Сур'ёзная аварыя пад Слуцкам — пяцёра трапілі ў бальніцу, адзін загінуў на месцы
Кіроўца Lada не саступіў дарогу пазадарожніку.
ДТЗ здарылася 9 лістапада ў Слуцкім раёне каля 16:30 на 69 км аўтадарогі Р-23 «Мінск — Мікашэвічы» паблізу вёскі Гацук, паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама.
22-гадовы кіроўца Lada Granta паварочваў налева і не саступіў дарогу пазадарожніку Mitsubishi Outlander, за стырном якога быў 51-гадовы кіроўца.
У выніку аварыі 28-гадовы пасажыр Lada ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы здарэння. Кіроўцу Lada шпіталізавалі.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што пасля ДТЗ пацярпелі пяцёра. Іх адвезлі ў Слуцкую цэнтральную раённую бальніцу.
Ва ўсіх пацыентаў спалучаныя траўмы. Адзін з пацярпелых, грамадзянін Расіі (22 гады), у рэанімацыі. Чацвёра пацыентаў (з якіх адзін юнак 17 гадоў), яшчэ праходзяць абследаванні і будуць шпіталізаваныя ў аддзяленне траўматалогіі.
Каментары