Комік Ідрак Мірзалізадэ зладзіў свой першы беларускамоўны стэндап — пагутарылі з ім пра аншлаг на канцэрце, жарты падчас вайны і рускі свет
Днямі ў Тбілісі прайшоў першы сольны беларускамоўны стэндап коміка Ідрака Мірзалізадэ. Людзі пасміхаліся: «вось сабраліся беларусы ў Тбілісі паслухаць, як азербайджанец на беларускай мове размаўляе».
Калі быць больш дакладным, Ідрак — талыш з беларускім грамадзянствам, але да нядаўніх часоў яго часцей прадстаўлялі як расійскага коміка. Да таго моманту, як ён не пажартаваў пра рускіх так, што яму забаранілі знаходзіцца ў Расіі да 2035 года.
Пагутарылі з ім пра беларускую мову, самаідэнтыфікацыю, рускі свет і жарты падчас вайны.
«Новыя жарты я адразу пісаў і прыдумляў на беларускай»
«Наша Ніва»: Раскажы, як прайшоў твой першы сольны беларускамоўны стэндап?
Ідрак Мірзалізадэ: Раз гэта першы такі досвед, то ўсім было цікава, якім ён будзе: ці як на рускай мове, ці неяк інакш. Самой цікавасці да беларускай мовы было больш, чым стаяла задача пасмяцца. І з гэтага пункту гледжання ўсё прайшло добра.
«НН»: Ведаю, што быў поўны аншлаг.
ІМ: Усе квіткі разабралі за некалькі гадзін. І мне яшчэ пісала шмат сяброў, якія хацелі прыйсці, але ўжо не было квіткоў. Праўда, сама прастора была маленькай: усяго на 60 месцаў.
Прыйшлі, у асноўным, беларусы. Але былі і ўкраінцы. А яшчэ аператары — мае сябры з Расіі: там хтосьці армянін, хтосьці грузін, хтосьці рускі. Яны не ведаюць беларускую мову, але ім таксама было цікава і смешна. Спачатку яны ўважліва ўслухоўваліся, а напрыканцы разумелі ўсе жарты без праблем.
«НН»: Ты не першы год выношваў падобную ідэю. Як да яе ў выніку дайшоў?
ІМ: Так, я яшчэ ў 2020-м хацеў нешта такое зрабіць у Беларусі, але пачаліся ўсім вядомыя падзеі і ўсё скасавалася.
Наноў усё закруцілася, як Мікіта Мелказёраў (журналіст, блогер, вядоўца праекта «Жыццё-маліна. — «НН») мне напісаў з прапановай аб в’ю. А калі я ўдзельнічаю ў якім-небудзь в’ю, то ў мяне ёсць мэта. І там яна была таксама: паказаць, што я з Беларусі, што гэта частка майго жыцця. Я ніяк гэта не адлюстроўваў амаль, хаця вучыўся ў беларускай школе, скончыў Інстытут журналістыкі БДУ.
Пасля в’ю з Мікітам да мяне пачалі падыходзіць людзі і казаць: «Прывітанне, я беларус». І, мне здаецца, калі беларусы так сябе адзначаюць, то ёсць і патрэба зрабіць нешта менавіта для беларусаў.
А яшчэ некалі ў 2009 ці 2010 годзе ў часопісе «Літаратура і мастацтва» надрукавалі талышскія вершы з перакладам на беларускую мову. І я ведаю, што Рыгор Барадулін рабіў пераклады з талышскай (гаворка ідзе пра кнігу паэта Ханалі Талыша. — «НН»). І вось мне хацелася неяк падзякаваць за гэта, у тым ліку таму я зрабіў беларускамоўны стэндап.
«НН»: Колькі ў цябе сышло часу на падрыхтоўку да канцэрта?
ІМ: Скажу, што гэта агулам было складана, бо я яшчэ такі ленаваты. Я добра падрыхтаваў частку з новымі жартамі, якую хачу ў ютуб выкласці. А пасля мы ўжо больш гуляліся — перакладалі старыя жарты. Атрымалася таксама смешна, але з гэтай часткай я менш падрыхтаваўся.
Варта адзначыць, што новыя жарты я адразу пісаў і прыдумляў на беларускай. Трэніраваўся? З сябрамі размаўляю на беларускай мове. Апошні тыдзень пастаянна імкнуўся гэта рабіць, нават з некаторымі рускімі таварышамі. У мяне ёсць сябра-лезгін, мы з ім хадзілі і таксама размаўлялі: ён дзе разумеў — адказваў, і сам смешна капіяваў беларускую. Акрамя таго, на тэлефоне я змяніў мову на беларускую.
Калі бачыў, што ў тэксце ідзе шмат словаў запар, падобных да рускіх, пачынаў сумнявацца. І ўжо звяртаўся да слоўніка, каб паглядзець, ёсць гэта слова ў мове ці існуе яго беларускамоўны аналаг.
Адно слова спытаў у Мікіты Мелказёрава: як будзе «трахаться» па-беларуску. Мне трэба было яно для жарту.
«Як талыш, мог не вучыць у школе беларускую, але тата на тое са мной не пайшоў»
«НН»: На тваё валоданне беларускай мовай неяк паўплываў тата, Кахін Мірзалізадэ, які ўдзельнічаў у «БНФ-Адраджэнні»?
ІМ: Мой бацька заўсёды казаў, што трэба ведаць мову краіны, у якой ты жывеш. Была опцыя, што я, як талыш, магу не вучыць у школе беларускую, вызваліцца ад яе. Але тата на тое са мной не пайшоў і я падтрымліваю яго ўчынак.
У нашай сям’і з дзяцінства тлумачылі, што значыць нацыянальная самасвядомасць. І я разумеў, што гэта патрэбна чалавеку, бо інакш яму будзе неспакойна. Ëн не будзе адчуваць сябе самадастатковым.
Але ад іншых людзей я гэтага не бачыў. Першая беларускамоўная сям’я, з якой я сутыкнуўся, была сям’я майго сябра Марціна з універсітэта. Ëн цяпер жыве ў Польшчы (мы з ім, дарэчы, таксама стэлефаноўваліся і размаўлялі на беларускай, калі я рыхтаваўся да выступу). У іншых жа людзей я часам заўважаў стаўленне да беларускай як да сялянскай, мне было незразумела, чаму яе саромеюцца: яна ж такая цудоўная мілагучная і адрознівае цябе ад іншых.
Усім відавочна, што беларусы не такія, як украінцы ці рускія. Яны нават інакш выглядаюць. Калі я хаджу вуліцах у Грузіі, то разумею, хто беларус, а хто не. Але на мове яны размаўляюць не сваёй, гэта крыўдна.
«НН»: У 2019 годзе афішы ў Мінску гучна анансавалі: «Першы беларускамоўны стэндап». Чаму гэта не развілася ў нешта маштабнае і сталае, складаней прадаць?
ІМ: Не складаней. І ў 2020-м мы з сябрам, яшчэ да жніўня, ужо жылі планамі на маленькі клуб. Нават назву ўжо далі зрабіць на беларускай мове: штосьці са словам «жарты» і каб абыграць літару «Ж». Нам бачылася, што запыт на беларускую ёсць.
Праўда, не ўсе ўладальніка кафэ гэта разумелі. У Беларусі ёсць такая асаблівасць, якая адрознівае яе ад Расіі ці Украіны. Калі ты хочаш зрабіць стэндап там і абяцаеш шмат гледачоў, уладальнікам гэта адразу падабаецца, яны рады, што ты да іх прыйшоў, бо разумеюць выгоду ад такога супрацоўніцтва. А ў Беларусі ў мяне быў іншы досвед. Прыходзіш, а ў цябе адразу пытаюцца: а колькі вы грошай дасцё, каб гэта ў нас рабіць? Пры гэтым у іх няма ні наведнікаў, ні кліентаў. Але акурат апошнім часам у Мінску пачалі з’яўляцца крутыя месцы з сучаснымі арт-менеджарамі, з сучасным падыходам.
Людзі пайшлі б на беларускамоўны стэндап, квіткі набываліся б. Яшчэ адно «але», чаму раней нават украінскія комікі выступалі часцяком па-руску: хацелі большых праглядаў на ютубе. Але зараз, асабліва пасля таго, як пачалася вайна, мы бачым, што ўкраінцы жадаюць глядзець усё на ўкраінскай. Беларусы — на беларускай. Не ўсе, але такіх шмат, і іх колькасць, я адчуваю гэта, робіцца большай з кожным днём.
«Людзі спужаліся, што стануць адной краінай з Расіяй»
«НН»: Пасля 24 лютага той жа Дзіма Нарышкін, які робіць у Мінску Standup Comedy Hall, пачаў часцей ужываць беларускую мову. На цябе ў гэтым сэнсе таксама вайна дадаткова паўплывала?
ІМ: Гэтыя падзеі паўплывалі на ўсіх. У людзей ёсць імкненне адзначыць, што яны — не рускія. Шмат людзей на многае адкрылі вочы толькі зараз, і я ў тым ліку.
У беларусаў гэта пачалося яшчэ раней, таму што яны ўбачылі, што Расія не падтрымала іх у падзеях 2020-га. У Літве і Польшчы салідарнасці было больш. І запусціўся мысленчы працэс: а чаму так? А хто мы для рускіх і Расіі?
Яшчэ гэтыя падзеі з больш глыбокай інтэграцыяй — людзі спужаліся, што стануць адной краінай з Расіяй. І калі мы будзем на адной мове размаўляць, спатрэбіцца зусім мала часу, каб беларусаў не стала ўвогуле. Толькі ў эміграцыіі, можа, застануцца тыя, хто памятае і ведае беларускую мову, літаратуру, гісторыю.
Усё гэта паўплывала і на мяне, на маё атачэнне. Мае сябры, некаторыя аднакласнікі імкнуцца пачынаць размаўляць па-беларуску, але гэта сапраўды цяжка. Калі ты ўсё жыццё думаў на рускай мове (ды на любой іншай), а пасля спрабуеш думаць інакш — гэта складана. Быццам, ты мяняеш сваю руку і з рукой кібарга ходзіш. Табе патрэбны час для адаптацыі.
«Я на сваім прыкладзе пабачыў, як працуе прапаганда»
«НН»: Як ты сябе на сёння ідэнтыфікуеш: цябе называлі і расійскім комікам, і беларускім. А кім ты адчуваеш сябе сам?
ІМ: Для мяне гэта балючая тэма, асабліва калі мяне выгналі з Расіі (Ідраку забаранілі ўезд у Расію да 2035 года пасля таго, як ён пажартаваў падчас праграмы «Разгоны» на YouTube пра рускіх, здымнае жытло і лайно. На думку МУС Расіі, у сваім публічным выступе Мірзалізадэ дапусціў выразы, якія распальваюць варожасць і нянавісць у дачыненні да асоб рускай нацыянальнасці. За гэта ж Ідрак адбыў 10-суткавы арышт. — «НН»). Тады гэтыя пытанні востра стаялі ў маёй галаве, было балюча.
Складана сябе кімсьці канкрэтным адчуваць, таму што па нацыянальнасці я — талыш, з Азербайджана, выхоўваўся ў Беларусі, пасля яшчэ жыў у Расіі, размаўляю часцей на рускай мове. Але для рускіх я буду не рускі, для беларусаў — ніколі не стану беларусам. Заўсёды буду не сваім, колькі б ні было добрых каментароў: «Не, ты свой». Толькі які-небудзь каўказец, напрыклад, штосьці зробіць не тое ў Беларусі ці Расіі — тэракт які — і на цябе будуць глядзець як на прадстаўніка той нацыі, якая здзейсніла гэты тэракт.
Я не разумею, хто я. У мяне вялікае памкненне вывучыць талышскую мову і калі-небудзь і на ёй штосьці зрабіць. Але зразумела, што і на ёй я буду размаўляць з акцэнтам — беларускім ці рускім, і таксама не буду на 100% талышом. Тое самае з азербайджанскай. Але мне пішуць і беларусы, і людзі з Расіі, і талышы, і азербайджанцы, што я свой.
Праўда, адчуваць сябе кімсьці напоўніцу не атрымліваецца.
«Грузія зараз адзін з асноўных прытулкаў для вольных людзей»
«НН»: Ты шкадаваў, што ўсё так атрымалася з жартам? Ці не агучваў бы яго, ведаючы, што цябе чакае арышт, цкаванне, пагрозы і «высылка» з Расіі?
ІМ: Я ніколі не шкадаваў, што так зрабіў. Мне падабаецца са сцэны казаць тое, што я хачу сказаць. Я ведаю, што той жарт быў трошкі грубы, мабыць. Але мне здаецца, што па сэнсе нічога такога дрэннага я не сказаў, я жартаваў пра ксенафобію. Мне нават падабаецца, як гэтая гісторыя развівалася. Па-першае, я раней за астатніх зразумеў, што ў Расіі штосьці не тое з некаторымі людзьмі. Па-другое, пабачыў, на сваім прыкладзе, як працуе прапаганда.
Пасля гэтага мяне ўсе падтрымлівалі. І я перахаў у неверагодную, прыгожую краіну, якая мне вельмі падабаецца.
Грузія, мне здаецца, зараз адзін з асноўных прытулкаў для вольных людзей, у тым ліку з Расіі і Беларусі. Тут ты адчуваеш сябе свабодным. У Беларусі ці Расіі, людзі пастаянна сочаць за тым, як жывуць іншыя. Якое адзенне на табе, як ты размаўляеш, як п’еш каву. Нейкае напружанне заўсёды адчувалася. Тут яго няма.
У краіны атрымалася пазбавіцца такой савецкай спадчыны. Я не жыў у СССР, але чуў, што гэта нешта пра савецкае: калі чалавек глядзіць, як жыве іншы, і не для таго, каб запазычыць лепшае, а каб прасачыць, каб у таго не было лепей за цябе. Нам трэба неяк пераняць грузінскі досвед.
«НН»: А дадатковая самацэнзура з’явілася пасля гэтага кейса?
ІМ: Я больш часу асэнсоўваю і думаю, пра што і як жартую. Напрыклад, цяпер мы з сябрамі робім сатырычную праграму «Не ўсё так адназначна», і кожны жарт, рубрыку доўга абмяркоўваем. Ці яно пра зло сапраўднае, пра прапаганду, уладу расійскую ці пра людзей — і мы іх абразім. І калі адказ другі — мы не будзем рабіць такі жарт.
Бо я разумею, што адчуваюць людзі ў Расіі, калі ім кажаш, што ўсе рускія дрэнныя і агрэсары. Знявагамі ты не падтрымаеш тых, хто выходзіць на вуліцы супраць вайны ў Расіі. Ты толькі пакінеш іх у адзіноце, і ў гэтым няма ніякай карысці.
«НН»: Як увогуле пішуцца жарты падчас вайны?
ІМ: Першы месяц вайны я ўвогуле не разумеў, што рабіць. Пасля мы пачалі працаваць, больш за месяц пісалі жарты, рабілі «Не ўсё так адназначна», стрымы. Цяпер зноў складана, таму што нейкі жудасны час з жудаснымі навінамі.
Калі я рыхтаваўся да стэндапа, пра сябе думаў: як гэта тупа, калі праз тыдзень, можа, будзе ядзерны ўдар, а я тут прыдумляю беларускамоўныя жарты.
Але я працягваю. Таму што трэба зарабляць грошы хаця б (пасміхаецца).
«НН»: Грузія табе даспадобы і ты застаешся жыць там?
ІМ: Планую заставацца. Паглядзім, што будзе: Расія тут вакол стаіць, і з сённяшняй уладай заўсёды будзе пагроза і верагоднасць, што нешта можа яшчэ адбыцца. Але я хачу тут застацца. Калі толькі прыехаў, думаў, што дачакаюся візы і паеду ў Еўропу. Але мне так спадабалася, што я ўжо не разумею, навошта мне Еўропа ці Амерыка. Тут усё ёсць і людзі прыемныя. І мова грузінская цікавая — я яе таксама хачу вывучыць. Маці маёй таксама падабаецца тут, яна вось прыехала.
А яшчэ я выглядаю тут як свой чалавек знешне (пасміхаецца). Для мяне гэта першы досвед: калі я жыву ў краіне, дзе выглядаю, як людзі з гэтай краіны.
«НН»: Які ў цябе творчы графік на бліжэйшы час?
ІМ: 30 мая мы робім у Тбілісі стэндап на рускай мове — я свой канцэрт раблю. Пасля ў мяне нічога не запланавана пакуль у афлайне. Увогуле, да беларускамоўнага стэндапа я ж нічога не рабіў у Тбілісі. Калі толькі прыехаў, людзі пыталіся, ці будзе нешта. А мне не хацелася, бо я ведаю, што тут было ў 2008 годзе, і як рабіць нешта рускамоўнае?
Тут ёсць грузінскія комікі, некаторыя з іх ведаюць рускую мову, але яны прынцыпова не робяць стэндап па-руску. А калі б я адразу з гэтага пачаў, неяк гэта нядобра выглядала б, мне падаецца. Але цяпер сітуацыя змянілася, тут шмат эмігрантаў. І я зраблю стэндап: праўда, распачаў я канцэрты з беларускамоўнай версіі, гэта для мяне было важна.
Дарэчы, хутка мы выкладзем беларускамоўны стэндап на мой ютуб-канал і будзем абмяркоўваць з сябрамі, што там рабіць далей. Складана крыху, таму што ў нас няма бюджэту.
«НН»: Ты не адкінуў ідэю адкрыць клуб у Беларусі з беларускамоўным стэндапам у раскладзе?
ІМ: Я разумею, што вяртацца ў Беларусь зараз будзе не вельмі разумна, нічога добрага не выйдзе. Хаця першапачаткова былі думкі крыху пачакаць і паляцець у Мінск. Але сітуацыя змянілася кардынальна.
Пакуль у мяне вельмі песімістычны настрой, мяне ўсё пужае: штосьці гэтыя саўкі моцна трымаюцца за ўладу і не жадаюць яе адпускаць. І ім усё роўна на колькасць ахвяраў…
Калі дабро пераможа, я абавязкова вярнуся ў Беларусь. Гэта мая краіна, я яе грамадзянін. Мне там камфортна.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары