Каманда заслужыла па спартыўным прынцыпе гуляць у вышэйшай лізе, але не зможа
Футбольная каманда «БК Макслайн» з Рагачова сёлета здабыла права гуляць у наступным годзе ў вышэйшай лізе айчыннага футбола, але зрабіць гэтага не зможа, бо не адпавядае патрабаванням АБФФ.
Выканаўчы камітэт АБФФ на сённяшнім пасяджэнні разгледзеў хадайніцтва футбольнага клуба «БК Макслайн» аб тым, каб для яго зрабілі выключэнне па выкананні патрабаванняў артыкула 12 Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў.
Згодна з патрабаваннямі артыкула 12 гэтага Рэгламенту, суіскальнікам ліцэнзіі АБФФ «Вышэйшая ліга» можа быць толькі футбольны клуб, які з'яўляецца членам АБФФ не менш за два гады запар. А клуб «БК Макслайн» уступіў у члены АБФФ толькі ў сакавіку 2022-га.
Пасля абмеркавання пытання члены выканаўчага камітэта АБФФ прынялі рашэнне ў задавальненні хадайніцтва адмовіць. Такім чынам, рагачоўскі клуб, які адпавядае правілам вышэйшай лігі паводле спартыўнага прынцыпу, не ўпісаўся ў іх паводле бюракратычнага.
«Макслайн» выйграў права выступаць у вышэйшай лізе ў дзяржынскага «Арсенала», апярэдзіўшы яго па суме вынікаў серыі з двух пераходных матчаў.
Каментары