Грамадства1414

Сахашчык расказаў пра сваё знаёмства з Залужным, колішняе прыяцельства з Вальфовічам і стан беларускай арміі

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык даў інтэрв'ю Youtube-каналу «Жыццё-маліна». Ён расказаў пра сустрэчу з Залужным, назваў моцныя і слабыя бакі ў арміі Беларусі, а таксама згадаў, як напачатку вайны КДБ ездзіў па падраздзяленнях на мяжы з Украінай і праводзіў размовы.

Скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

«Залужны высока ацаніў дзеянні беларусаў ва Украіне»

З галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны Валерыем Залужным Сахашчык пазнаёміўся яшчэ ў 2010 годзе. У 2022-м яны сустрэліся па ініцыятыве Залужнага.

«Мне гэты чалавек падаўся фенаменальна цікавым. <…> Ён яшчэ па духу такі ж ваяр, як і я, яму цікава ўсё тое ж, што цікава мне. Таму наша першая размова ў 2022 годзе была пра нейкія рэчы, не звязаныя наўпрост з тым, што адбываецца паміж Украінай і Расіяй», — расказвае ён. 

Па словах Валерыя Сахашчыка, Залужны высока ацаніў дзеянні беларусаў ва Украіне.

«Залужны не адзіны генерал Узброеных сіл Украіны, з якім я меў зносіны, — кажа Сахашчык. — Акрамя вайскоўцаў, меў зносіны з нейкай колькасцю кіраўнікоў грамадзянскіх. Узровень маіх зносін дастатковы для выканання задач, якія перада мной стаяць.

Полк Каліноўскага здзейсніў вялікую справу — абараніў гонар і годнасць нашай нацыі. Яны першымі пачалі ваяваць, панеслі страты. У тым ліку загінулі там хлопцы, якія ваявалі яшчэ з 2014 года, стваралі гэтае фармаванне. Дзякуючы палку Каліноўскага, уся Украіна ведае, што беларусы ваююць за іх. Там ваююць цудоўныя хлопцы, патрыёты, вельмі матываваныя, якія гатовыя ісці на любую ахвяру, выконваць любую баявую задачу. Нічога, акрамя слоў захаплення, я сказаць не магу.

Я размаўляў з кіраўніцтвам палка яшчэ напрыканцы лютага. Яны мне прама сказалі, што іх мала хвалюе, кім ты быў раней, якое ў цябе званне. Зробіш на гэтай вайне тое, што робім мы, тады мы з табой сядзем і будзем дамаўляцца. Чыста па-мужчынску гэта нармальны пункт гледжання, да якога я паставіўся з павагай».

«Працую ў кабінеце на грамадскіх пачатках, пакуль не атрымаў ніводнай капейкі»

Ён таксама расказаў, што цяпер ідзе працэс фарміравання новай беларускай вайсковай часці, якая будзе знаходзіцца пад камандаваннем УСУ.

«У адрозненне ад фармаванняў, якія былі раней, гэтая часць ужо валодае даволі сучаснай і эфектыўнай сістэмай разведкі, кіравання войскамі, сувязі і сродкамі агнявога паражэння.

Такая вайна, якую вядзе полк Каліноўскага, батальён «Тэрор», «Пагоня» — гэта не зусім тое, што нам трэба. Гэта часам прыводзіць да неапраўданых ахвяр. Вайсковае фарміраванне павінна мець усе элементы арміі XXI стагоддзя, прычым на якасным узроўні, які дазваляе мець перавагу над супернікам.

Мая галоўная мэта — гэта захаваць жыцці людзей. Таму я шукаў і буду далей шукаць сродкі на тое, каб стварыць сістэму, якая павысіць шансы на выжывальнасць людзей, якія ў ёй удзельнічаюць. Фінансавае пытанне стаіць. Пры наяўнасці грошай шмат якія рэчы можна было б рабіць хутчэй», — дзеліцца Сахашчык.

Па словах прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, украінскі бок аказвае дапамогу ў фарміраванні новай часці. У выніку яна будзе выконваць тыя ж задачы, што і любая іншая часць УСУ.

«Украінскі бок таксама зацікаўлены, каб гэтая часць была эфектыўнай. Мы разумеем, што ўкраінцам самім вельмі шмат чаго не хапае. Што яны маюць, што могуць — даюць.

Ва Украіне мы маем дапамогу ад беларускіх дыяспар, нешта за кошт маіх уласных сродкаў. Тое, што па-за тэрыторыяй Украіны, не фінансуецца пакуль ніяк. Я працую ў кабінеце на грамадскіх пачатках, пакуль не атрымаў ніводнай капейкі ніадкуль», — сказаў ён.

Сахашчык не назваў, колькі сваіх грошай уклаў, абазначыў толькі, што гэта сума меншая за 100 тысяч даляраў.

«КДБ накіроўвалі ў падраздзяленні на мяжы, каб агітаваць»

Журналіст Мікіта Мелказёраў пацікавіўся ў Валерыя Сахашчыка, ці падтрымлівае ён меркаванне, што Лукашэнка баіцца ўключацца ў вайну праз тое, што беларускія салдаты, атрымаўшы зброю, развернуцца і пойдуць на Палац Незалежнасці.

«Гэта можа быць праўдай, — адказаў ён. — Ёсць падстава меркаваць, што ў канцы лютага 2022 года Лукашэнка хацеў адправіць беларускае войска ва Украіну, але не змог. Таму што пачалося сур'ёзнае хваляванне ў розумах знізу.

Шмат людзей сталі выказваць меркаванне, што з якога перапуду ўкраінцы сталі нашымі ворагамі, з чаго раптам мы мусім іх забіваць. Растлумачце, што нам зрабілі дрэннага ўкраінцы. 

Камандзіры на месцах не змаглі адказаць на гэтыя пытанні. Дакладна вядома, што практычна ўвесь склад органаў КДБ быў накіраваны ў часці падраздзяленняў, якія стаяць на мяжы з Украінай. Яны на працягу доўгага часу, не менш за тыдзень, праводзілі гутаркі, запалохвалі, агітавалі.

І потым гэтыя людзі, зусім не дурныя людзі, далажылі свайму начальству, што дрэнна атрымліваецца, нічога добрага з гэтага не атрымаецца».

Наколькі добрае беларускае войска? Валерый Сахашчык назваў моцныя і слабыя бакі беларускай арміі. 

«Напрыклад, узровень карупцыі не такі высокі. Ён прысутнічае на ўзроўні людзей, якія займаюцца закупкамі, падпісаннем кантрактаў. Усё, што тычыцца непасрэдна тых, хто служыць, — я не чуў пра нейкія сур'ёзныя, значныя праявы карупцыі.

У беларускай арміі ёсць пэўны парадак, дысцыпліна. Яна займаецца падрыхтоўкай на ўзроўні вышэйшым за сярэдні.

Другая праблема ў тым, што гэта армія тыпова мірнага часу, у якой людзей ацэньваюць не па рэальным укладзе ў павышэнне баяздольнасці, а па ўменні дагадзіць начальству і па паказусе. 

І апошняе — армія забяспечваецца па рэшткавым прынцыпе, калі параўноўваць з іншымі сілавымі структурамі».

«Складана прыняць, што Вальфовіч ва ўзросце 50-ці гадоў раптам стаў сволаччу»

Таксама Валерый Сахашчык расказаў, што ён 30 гадоў сябраваў з дзяржсакратаром Рады Бяспекі Аляксандрам Вальфовічам. І усе гэтыя гады ён ведаў яго «як разумнага, адукаванага, прыстойнага чалавека».

«Мне складана прыняць тое, што ён ва ўзросце 50-ці гадоў раптам стаў сволаччу і нягоднікам, — кажа ён. — Як мінімум, я павінен з ім паразмаўляць. Хачу пачуць, што скажа ён, і тады рабіць нейкія высновы.

У мяне не было магчымасці пасля 2020-га з ім паразмаўляць. Пасля таго, як я выступіў у жніўні 2020-га, кантакты тады са мной скараціліся. 

Я дапускаю, што ў той сітуацыі, у якой ён, іншы чалавек мог бы зрабіць значна горш. І пакуль я не разбяруся ў гэтым, ніякае кляймо ставіць не буду і ярлык вешаць. У мяне няма мэты даваць ацэнку камусьці, станавіцца суддзёй ці экспертам.

Я ўпэўнены, што змены адбудуцца. Для мяне сур'ёзнае пытанне, як гэта будзе. Хацеў бы, каб гэта было мірным дэмакратычным шляхам, каб не было кровапраліцця, каб не была загублена да канца эканоміка краіны, каб краіна не страціла дасведчаных, адукаваных людзей. Памятаю, што я ў нейкі момант выйду размаўляць з людзьмі ў пагонах таго боку. Сярод іх можа аказацца і Вальфовіч».

Пра сына, які служыў у Сілах спецыяльных аперацый

Адзін з сыноў Валерыя Сахашчыка на момант пачатку вайны служыў у беларускім войску ў камандаванні Сіл спецыяльных аперацый. Калі пачалася вайна, ён здолеў выехаць за мяжу.

«Калі ў мяне ўзнікла ідэя выступіць з гэтым зваротам, я з ім параіўся. Ён сказаў, калі мы прымалі рашэнне выступаць мне ці не, што прыме любое маё рашэнне, ваяваць ва Украіну ён не пойдзе.

Ён меў адпаведную падрыхтоўку, каб самастойна эвакуіравацца», — кажа Сахашчык. 

Чытайце таксама: 

Мікіта Мелказёраў: Мы навучаныя з дзяцінства, што ёсць якаснае рускае, а наша — нібыта пародыя на ўсё

«Лукашэнку варта не забываць лёс Кадафі» — Эйдэльман у Мелказёрава

Ксёндз Барок даў інтэрв’ю Мелказёраву: «Нельга параўноваць Лукашэнку з Сатаной»

Каментары14

  • Вітаўт
    14.01.2023
    У тэлеграм канале Нашай Нівы фота Сахашчыка пад загалоўкам: "Залужны высока ацаніў дзеянні беларусаў ва Украіне". Вось мне цікава а Сахашчык да гэтака якім бокам? Поўк Кастуся Каліноўскага гэта адзіная беларуская структура якая ваюе ва Украіне не лічачы сімвалічнай "Пагоні" у якой здаецца чалавек 10. І да ПКК Сахашчык не мая а ні якіх адносінаў. Так навошта гэтыя маніпуляцыі?
  • Тадзiк
    14.01.2023
    Нейкi засланы казачок, гэты Сахашчык. I сынок яго луке да апошняго служыу, мо i пратэсты падауляу. I Вальфовiч служка рэжыму , якi дапамагае акупантам, не сволач у яго. I паспорт у яго расейскi быу. Ня веру я яму, як кажуць- быушых гэбiстау не бывае.
  • гобба
    14.01.2023
    Похожь. Может брат, разлучённый в децтве?

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка18

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

«Што возьмеш з гэтага дзеда?» На беларускай трыбуне падчас матчу ў Варшаве здарылася патасоўка4

Ліквідавана Пінская каталіцкая духоўная семінарыя4

Двух расійскіх кантрактнікаў асудзілі ў Расіі да пажыццёвага за расстрэл дзевяці чалавек у акупаванай Валнавасе2

«А што вы хочаце за такія грошы?». Тыкток абмяркоўвае гасцініцу ў Ашмянах5

Міністр замежных спраў Ізраіля тэрмінова вылецеў у Нідэрланды2

Пад Мазыром п'янага кіроўцу спынялі стрэламі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка18

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →