Грамадства11

Гульца віцебскага «Макслайна» затрымалі проста на футбольным полі

Сілавікі проста на трэніроўцы затрымалі гульца віцебскага «Макслайна» Цімафея Лукашэвіча. Партнёры спачатку думалі, што гэта розыгрыш ягонай крэатыўнай нявесты, але пасля высветлілася, што яна таксама патрапіла за краты, піша тэлеграм-канал «О, спорт! Ты — мір!».

Калаж: «Трыбуна»

На мінулым тыдні ў рагачоўскім «Макслайне» адбылася чарговая нетыповая падзея, але пра яе самы яркі клуб першай лігі не стаў расказваць у сваіх сацсетках. На трэніроўку каманды ў Мінску заявіліся сілавікі, якія затрымалі паўабаронцу экс-рагачоўцаў Цімафея Лукашэвіча. Спачатку партнёры думалі, што сталі сведкамі розыгрышу, але даволі хутка яны скемілі, што ўсё па-сапраўднаму. 

Хто такі Цімафей Лукашэвіч?

26-гадовы апорны паўабаронца ўжо амаль восем гадоў у прафесійным футболе, аднак вялікіх дасягненняў не мае. Займаўся ў СДЮШАР «Дынама», у 2015-м аказаўся ў дублі мінскага клуба, але ні тады, ні ў наступныя пару гадоў не змог прабіцца ў аснову «бела-блакітных». У студзені 2017-га Лукашэвіч працягнуў кантракт з «Дынама», але ўжо ў сакавіку адправіўся ў арэнду ў сталічны «Прамень» з першай лігі. Першапачаткова арэнда была разлічаная на паўгода, але ўлетку дамову працягнулі, і Цімафей дапамог калектыву стаць чэмпіёнам Д2 і выйсці ў «вышку». Паўабаронца вызначыўся трыма галамі ў 29 сустрэчах.

Апорнік застаўся ў камандзе Івана Біёнчыка і на наступны сезон: у студзені разарваў кантракт з «Дынама» і падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Праменем». Праўда, у Д1 нагуляў няшмат — 15 матчаў без ачкоў. Пасля таго сезона «Прамень» аб'яднаўся з магілёўскім «Дняпром» і пераехаў на ўсход Беларусі, абраўшы назву «Дняпро». У калектыве застаўся і Лукашэвіч. Праўда, год у новаўтворанай камандзе да канца не дагуляў. Правёўшы ўсяго восем паядынкаў (у сярэднім 55 хвілін на полі), у жніўні выправіўся ў арэнду ў мікашэвіцкі «Граніт»: 10 матчаў (у сярэднім 24 хвіліны на полі) за другую частку сезона.

У снежні 2019-га мінчук пакінуў «Дняпро» і на год застаўся без прафесійнага футбола — проста не меў прапаноў. Толькі ў лютым 2021-га кар'ера аднавілася: паўабаронца далучыўся да «Макслайна», які рыхтаваўся тады да чарговага сезона ў другой лізе. У камандзе Лукашэвіч дагэтуль, разам з ёй адгуляў сезон у Д3, выйшаў у Д2, летась узяў удзел у першым «сутыку» з «Арсеналам» (выйшаў на замену ў канцы дадзенага часу) і, калі б не зацятасць АБФФ, то зараз бы рыхтаваўся да паядынкаў «вышкі».

Ну а так — пакуль ізноў Д2. На гэты момант за плячыма Цімафея — 27 матчаў за «Макслайн» у чэмпіянаце і Кубку Беларусі (19 паядынкаў у аснове, у сярэднім — 70 хвілін на полі) і адзін гол. Гэта быў пераможны мяч у паядынку з «Асіповічамі» (3:0) у чэрвені 2022-га.

Засвяціўся Лукашэвіч і на міжнародным узроўні. Яшчэ гульцом «Праменя» ў 2017-м правёў два матчы за маладзёжную зборную Беларусі. У сакавіку і маі паўабаронца адгуляў таварнякі з аднагодкамі з Латвіі (3:4) і Расіі (0:7) адпаведна. Людас Румбуціс адвёў апорніку з латвійцамі 32 хвіліны, з расіянамі — 45. І свой след у гісторыі калектыву Лукашэвіч пакінуў. У дэбютным матчы за «маладзёжку» выйшаў на замену на 58-й хвіліне і паспеў адзначыцца дублем (забіваў на 63-й і 94-й хвілінах).

Гэтай зімой 26-гадовы апорнік разам з «Макслайнам» рыхтаваўся да новага сезона ў першай лізе. Але проста цяпер гульцу не да футбола. І справа зусім не ў нейкіх спартовых чынніках.

Што здарылася з футбалістам?

25 сакавіка «Макслайн» у Мінску правёў спарынг з БАТЭ (1:1). Аднак ні ў аснове, ні на замене Лукашэвіч не фігураваў, хаця ў «таварняку» з «Асіповічамі» 18 сакавіка апорнік трапіў у заяўку (папярэднія спарынгі прапускаў праз траўму).

На старонцы ва «УКантакце» ўжо па факце віцебскай каманды — «Макслайн» пераехаў у яго з Рагачова — адсутнасць мінчука пазначана словам «іншае». Не траўма, не яшчэ нешта, а «іншае». Пры гэтым ніводзін чалавек у каментарах не задаўся пытаннем, куды ж знік Лукашэвіч.

За пару дзён да гэтага Цімафей адсвяткаваў 26-годдзе (у сацсетках клуб назваў паўабаронцу «адным з самых загадкавых і безразважных гульцоў нашага калектыву»), быў у выдатным настроі і паўнавартасна трэніраваўся пасля траўмы.

Ну, а «іншае» з ім адбылося 23 сакавіка. У той чацвер каманда праводзіла трэніроўку на стадыёне ФК «Мінск» на Маякоўскага. У нейкі момант на трэніроўку заявіліся нейкія людзі ў форме. Трэніроўка была спыненая, і ўсе сталі сведкамі затрымання гульца. Ніякіх абвінавачанняў Лукашэвічу проста там выстаўлена не было, ды і абышлося без гвалту ў прысутнасці відавочцаў — затрыманне прайшло спакойна. Гульца, які не аказваў ніякага супраціву, павялі са стадыёна.

Некаторыя адразу не зразумелі, што здарылася. Людзі меркавалі, што гэта нейкі розыгрыш, пранк, бо нявеста Цімафея Кацярына працуе супрацоўнічала з кампаніяй «Імперыя квэстаў» (спачатку нават пісалі, што яна там дырэктарка, але аказалася, што гэта не так). Забаўляльныя праекты кампаніі арыентаваныя на правядзенне выязных квэстаў. Жанры прапануюцца зусім розныя: крымінальныя баевікі, містыка, трылеры, хорары, фантастыка, прыгоды. Пра працу Кацярыны ведалі і партнёры Лукашэвіча па камандзе, таму і падумалі, што з'яўляюцца сведкамі чарговага квэсту, які арганізавалі Кацярына і яе калегі.

Аднак сумневы развеяліся, калі гульцы даведаліся, што разам з Лукашэвічам затрыманая і яго нявеста (праўда, дзе гэта адбылося, невядома). Ну а затым абаім прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту (што прад'явілі пары, мы не ведаем). На наступны дзень пасля затрымання Кацярыне споўнілася 26 гадоў.

Сацыяльныя сеткі і Кацярыны, і Цімафея маўчаць ужо некалькі дзён. Напрыклад, футбаліст заходзіў ва «УКантакце» пяць дзён таму, яго нявеста — шэсць.

Што гавораць у клубе і «Імперыі квэстаў»?

Ад імя зацікаўленых кліентаў тэлеканал «О, спорт! Ты — мір!» звязаўся з кампаніяй «Імперыя квэстаў» і паспрабаваў высветліць, ці можна пагутарыць з Кацярынай. Аднак па вайберы ніхто не адказаў. У месенджары высвечваецца, што абанент апошні раз быў анлайн 24 сакавіка (на наступны дзень пасля затрымання Цімафея і Кацярыны). Засталіся непрачытанымі паведамленні і ў інстаграме, і ва «УКантакце».

Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты — мір!» звязаўся таксама з дырэктарам «Макслайна» Андрэем Іваненкам, каб даведацца пра стан траўмаваных гульцоў, якія прапускалі матч з БАТЭ, а таксама пра прычыны адсутнасці ў заяўцы Лукашэвіча.

Цімафей Лукашэвіч, па словах Іваненкі, ударыў галёнкаступнёвы сустаў і выбыў на два тыдні. На пытанне, чаму тады паўабаронца ўнесены не ў спіс траўмаваных, а яго адсутнасць у матчы з БАТЭ тлумачыць нешта «іншае», функцыянер адказаў, што, «акрамя траўмы, ён [Лукашэвіч] адсутнічаў на гульні яшчэ і па асабістых прычынах».

Каментары1

  • За што ?
    27.03.2023
    Зашмат літар, а па сутнасці лічы нічога.

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы14

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА37

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →