Культура22

У Будслаўскім касцёле раскрылі невядомыя раней роспісы

Змыць векавую пабелку і раскрыць жывапіс мастака-ілюзіяніста дазволіў нядаўні пажар. 

Фрагмент расчышчанага роспісу на купале Будслаўскага касцёла. Фота: інстаграм Будслаўскага санктуарыя

З касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі 31 кастрычніка знялі страховачную канструкцыю, усталяваную пад купалам базілікі пасля пажару. Нагадаем, пажар, які здарыўся ў маі 2021 года, цалкам знішчыў дах храма.

Агонь пажару і вада, якой яго тушылі, нанеслі шкоду скляпенням і купалу касцёла. У храме правялі інжынерныя абследаванні, якія выявілі, што купал над сяродкрыжжам пасля пажару знаходзіцца ў перадаварыйным стане. Каб прадухіліць яго абвальванне ўнутр, праектам першачарговых прац была распрацаваная канструкцыя страхоўкі купала, якая складалася з металічнай асновы, драўлянага насцілу і кружала.

Купал пасля пажару. Фота: Беларусь сегодня
Страхоўка, якая засцерагала ад магчымага абвальвання купала ўнутр храма. Фота: Анлайнер

Страхоўка засталася нават калі ў снежні 2021 года прыход атрымаў дазвол на часовую эксплуатацыю святыні. Толькі ў маі-чэрвені 2022 года ўмацавалі канструкцыю купала: яго звонку апрацавалі адмысловым растворам і пакрылі двума пластамі рэстаўрацыйнай тынкоўкі. 

Раскрыццё роспісаў. Чорная сажа пакрывала ўсю паверхню купала. Фота: інстаграм Будслаўскага санктуарыя

Страхоўкі з насцілам дазволілі працаваць унутры купала рэстаўратарам. У жніўні 2022 і маі 2023 года яны расчысцілі яго ад сажы, якая цалкам пакрыла яго ў час пажару, і старой пабелкі, пад якой быў выяўлены роспіс.

Роспіс слаба прасочваецца, але відаць, што ў ніжняй частцы купала намалявана архітэктурная дэкарацыя з ілюзорнымі абрамленнямі дахавых акенцаў, а ў верхняй захавалася кампазіцыя, на якой анёл кагосьці суцяшае, прытуліўшы да сябе.

Пышны алтар з калонамі, гірляндамі і ляпнінай на заднім фоне — усяго толькі «аптычны» роспіс, выкананы мастаком Анташэўскім. Фота: Гугл Карты

Дакладна невядома, калі былі пабелены скляпенні і купал, але здымкі пачатку XX стагоддзя фіксуюць іх ужо без роспісаў. Пры тым на сценках касцёла захаваўся без пазнейшых перамалёвак унікальны комплекс «аптычных» алтароў.

Дарэчы, Будслаўскі касцёл славуты не толькі ілюзорнымі роспісамі, але і драўляным алтаром у старой частцы касцёла, дэталі якога змяншаюцца ў глыбіню, ствараючы несапраўдную перспектыву быццам невялікае памяшканне цягнецца далёка ўглыб. Усе гэтыя падманкі выйшлі з рэнесанснай і барочнай архітэктуры Італіі. Пра гэты ўнікальны алтар мы нядаўна падрабязна пісалі ў адным з артыкулаў.

Ужо больш за сто гадоў усе скляпенні Будслаўскага касцёла забелены. Фота: Гугл Карты

Існаванне роспісаў у купале засведчыў інвентар касцёла 1822 года: «Пасярод касцёла купал, пад дах вынесены, увесь у шэры колер з выявай Унебаўзяцця Маці Божай у акружэнні анёлаў. Ніжэй па вуглах гэтага купала [на ветразях] — чатыры евангелісты з сімваламі». Менавіта аднаго з такіх анёлаў і раскрылі рэстаўратары. 

Будаўнічыя работы ў інтэр'еры былі закончаны ў 1781 годзе. У 1782 г. заключаны і, як можна меркаваць па тэксце хронікі, рэалізаваны кантракт з Казімірам Анташэўскім, прыдворным мастаком мсціслаўскага кашталяна Лапацінскага, на маляванне аптычных алтароў — гэта значыць, алтароў, якія імітуюць архітэктуру. Анташэўскі выканаў галоўны алтар, а таксама бакавыя алтары Св. Францішка, Укрыжаванага Езуса, Св. Антонія і Св. Ганны, Св. Барбары, Св. Юзафа і Св. Тадэвуша.

Адзін з алтароў Анташэўскага ў Будслаўскім касцёле. Сцяна абсалютна плоская, але мастак здолеў стварыць пераканаўчую ілюзію аб'ёму. Фота: Гугл Карты
Адзін з алтароў Анташэўскага ў Будслаўскім касцёле. Сцяна абсалютна плоская, але мастак здолеў стварыць пераканаўчую ілюзію аб'ёму. Фота: Гугл Карты

Анташэўскі таксама размаляваў касцёл Святога Тадэвуша Апостала ў Лучаі, які знаходзіцца недалёка ад Будслава, дзе стварыў яшчэ пяць аптычных алтароў. Пасля, відаць, перабраўся ў Мінск, дзе, калі верыць вядомаму нарысу Уладзіслава Сыракомлі, стаў найлепшым мастаком у горадзе і размаляваў усе інтэр'еры архікатэдры.

У Будслаўскім касцёле, верагодна, працаваў яшчэ адзін мастак, прынамсі некаторыя роспісы моцна адрозніваюцца ад таго, як маляваў Анташэўскі, бо выкананы ў тэхніцы грызайль (то-бок адценнямі ўсяго аднаго колеру). Гэтыя роспісы былі выкананы ў 1801 годзе, але імя майстра ў хроніцы не запісана. 

Сёння роспісы ў купале ледзь бачныя і патрабуюць далейшай рэстаўрацыі. Фота: інстаграм Будслаўскага санктуарыя

Да раскрыцця роспісаў на купале мастацтвазнаўцы, грунтуючыся на апісаннях, адносілі іх да пэндзля Анташэўскага, але цяпер, калі яны зноў адкрытыя, атрыбуцыя можа быць змененай. Зрэшты, нягледзячы на раскрыццё, роспісы сёння амаль не чытаюцца і патрабуюць далейшых работ па рэстаўрацыі.

Каментары2

  • Вожык
    08.11.2024
    А колькі прыгажосці яшчэ застаецца забеленай
  • Беларусы - лепшыя!
    08.11.2024
    Якія крутыя роспісы ў тэхніцы 3D мастака Анташэўскага! Толькі ўдумайцеся: 1700я гады!

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →