Нерухомасць33

Нацбібліятэка, дом Чыжа… Эксперты па архітэктуры знайшлі азначэнне «агратрэшу» і назвалі яго шэдэўры ў Мінску

У 90-я ў буйных постсавецкіх гарадах пачалі зʼяўляцца будынкі, знешні выгляд якіх нярэдка выклікаў збянтэжанасць, іранічную ўсмешку і нават сумневы ў наяўнасці прафесійнай адукацыі ў аўтараў. Вежкі, пірамідкі, калоны, порцікі, дзіўнага выгляду металаканструкцыі на дахах, вентфасады з металакерамікі — якія толькі азначэнні не прыдумвалі для гэтай архітэктуры, самым распаўсюджаным з іх быў «аграгламур». Але група маладых даследчыкаў, архітэктараў і мастацтвазнаўцаў, якая занялася вывучэннем гэтай зʼявы, дала ёй іншае азначэнне — капіталістычны рамантызм.

— Капрам — гэта не стыль, гэта перыяд у культуры постсавецкіх краін. Таму што стылістычна гэтыя помнікі вельмі разнастайныя. У капіталістычным рамантызме сустракаюцца пабудовы ў духу любых архітэктурных кірункаў: неакласіцызм, хай-тэк, — распавядае «Куфару» Данііл Вераценнікаў, архітэктар і адзін з аўтараў телеграм-канала «Клізма рамантызму». — Стылістычна гэта ўсё што заўгодна, а культурна — гэта даволі суцэльная зʼява, якая звязаная з пэўнымі сацыякультурнымі і палітычнымі трансфармацыямі, якія адбываліся пасля распаду СССР.

Паводле яго, архітэктура капраму — гэта парушэнне табу «высокага густу», спроба на смак «забароненых пладоў». У адзін момант архітэктары па ўсім былым СССР, якія выхоўваліся на высокіх узорах савецкага мадэрнізму, раптам захапіліся стварэннем зусім іншых будынкаў.

— Калі спачатку было нельга, а потым стала можна — гэта зрывае дах, і ты пачынаеш перагінаць палку. Гэтая ўсёдазволенасць, гэтае пʼянкое паветра свабоды, у тым ліку свабоды самавыяўлення, рэальна «зрывала дах» шматлікім архітэктарам, якія да гэтага тварылі ў вельмі строгім акадэмічным ключы. Рамантызм — гэта стомленасць ад універсальнага. Калі класічная строгасць становіцца сумнай, ёй на змену прыходзіць мастацкі плюралізм, — тлумачыць Данііл Вераценнікаў.

Даследчык капіталістычнага рамантызму не раз бываў у Мінску, але вылучыць характэрныя рысы мясцовага капраму не бярэцца, пакідае гэтую працу будучым даследчыкам:

— У Расіі бачныя выразныя рэгіянальныя адрозненні. Марыйская архітэктура не падобная да мардоўскай, татарстанская — да чачэнскай. Ніжагародская архітэктурная школа не тое самае, што іркуцкая.

А беларускі капрам такой своеасаблівасцю не валодае. Ён вельмі разнастайны. Магчыма, таму, што ў 90-я — 2000-я ў Беларусі архітэктурны і будаўнічы рынак не быў занадта манапалізаваны, у адрозненне ад расійскіх рэгіёнаў.

Тым не менш эпоха ярка адбілася ў архітэктуры беларускай сталіцы, і Данііл Вераценнікаў вылучыў тры шэдэўры, якія, на яго думку, нясуць у сабе ўсе прыкметы капіталістычнага рамантызму.

— Дом каля Траецкага прадмесця кідаецца ў вочы з розных пунктаў, калі шпацыруеш па Мінску. Гэта адзін з будынкаў, якія моцна змянілі нябесную лінію горада і якія сведчаць аб празмерных амбіцыях забудоўшчыкаў таго часу. Гэта і ёсць рамантызм капіталістаў. Агульны сілуэт будынка і асобныя яго элементы намякаюць на жаданне развіваць гістарычныя архітэктурныя мовы, але велізарны маштаб цалкам знішчае любыя спробы надаць яму кантэкстуальны характар.

— Бізнэс-цэнтр «Капітал Палас» нібы «парадзіруе» Палац прафсаюзаў побач. Пры гэтым, калі паглядзець план бізнэс-цэнтра, нішто не прадвяшчае пафасны порцік у класіцыстычным стылі. Звычайны корпус літарай Г і зусім ардынарны фасад, які невядома навошта вырашылі «ўпрыгожыць» такім вось чынам. Ведаю, што гэты будынак «мазоліць» многім мінчанам вочы, але ён ад гэтага не перастае быць помнікам архітэктуры.

— Уключаць у гэты спіс Нацыянальную бібліятэку не цалкам правамерна. Гэты будынак спраектаваны яшчэ ў Савецкім Саюзе, проста пабудаваны праз 15 гадоў. Але, вядома, яго нельга абысці ўвагай — гэта, па-мойму, выбітная штука. Калі яго задумвалі, ужо была дазволеная прыватная праектоўная дзейнасць, і ў архітэктуру пачалі пранікаць нейкія еўрапейскія павевы. У гэтым магутным архітэктурным выказванні ёсць шмат чаго з інтэрнацыянальнай мастацкай мовы. І ў ім дакладна можна адрозніць рысы ранняга капраму.

На думку даследчыка, у Расіі эпоха капраму падышла да канца: свабоды ў архітэктуры становіцца з кожным годам менш, а творчы палёт дойлідаў абмяжоўваюць рэгламентамі, стандартамі і дызайн-кодамі. Да таго ж сучаснасць прадʼяўляе гэтым будынкам шмат эстэтычных пытанняў.

Але Данііл Вераценнікаў упэўнены, што сапраўдная ацэнка капіталістычнага рамантызму наперадзе:

— З эстэтычнага пункту гледжання помнікі капраму заўсёды, нават у далёкай будучыні, будуць успрымацца як недасканалыя. Але важна іншае — з гісторыка-культурнага пункту гледжання іх каштоўнасць будзе расці.

У нейкі момант будзе зусім няважна, што гэтыя будынкі не адзначаюцца высокім густам, таму што будзе важны сам факт іх наяўнасці — тое, што яны захаваліся і рэпрэзентуюць сабой цэлую эпоху з яе мастацкімі свабодамі. З тымі свабодамі, якія былі, — і раптам іх не стала.

Каментары3

  • Дикая утка платинум
    26.10.2022
    Рукі прэч ад бібліятэкі !
  • ЭЮЯ
    26.10.2022
    Ля Траецкага і сарай Карычаў на Кастрычніцкай павінны быць прыбраныя адназначна. Іх наяўнасць моцна знізіла ўспрыманне Мінска як сталіцы еўрапейскай дзяржавы. Пра РФ таксама не зразумеў, канца там не бачна, як і ў Беларусі. Далёка хадзіць не трэба, у Гародні на цэнральнай плошчы пачалі будаваць чарговае дзя,'мо, а пад Новым замкам у праекце замест адбудовы культурнай спадчыны, разглядаюць варыянт пабудовы галімых барнхаўсаў. У Польшчы дарэчы ўсю гэтую кепскую архітэктуру прайшлі гадоў 10 таму і пачалі забываць як страшны сон. У цэнтры Вроцлава адзін такі будынак уключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, як сімвал варварства ў гістарычнай частцы, а ўсё іншае пазносілі і адбудавалі сапраўдную высокую архітэктуру. Так і нам трэба, пакінуць адну бібліатэку, а ўсё іншае пад бульдозер з выплатай кампенсацыі і адбудовай спадчыны, каторая вызначае нас як беларусаў.
  • Valadzimir
    27.10.2022
    ЭЮЯ, заўважу, што тое, што беларусы называюць "сваёй" спадчынай, на самой справе - спадчына ВКЛ. А паколькі беларусы аб свёй правапераемнасьці з ВКЛ не абвяшчалі, то права ня яе маюць не яны, а ліетувісы. Вось таму на браме аднаўляемага палацу Сапегаў у Ружанах размешчана НЕ літоўская "Пагоня", а дзяржаўны герб Рэспублікі Ліетува "Витис".

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Усе навіны →
Усе навіны

«Расіяне ставяцца да параненых прагматычна». Маналог экс-палітвязня, які аддаў 8 гадоў УСУ24

У расійскім Прыморскім краі афіцэр расстраляў 19-гадовага салдата тэрміновай службы4

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ17

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну8

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

Канапацкая падзякавала камуністам за дапамогу, але сама застаецца «нацдэмкай»7

«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду8

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Дзяўчыну з Баранавічаў вінавацяць ва ўдзеле ў раённым чаце. Як на яе маглі выйсці сілавікі?

Галоўнае
Усе навіны →