Ілля Міронаў: Мне прысніўся нейкі кашмар, я расплюшчыў вочы і зноў 2021 год
«Штодзень» паразмаўляў з валанцёрам пра тое, як змянілася краіна за год, лісты падтрымкі і каго з актывістаў бачыў за кратамі.
— Ты выйшаў на волю праз год знаходжання за кратамі. Як змянілася рэальнасць? Што кідаецца ў вочы?
Ілля Міронаў: Я толькі другі дзень дома. Калі глядзіш, то, падаецца, нічога не змянілася. Людзі як пісалі, так і пішуць. Той жа гумар. Змянілася толькі тое, што многія людзі вымушаныя былі выехаць з Беларусі. А частка маіх знаёмых апынуліся за кратамі. А так, нібыта і не было гэтага года і таго верасня, калі я быў арыштаваны. Тое ж жоўтае лісце, якое падала. Восень тады была. І цяпер таксама восень. Я гэтую першую ноч дома не мог спаць. Для мяне нібыта гэта нейкі сон быў. Нібыта мне прысніўся нейкі жах, я расплюшчыў вочы і зноў 2021 год. Не магу паверыць, што час проста ішоў.
— Ці атрымліваў ты лісты?
Я атрымліваў пошту, тэлеграмы. Літаральна з першых дзён, як мяне затрымалі, я стаў атрымліваць лісты са словамі падтрымкі тых людзей, з якімі я стасаваўся ўжывую. Яны пісалі і не верылі, што мяне затрымалі. І з кожным днём лістоў і людзей, якія пішуць, станавілася ўсё болей. Пачыналася з аднаго-двух, а праз месяц было больш за дзесяць. Мае суседзі ў камеры здзіўляліся, што так многа лістоў. Я сам быў здзіўлены, што людзі дасылалі такія шчырыя, душэўныя лісты, з паштоўкамі, стыкерамі, хтосьці фота дасылаў, усе хваляваліся, перажывалі. Усе проста гаварылі, як так атрымалася, што чалавек апынуўся за кратамі.
— Ці быў момант, што перасталі аддаваць лісты?
Так, чамусьці з 1 лютага рэзка перасталі прыходзіць лісты. Толькі ад маёй любімай мамы. І больш ні ад каго. Праўда, пару разоў на месяц нейкія лісты ўсё-такі праходзілі. Але мая мама гаварыла, што піша болей людзей, але па нейкіх прычынах гэтыя лісты не даходзілі да мяне ці мне іх не аддавалі. Я пастаянна пытаў у супрацоўнікаў, адміністрацыі. Тыя адказвалі, што гэтыя лісты альбо канфіскаваныя, альбо мне ніхто не піша. Была надзея, што мне аддадуць па вызваленні, як гэта было ў ІЧУ, калі мне пакунак з лістамі аддалі. Не ведаю, сёння-заўтра паеду ў СІЗА, магчыма будзе нейкі цуд і мне гэтыя лісты аддадуць.
— Ці бачыў кагосьці з актывістаў за кратамі?
Першага, каго сустрэў, быў Жэня Маркавец (затрыманы 28 траўня 2021 года. Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі за «абразу прадстаўніка ўлады» і «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Цалкам адбыў тэрмін. Выйшаў на волю 18 ліпеня 2022 года). Да Жэні я збіраўся ехаць на суд у той дзень, калі мяне затрымалі праваахоўнікі. Раз мы з ім перасякліліся. Ён змяняў камеру: я прыйшоў, а ён выходзіў. Бачыў Стася Мачалава (затрыманы 28 траўня 2021, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 і арт. 364 «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), калі ў адвакатаў былі. Сустракаў многа людзей. У кожнай камеры сустракаў па адным ці па двое людзей, з якімі дзесьці мы перасякаліся ці чулі адзін пра аднаго.
— Ці бачыў правабаронцу Леаніда Судаленку ці журналіста Яўгена Меркіса?
Асабіста не бачыў. Але калі ставіў подпісы пад лістамі з паведамленнямі, то бачыў іхнія прозвішчы, што ім пішуць шмат. Я распісваўся за свае лісты. А ў сшытку былі прозвішчы Судаленка, Ціханоўскі. На маім паверсе сядзеў Яўген Меркіс. Калі перадаюць нейкія перадачы, напрыклад, заўжды гавораць прозвішча. Вось праз дзень было чутае прозвішча Меркіс.
— Ці быў здзіўлены пачуць прозвішча Меркіс?
Быў здзіўлены. Мне падавалася, што ён выехаў у бяспечнае месца. А чалавек усё-такі вырашыў застацца ў Беларусі да канца.
— Як здароўе?
Са зрокам ёсць праблемы. Гэта ці то з асвятленнем звязанае, ці то з нервамі. Канешне, гэта стрэс. Асабліва стрэс, калі хапаюць і прад’яўляюць абвінавачванне, якое прадугледжвае да 12 год зняволення. Стрэс 10 месяцаў быць у няведанні без экспертызаў, а што там будзе праз некалькі месяцаў… Гэтае няведанне вельмі моцна прыгнятае. І не толькі мяне, думаю. Больш-менш стала зразумела, калі ў канцы жніўня злачынства перакваліфікавалі ў менш цяжкае дзеянне, якое прадугледжвае да 4 гадоў. Гэта здарылася пасля праведзенай экспертызы, якая паказала што ў маім дзеянні няма цяжкага злачынства, няма абразы ці распальвання варажнечы.
— Як настрой цяпер?
Настрой добры. Праўда, стомленасць ёсць. Але радасна апынуцца сярод знаёмых і блізкіх. Асабліва каля мамы. Толькі дзень прайшоў пасля выхаду на волю. Нават не верыцца. Планую адпачыць. Бо гэтыя месяцы былі стрэсавымі. Спадзяюся, што многія палітвязні (хацелася б, каб усе) выйдуць як мага хутчэй на волю.
***
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў быў затрыманы 30 верасня 2021 года. Спачатку яго абвінавачвалі паводле арт. 130 КК «распальванне варажнечы», але потым абвінавачванне змянілі на арт. 369-1 КК «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». 24 кастрычніка ў судзе Савецкага раёна яму прысудзілі паўтара года зняволення і 200 базавых велічынь штрафу. Вызвалілі ў зале суда.
Каментары