«Уключэнне ў сумна вядомыя спісы наклала забарону на прафесію». Шоўмен Яўген Булка з'ехаў у Ізраіль і расказвае пра сваю эміграцыю
У 2020 годзе вядучы Яўген Булка падтрымаў пратэсны рух, з-за чаго згубіў працу і знік з беларускай медыясферы. Колькі тыдняў таму ён з жонкай і дзецьмі з'ехаў у Ізраіль, дзе распачаў жыццё з чыстага ліста. «Наша Ніва» распытала яго пра першыя крокі на новай зямлі.
«Наша Ніва»: Ваш першы водгук пра жыццё ў Ізраілі гучаў так: «Узровень стрэсу істотна знізіўся». А якім гэты ўзровень быў на піку?
Яўген Булка: Мяркую, як і ўва ўсіх: пастаянная трывожнасць, бяссонніца, эмацыйная напружанасць. Калі ж пачалі з ног на галаву перакульвацца жыцці блізкіх сяброў, то ўвогуле стала нясцерпна… Шчыра прызнаюся: нават першыя тыдні пасля пераезду за мяжу (мы пакінулі краіну 11 красавіка) мроіліся ўсялякія жудасці з беларускага мінулага.
Дарэчы, гэтае мінулае і падштурхнула да эміграцыі: упершыню такія думкі з'явіліся яшчэ ў 2020-м, а пасля паступова назапашваліся адпаведна з ростам узроўню трэшу ў дзяржаве. Падзеі ж лютага на мяжы Расіі і Украіны прымусілі паскорыцца.
На пачатку яшчэ спрабаваў трымацца, аднак уключэнне ў сумна вядомыя спісы фактычна наклала забарону на прафесію, на афіцыйнае працаўладкаванне. Таму трэба было шукаць розныя спосабы элементарна выжываць ды забяспечваць сям'ю. Перабралі, падаецца, усё відавочнае ды легальнае — і прыйшлі да высновы, што трэба радыкальна мяняць месца жыхарства. Бо нават самых элементарных перспектыў у жыцці тут болей не бачылі.
Ведаеце, у 2020-м яшчэ меў надзею — нешта ў Беларусі вось-вось зменіцца. Вялікія зрухі ў ментальнасці людзей адбыліся, народ аб'яднаўся, пачаў агулам мысліць крытычна.
Аднак далей мела месца катастрафічная страта пасіянарыяў: тыя, хто ў тры-чатыры змены адбудоўваў бы Беларусь, не шкадуючы сябе, вымушана з'ехалі. Некаторыя энтузіясты не паспелі пакінуць краіну, аднак абавязкова гэта зробяць пасля, як толькі атрымаюць магчымасць.
І гэты адток працягнецца, хаця кожны такі чалавек патрэбны краіне для аднаўлення, наладжвання сацыяльных механізмаў ды міжнародных сувязяў. Калі разумееш безвыходнасць, адчуваеш яе па тым, як змяняецца кола прыватнай камунікацыі, то і сам пачынаеш думаць пра будучыню ў зусім іншых фарматах, чым звыкся.
«НН»: Чаму менавіта Ізраіль? Беларусы звычайна абіраюць больш блізкія краіны для рэлакацыі.
ЯБ: Адштурхоўвася ад будучыні для дзяцей і магчымасцяў асабістага росту — тут не толькі максімальная свабода для дзеянняў ды самавыражэння, але і безліч перспектыў. Калі ёсць прага нешта рабіць, ты абавязкова знойдзеш занятак па сабе, сваіх патрабаваннях, таленце, здольнасцях.
Да таго ж пабачыў, якая велізарная колькасць калег рэалізавала сябе тут цягам паўгода-года — і натхніўся. Як кажуць беларусы, хто працуе, той і мае. У дачыненні да Ізраіля гэта справядліва на сто адсоткаў.
Плюс тут успрымаюць рэпатрыянтаў як людзей, што вярнуліся дамоў, а не як бежанцаў. У іншых краінах ты павінен неяк прадэманстраваць удзячнасць за велікадушша, бо атрымаў месца для жыцця. Тут жа адчуваеш сябе доўгачаканым родзічам, якога даўно не бачылі.
«НН»: Што такое «кібуц», дзе вы цяпер жывяце, калі тлумачыць папулярна?
ЯБ: Невялічкая мясцовасць кшталту вёскі, дзе купкамі жывуць сем'і, пераважна першым часам пасля рэлакацыі. У нашай — змяшчаемся на поўначы краіны, у 30 кіламетрах ад мяжы з Ліванам — іх 19. Большасць з Расіі, пяць рэпатрыянтаў з Украіны і мы — з Беларусі.
Па праграме «Кібуц — мой першы дом на радзіме» маем пэўныя фінансавыя льготы цягам шасці месяцаў. Пасля яны скарачаюцца, а ўзамен даецца дазвол на працу. Асноўным абавязкам увесь гэты час з'яўляецца інтэнсіўнае вывучэнне іўрыта: груба кажучы, нават на нейкія фрылансы не можаш выдаткаваць час — толькі сядзі авалодвай мовай на курсах, што тут жа і арганізаваныя.
«НН»: Класік пісаў, што масквічоў папсавала кватэрнае пытанне. А якое пытанне папсавала ў Ізраілі вас?
ЯБ: Не паспеў яшчэ сапсавацца, бо маю вялікі тэрмін прыдатнасці — падсушыла мяне Беларусь (смяецца). А калі сур'ёзна, то безліч неверагодна смачнай ежы крышку разбэсціла, так.
Тут усё разоў у пяць-дзесяць больш смачнае, чым прызвычаіўся. Можа, гэта надвор'е так уплывае ці мясцовасць, не ведаю. Але гэты момант заўважылі абсалютна ўсе: нават у звыклых прадуктаў кшталту аўсянкі, брокалі альбо агуркоў смак іншы.
«НН»: Да якіх жыццёвых рэалій у Ізраілі вы, як мяркуеце, ніколі не прызвычаіцеся?
ЯБ: Тут велізарная павага да любой праявы свабоды, таму з часам, напэўна, адаптуешся да ўсяго. Напрыклад, у цягнік можа зайсці мужчына ў панчохах з нафарбаванымі вачыма — і сесці побач з прававернай рэлігійнай сям'ёй, пасля чаго ўсе нармальна паедуць у адным вагоне.
Таму, хутчэй, магу згадаць пра нешта такое, што цяжка будзе ўспрыняць людзям «звонку». Кшталту размыцця рабочага і вольнага часу. Цябе просяць пачакаць хвілінку, а гэта расцягваецца на паўгадзіны. «Зробім заўтра» — не факт, што нешта зрушыцца з мёртвай кропкі праз тыдзень. І гэтак далей: асабліва ніхто нікуды не спяшаецца…
Іншая гісторыя, звязаная з працоўнымі днямі, — афіцыйна ў Ізраілі іх шэсць на тыдзень. Аднак з-за велізарнай колькасці святаў яшчэ не бачыў, каб людзі працавалі тут ад нядзелі да пятніцы. Увесь час некія івэнты, каб сабрацца ды пасмажыць сасіскі, альбо раздаць дзеткам кукурузу, альбо нешта прыемнае такога ж кшталту для дарослых.
«НН»: Наколькі мясцовае тэлебачанне адрозніваецца ад таго, што прызвычаіліся рабіць вы?
ЯБ: Тут усё крышачку… З аднаго боку, гэта можна пры жаданні назваць дылетанцтвам, а з іншага — расслабленасцю. Скажам, тое, што ў нас выклікала б абурэнне гледачоў альбо афіцыйныя разборкі, у Ізраілі прагаворваецца на міжасабовым узроўні ды без фатальных наступстваў.
Аднак, наколькі разумею, гэта тычыцца не толькі ТБ, а ў прынцыпе ўсіх сфер жыцця. Скажам, захварэў ты, блага табе дні тры. Якая парада? Ну, папі вады яшчэ суткі, можа, стане лепш. А што, вось так вось ужо дрэнна, ажно «гайкі»? Тады, калі ласка — у лякарню, але там ужо камфорт ды клопат найвышэйшага ўзроўню.
Мы на сваім вопыце, дарэчы, гэта праверылі, бо дзіця трапіла ў лякарню. Пяць дзён не маглі збіць тэмпературу — і толькі на чацвёрты візіт да доктара атрымалі накіраванне ў бальніцу.
«НН»: Нягледзячы на тое, што пачалі вывучаць іўрыт, наколькі складана вам цяпер ладзіць камунікацыю?
ЯБ: Давайце ў якасці прыкладу прывяду тую ж бальніцу — яна змяшчаецца ў буйным горадзе непадалёку ад кібуца. Там усе надпісы зробленыя на трох мовах: іўрыце, арабскай ды рускай. У гэтым рэгіёне пражывае буйная дыяспара рускамоўных, таму дзяржава адаптавалася — і каб спрасціць зносіны людзям, і каб у будучым не губляць час на вырашэнне праблем з камунікацыяй.
Увогуле ж у Ізраілі, калі сутыкаешся з цяжкасцямі, то можаш спыніцца на вуліцы, узняць руку, сказаць «дапамажыце, калі ласка» — і некалькі чалавек абавязкова падыдуць ды выратуюць.
Праўда, адначасова распытаюць, адкуль ты прыехаў, якую сям'ю маеш, колькі дзетак, хто па прафесіі… Гэты small talk — своеасаблівая плата за дапамогу, а здольнасць падтрымаць размову і гатоўнасць да яе — валюта.
Ведаеце, яшчэ што цікава? Тыя суполкі, што ў нас утварыліся толькі ў 2020-м, калі незнаёмыя беларусы пачалі аб'ядноўвацца па інтарэсах, даведвацца адно пра аднаго, таму што разам было ў кайф бавіць час, тут на кожным кроку. Кінулі хлопцы кліч: можа, хто хоча ў футбол паганяць? І адразу нехта прывёз сасіскі, іншы з кустоў ужо выцягнуў мангал, трэці прыбыў на кропку збору са скрыняй напояў — і ў дадатак да файнай гульні людзі атрымалі годны вечар размоваў адно з адным…
Іншымі словамі, самаарганізацыя і ўзаемападтрымка тут на высачэзным узроўні нават пры рознасці паходжанняў, інтарэсаў, моў, поглядаў.
«НН»: Кажуць, што праца на ТБ падобная на наркотык. Атрымліваецца, што ў вас пасля 16 год такой занятасці павінна была наступіць ломка. Як яе пераадольваеце?
ЯБ: Годнае, але балючае пытанне. З 2021 года канчаткова пайшла забарона на мае любыя грамадскія «праявы» — і гэты перыяд перажываў цяжка. Так, надараліся разавыя запрашэнні на майстар-класы, эфіры ў Інстаграме. Але ўсё гэта было крышку не тое…
Тут жа, у Ізраілі, сканцэнтраваўся на сям'і — цяпер для мяне гэта самае галоўнае, асноўнае. Магчыма, калі крышку авалодаю іўрытам, ужо і да звыклай дзейнасці паспрабую вярнуцца.
«НН»: Звычайна беларусы пераязджаюць у Літву ці Польшу, аднак абмаўляюцца: з першай маршруткай пасля змены ўлады вернемся на радзіму. А для вас зваротны шлях яшчэ актуальны?
ЯБ: Канечне, з задавальненнем вярнуся, калі такія варыянты будуць. Хтосьці можа пакрыўдзіцца на наступны выраз, для кагосьці ён будзе незразумелы. Але скажу так: здорава, калі ў чалавека ёсць два дамы — гэта неацэнная раскоша. І я не бачу перашкод, каб гэтымі дамамі сябраваць.
Каментары