Адваката Міхаіла Макарава асудзілі да года калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да аднаго года калоніі асудзілі палітзняволенага адваката Міхаіла Макарава. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна, піша «Вясна».
Міхаіла Макарава затрымалі з жонкай і яшчэ адной адвакаткай — Анастасіяй Сагановіч — 13 верасня 2022 года. Тады затрыманне адваката звязвалі з абаронай палітзняволеных актывістаў анархічнага руху. Ён абараняў палітзняволенага Мікіту Дранца па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння».
Адразу Макарава асудзілі на 15 сутак у судзе Фрунзенскага раёна Мінска паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 КК і перавялі ў СІЗА, дзе яго ўтрымліваюць да гэтага часу.
3 лістапада 2022 года Міністэрства юстыцыі пазбавіла Міхаіла ліцэнзіі з прычыны «дысцыплінарных спагнанняў і за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката».
2 сакавіка 2023 года над адвакатам, пазбаўленым ліцэнзіі, распачаўся суд.
У выніку, Макраву прызначылі адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Каментары