мёртвого

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Пераходная адміністрацыя Трампа адмаўляе, што дарадца Ланза казаў пра Украіну ад яе імя20

Даследаванне ДНК ахвяр вывяржэння ў Пампеях разбурыла прыгожую легенду пра маці з дзіцем10

У Прыпяцкім нацыянальным парку адшукалі старажытныя курганы1

«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў105

«Крыма больш няма». Амерыка пры Трампе не збіраецца дапамагаць Украіне вяртаць акупаваныя Расіяй тэрыторыі?40

Навуковец назваў два раёны Мінска, якія аблюбавалі кажаны2

Для Лукашэнкі запісалі песню «Надо!» з Дзім Дзімычам, Саладухам і Ярмоленкам26

У Вілейскім раёне збіралі грошы на рэстаўрацыю старадаўняй царквы. У выніку з яе проста выкінулі ўсё старое6

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Галоўнае
Усе навіны →