Навагрудскі архіепіскап заявіў, што Зяленскі купіў машыну Гітлера. Гэта даўно абвергнуты фейк
У епархіяльнай газеце апублікавалі інтэрв'ю архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя з фэйкам, які ўжо даўно абверглі.
У інтэрв'ю епіскап БПЦ Маскоўскага патрыярхату разважае пра міжнародную палітыку. Натуральна, з пункту гледжання расійскай прапаганды.
Так, Гурый у матэрыяле, які заўважыла «Хрысціянская візія», называе галоўнай мэтай ЗША знішчэнне праваслаўя, расказвае, як жыхары краін Захаду нібыта масава бягуць жыць у Расію і Беларусь ад «няправільных каштоўнасцяў». А таксама, спасылаючыся на аднаго са святых, прадказвае глабальную перамогу Расіі:
«Расія ўваскрэсне з мёртвых, і ўвесь свет здзівіцца… Ворагі абрынуцца на Расію, як саранча, і тады супраць яе апалчыцца ўвесь свет. Расія страшна зграшыла перад дабрынёй Гасподняй… Але апантанасць пройдзе, народ вылечыцца, звернецца да пакаяння, веры».
Асобна Гурый спыняецца на Украіне, крытыкуючы забарону Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. І тут архіепіскап паўтарае фэйк, які даўно абверглі.
«Як паведамляюць навінавыя парталы, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі купіў за 15 мільёнаў даляраў лімузін Гітлера, які захаваўся да нашых часоў. Кіраўнік Украіны, падобна, атаясамлівае сябе з нацыстамі, усімі сіламі спрабуючы дагадзіць Захаду. І гэта пры тым, што яго дзед змагаўся з гітлераўскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны…» — сцвярджае Гурый.
Вядома ж, гэта няпраўда. Фальшывая навіна аб тым, што прэзідэнт Украіны купіў лімузін Гітлера, стала распаўсюджвацца па прарасійскіх каналах і СМІ ў пачатку кастрычніка. Яе першакрыніца — сайт Seattle Tribune, які, паводле версіі «Голасу Амерыкі», можа ўваходзіць у расійскую сетку псеўдасмі пад кіраўніцтвам былога марпеха ЗША Джона Дугана. «Наша Ніва» расказвала пра гэтую сетку па распаўсюджванні дэзінфармацыі ў інтарэсах расійскіх спецслужбаў.
Сам пост на Seattle Tribune быў цалкам фальсіфікаваны. Сайт спасылаўся на паведамленне ва ўкраінскім тэлеграм-канале, якога ў рэальнасці не было. А скрыншот з лімузінам, які нібыта стаіць перад рэзідэнцыяй Зяленскага ў Кіеве, быў створаны ў фоташопе.
Аналагічны Mercedes-Benz сапраўды выстаўлялі на аўкцыён у ЗША ў 2018 годзе, пра што паведамляла рэальнае СМІ The Seattle Times — адтуль аўтары фэйкавай навіны і ўзялі частку інфармацыі. Аўтамабіль праз некаторы час купіў хтосьці з-за мяжы, але арганізатары аўкцыёну не сталі называць канкрэтнае імя.
Журналісты там жа прыводзілі словы нямецкага прадаўца старадаўніх аўтамабіляў, які казаў, што ў 2009 годзе шэсць падобных машын былі набытыя расійскім мільярдэрам. Сярод іх быў і аўтамабіль, згаданы ў фэйкавым артыкуле.
Каментары
Не Зяленскі, а Кірыла Гундзяеў, не аўто, а гадзіннік, і не за 15 млн., а за 30 тыс. $.