Кіно

«Вельмі дзіўныя справы» на мільёны. Чаму варта паглядзець новы сезон самага рэйтынгавага шоу Netflix у гісторыі?

У гісторыі стрымінгавых сэрвісаў не фіксавалася больш папулярнага кантэнту, чым серыял «Вельмі дзіўныя справы» (Stranger Things). Чацвёрты сезон шоу вытворчасці «Нэтфлікс» не толькі пабіў шэраг рэкордаў, але ўвайшоў у гісторыю кінематографа. «Наша Ніва» без спойлераў распавядае, чаму яго варта паглядзець.

Серыял «Вельмі дзіўныя справы» стаў самым запатрабаваным сярод англамоўных шоу ў гісторыі стрымінгу. Фота: Netflix

Касмічныя лічбы праглядаў

За час свайго існавання інтэрнэт-платформа стварыла цэлую плыню звышпаспяховых праектаў. Прычым аўдыторыя зашкальвала, нягледзячы на палярную стылістыку стужак: фэнтэзійны «Вядзьмак» цешыў велізарную аўдыторыю настолькі ж годна, як гістарычная навела «Брыджартоны» альбо сацыяльная драма пра стасункі падлеткаў «13 прычын чаму». Тым не менш, «Вельмі дзіўныя справы» нават сярод гэтай разнастайнасці вылучаліся: эфектная жанравая сумесь, небанальныя сюжэтныя хады ды выбітны візуал справакаваў анамальную цікавасць аўдыторыі.

Чацвёрты сезон паглядзелі больш за 800 мільёнаў чалавек, што зрабіла праект самым запатрабаваным сярод англамоўных шоу ў гісторыі стрымінгу.

Пацвярджае папулярнасць серыяла і тэхнічны нюанс, які суправадзіў прэм'еру фінальнай серыі. Велізарнага наплыву гледачоў не вытрымалі серверы «Нэтфлікс», з-за чаго праблемы з падключэннем узніклі ў карыстальнікаў па ўсім свеце. Больш за 14 тысяч скаргаў рэсурс зафіксаваў толькі за паўгадзіны да афіцыйнага пачатку трансляцыі. Пры гэтым не выбачыўся, а толькі выдаў рэліз пра змаганне з праблемай і паспяховае яе вырашэнне. Хаця варта было б неяк фанам аддзячыць, бо гэтая суполка — самая трывалая з усіх на «Нэтфліксе».

Болей за тое, менавіта за кошт гледачоў сэрвіс планаваў выправіць становішча пасля адмены каранавірусных забарон.

Як толькі краіны пачалі выходзіць з лакдаўну, а людзі — атрымліваць шанец бавіць вольны час не толькі ля тэлевізара, колькасць падпісчыкаў стрымінгу скарацілася на 200 тысяч. Эканамічны ж крызіс у Еўропе разам з блакаваннем сэрвісу ў Расіі будзе каштаваць «Нэтфліксу» страты яшчэ двух мільёнаў фанаў.

Таму як самі «Дзіўныя справы», так і яго спін-оф (сцэнар ужо ў распрацоўцы) стваральнікі разглядаюць не толькі паспяховым творчым праектам, але і маркетынгавым бустам для ўсёй платформы.

Рэкордны бюджэт

Вытворчасць серыяла — сама па сабе справа, поўная клопату. Аднак калі ён знаходзіць аўдыторыю, а пасля павялічвае колькасць гледачоў, узрастаюць і выдаткі на здымкі. Бо планка якасці як у дачыненні да зместу, так і да аздаблення павышаецца з эпізода ў эпізод.

«Дзіўныя справы» выключэннем з правілаў не сталі: кожная серыя апошняга сезона «пацягнула» адразу на 30 мільёнаў даляраў — суму, да якой раней стваральнікі і блізка не дацягвалі.

Павелічэнне кошту таксама тлумачыцца і выхадам праекта на лагічны фініш. Першапачаткова ўжо гэтым летам фанаты маглі атрымаць адказы на ўсе ключавыя пытанні шоу. Аднак дэталей, што патрабавалі прапрацоўкі, станавілася ўсё больш. Таму нават чацвёрты сезон атрымаўся манументальным: да сямі вясенніх серый далучыліся дзве летнія. Прычым апошнія па працягласці прабілі столь у чатыры гадзіны!..

Аднак і гэтага сцэнарыстам не хапілам — прыйшлося пацвярджаць пяты сезон, прызначаны да рэлізу напрыканцы 2023 года альбо напачатку 2024-га. Ён, дарэчы, таксама пройдзе праз серыйны падзел, які характэрны для праектаў «Нэтфлікс» апошніх часоў: 75-хвілінныя «стандартныя» серыі, дзве кульмінацыйныя на 90 хвілін і гранд-фінал працягласцю у 2,5 гадзіны.

Экстрэмальныя лакацыі

Адным з ключавых геатэгаў чацвёртага сезону з'яўляецца савецкая турма на Камчатцы. Дзеі, што там разгортваюцца, прадзюсары праекту насамрэч вырашылі здымаць за кратамі. Абралі для пляцоўкі Лукішскую вязніцу ў Вільні. Перавалачную кропку для габрэяў, якіх фашысты вывозілі на расстрэл, нават ператвараць у змрочныя катакомбы не спатрэбілася — дастаткова было крышку аздобіць антураж сучаснымі пражэктарамі. Эфект пераўзышоў усе чаканні: дрыжыкі па целе пры «перанясенні» за краты адчувалі нават тыя, хто глядзеў серыі на маленькіх экранах смартфонаў.

Дарэчы, ходзяць чуткі, што Вільня як лакацыя для здымак зацікавіла «Нэтфлікс» пасля поспеху канкурэнтаў з НВО. Тыя ператварылі раён Фабіёнішкі ў Прыпяць падчас здымкаў драмы «Чарнобыль» — і дамагліся амаль стоадсоткавага падабенства дэкарацый да рэальнасці. Варта прызнаць, што паўторныя спроба заходніх аператараў адаптаваць літоўскую сталіцу пад патрэбы амерыканскага сцэнара таксама атрымалася вельмі ўдалай. Прычым настолькі, што сёння камеру ў Лукішках, дзе ішлі здымкі, мясцовыя экскурсаводы прапануюць наведаць — праўда, за грошы — як гарадскую выбітнасць.

Ухвальная скрупулёзнасць

Каб перадаць нюансы эпохі нават у дробязях, здымачная група звярталася па дапамогу прафесіяналаў у самых разнастайных сферах ды краінах.

Так, каб дамагчыся максімальнага падабенства ва ўніформе, актуальнай для падзей на Камчатцы, мастакі па касцюмах наведвалі Польшчу і кансультаваліся як з вайсковымі экспертамі, так і з дызайнерамі па вопратцы 80-х.

Тады як сфарміраваць гардэроб галоўных герояў шоўранэрам дапамаглі культавыя брэнды мінулага стагоддзя — Quicksilver, Vans, Converse. Дарэчы, вытворцы абутку так «замарочыліся», што пашылі ўнікальныя красоўкі для галоўных дзейных асоб, аднак цалкам вытрымалі стылістыку 80-х.

Ды што там: нават гумкі для валасоў у кожнага з герояў — ручнога вырабу. Прычым кожная з іх адпавядае колеравай гаме вопраткі. Калі ж прыглядзецца, то заўважаеш, як гэты элемент вобразу амаль у кожнага з герояў карэктуецца яшчэ пад колер скуры ды пад гісторыю серыяла. Напрыклад, гумка Макс Мэйфілд становіцца больш бруднай ды бляклай, бо, адпаведна з развіццём падзей, яна носіць упрыгожванне больш за год.

Але лепей за ўсё скрупулёзнасць усёй каманды «Дзіўных спраў» адлюструе відэа з грымам галоўнага злодзея сезона. Акцёр, які ўвасобіўся ў ролю Векны, ажно сем (!) гадзін цярпліва чакаў, пакуль усе шнары ды мускулы стануць адно да аднаго. Пры гэтым мастакі кожны раз аднаўлялі шэдэўр ледзьве не з камп'ютэрнай дакладнасцю. Аднак ніводнай тэхналагічнай прылады ў справу не пускалася — людзі рабілі цуд рукамі.

Шыкоўнае камеа

Чацвёрты сезон вытрыманы ў стылістыцы фільма жахаў — і таму адсылкі да класічных хорараў праскокваюць ледзьве не ў кожным эпізодзе. Тут вам і згадка пра славутага маньяка Тэда Бандзі, і адсылкі да класікі жанру, «Хэлоўін». Але ж вішанькай на торце выглядае эпізадычнае з'яўленне ў адной са сцэн Роберта Інглунда.

Актор, які ўвасобіў на экране культавую постаць Фрэдзі Кругера з «Кашмара на вуліцы вязаў», здолеў «запаліць» і ў сусвеце «Дзіўных спраў», хай сабе прадзюсары адвялі яму зусім нямнога часу.

Легендарная музыка

Атмасфера 1980-х у сезоне выбітна перадаецца і праз саўндтрэкі. Скажам, песні Running Up That Hill у выкананні Кейт Буш серыял падараваў другое жыццё: папулярнасць 1985-га вярнулася да кампазіцыі настолькі імкліва, што ў 2022-м яна нават патрапіла ў брытанскія чарты ды ўзнялася на 37-е месца.

Але куды больш эфектна ў кантэкст «Дзіўных спраў» упісаўся рок. Дзякуючы персанажу ў выкананні Джо Куіна, гледачы наноў захапіліся гітарнымі рыфамі ды касухамі.

Цікава, што героя Куіна аздобілі арыгінальным мерчам гурта Dio, які быў прысвечаны выхаду плыткі 1984 года The Last in Line. А адшукала ды прынесла яго здымачнай групе непасрэдна ўдава Роні Джэймса Дзіа.

Вартая згадкі і сцэна, якую «агучылі» трэкам Master of Puppets — адной з самых пазнавальных «візітовак» гурта Metallica.

Дарэчы, сола, якое падчас дзеі выконвае персанаж ужо ўзгаданага Куіна, насамрэч запісваў у студыі Тай Трухілья. Хто не ведае, 17-гадовы падлетак — сын басіста Metallica Роба Трухілья. Тады як кансультам усяго перфомансу выступіў Кірк Хэмет, лідар групы і адзін з дыназаўраў класічнага метал-свету.

Каментары

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»7

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Усе навіны →
Усе навіны

Былая жонка Камісаранкі: Я працавала ў масажным салоне эратычнага характару14

Ізраіль знішчыў вайсковы флот Сірыі12

Дзяўчына падабрала забыты букет з ружаў, выкінула яго ў сметніцу і атрымала крыміналку1

Лукашэнка: Ніякі Асад не дыктатар. Ён лячыў людзей, ніколі нікога не забіваў33

Адбыўся ператрус у мінскім рэкламным агенцтве AdPlanes

У Мінску і Гродне можна ўзяць жывую ялінку на святы ў арэнду. Колькі гэта каштуе?2

Беларуска ўпала з чацвёртага паверха гатэля ў Тайландзе і атрымала цяжкія траўмы

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі21

Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»7

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Галоўнае
Усе навіны →