Стала вядома, куды знік былы дырэктар ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання». Яму далі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Год таму «Наша Ніва» паведамляла пра знікненне генерала Генадзя Казакова, кіраўніка вайскова-прамысловага холдынга «Агат — сістэмы кіравання». Калектыву тады казалі, што дырэктар «зламаў нагу, таму не ходзіць на работу». «Зеркало» высветліла, што Казакова асудзілі за хабар у асабліва буйным памеры. Тэрмін атрымаў і дырэктар прадпрыемства, які перадаваў яму хабары.
За што судзілі Казакова
Аб затрыманні і судзе над Казаковым не паведамлялі ведамствы і дзяржаўныя СМІ, але пра гэта стала вядома дзякуючы прысуду, апублікаванаму ў Банку судовых рашэнняў.
Прыгавор быў вынесены 8 лістапада 2022 года судом Савецкага раёна горада Мінска. Да яго вынясення Казакоў знаходзіўся ў СІЗА КДБ.
У матэрыялах суда пазначана, што ў перыяд 2020—2022 гадоў
Генадзь Казакоў атрымаў ад дырэктара беларускага прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства (ПГВУП), якое пастаўляла холдынгу камплектуючыя для вытворчасці сродкаў сувязі расійскай вытворчасці, хабараў на агульную суму 30 тысяч даляраў.
Дырэктар ПГВУП некалькі разоў перадаваў дырэктару «АГАТ — сістэмы кіравання» пакеты з грашыма праз агульную знаёмую — Казакоў быў хросным бацькам яе дачкі.
На судзе Казакоў прызнаў віну.
Генадзя Казакова прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) КК Беларусі. Яму прызначылі сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 700 базавых велічыняў (22400 рублёў). Яго таксама пазбавілі воінскага звання генерал-маёр запасу.
Дырэктара прадпрыемства, які перадаваў хабар Казакову, таксама асудзілі. Яго прызналі вінаватым на падставе ч. 2 арт. 431 (дача хабару ў буйным памеры) КК Беларусі і прыгаварылі да двух гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 500 базавых велічынь (16000 рублёў). Яго таксама пазбавілі воінскага звання падпалкоўнік запасу.
Чым вядомы холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання»
Холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання», чыёй кіруючай кампаніяй зʼяўляецца ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання», — адна з найбуйнейшых арганізацый Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі.
У канцы красавіка 2022 года «Наша Нiва» паведаміла аб магчымым затрыманні дырэктара «АГАТ — сістэмы кіравання». Калектыву паведамілі, што дырэктар «зламаў нагу, таму не ходзіць на працу». Ягоны тэлефон быў недаступны, у мэсэнджарах ён апошні раз быў 24 красавіка таго года. Прозвішча Казакова ў той час таксама знікла са старонкі кіраўніцтва на сайце кіруючай кампаніі холдынгу «АГАТ — сістэмы кіравання». Зараз на сайце прадпрыемства ўвогуле выдалілі старонку са звесткамі рпа кіраўніцтва ААТ.
7 ліпеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў дырэктарам ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» Мікалая Балігатава. Раней ён узначальваў «Агат — электрамеханічны завод», які ўваходзіць у холдынг.
Адзін з правалаў прадпрыемтсва пра Казакове «Наша Ніва» аспісвала на пачатку 2020-га: «Агат» не здолеў даць рады прымітыўнаму па сённяшніх мерках ІТ-рашэнню ў напісанні праграмы-каталога, патраціўшы на гэта 2 мільёны рублёў і 4 гады.
Таксама гучным правалам была і гісторыя з распрацоўкай беларускіх беспілотнікаў на дзяржаўныя сродкі пад дзясятак мільёнаў даляраў, дзе замоўцам выступала Мінабароны. Меркавалася, што будзе нешта кшталту «Байрактара», але распрацоўку, якая атрымалася, замоўца адмовіўся прымаць.
Хто такі Генадзь Казакоў
Генадзю Казакову зараз 59 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Сёмукачы Магілёўскага раёна. У 1985 годзе скончыў Ульянаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі. З 1985 па 1998 год служыў на розных пасадах у 86-й брыгадзе сувязі. З 1998 да 2000 года быў слухачом Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
У 2005 годзе яго прызначылі начальнікам сувязі ўзброеных сіл — начальнікам упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, на гэтай пасадзе ён прапрацаваў 12 гадоў.
У красавіку 2017 года ўказам Аляксандра Лукашэнкі Генадзь Казакоў быў прызначаны дырэктарам ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання», а ў ліпені таго ж года стаў генеральным канструктарам па аўтаматызаваных сістэмах кіравання і сродках сувязі Рэспублікі Беларусь.
Казакоў быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені, медалём «За бездакорную службу» І ступені і ўдастоены ганаровага звання «Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
-
«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця
-
«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне
-
Канапацкая адказала, ці ёсць у яе нямецкі ДНЖ
Каментары