«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені
Уладзімір Зяленскі настойвае, каб першым рэйсы аднавіў аэрапорт «Барыспаль» у Кіеве.
Палёты з аднаго з украінскіх аэрапортаў — «Львоў» ці «Барыспаль» — могуць аднавіцца да канца студзеня 2025 года. Пра гэта заявіў старшы партнёр міжнароднай страхавой кампаніі Marsh McLennan Крыспін Элісан на 10-м Кіеўскім міжнародным эканамічным форуме ў сталіцы Украіны.
«Думаю, калі нам пашанцуе, то ў студзені ў нас будзе пяць ці шэсць авіякампаній, якія захочуць лятаць», — перадае словы Элісан «Інтэрфакс-Украіна».
Паводле яго слоў, забяспечыць механізмы страхавання для авіяцыі будзе прасцей, калі самалёты пачнуць лятаць з аэрапорта «Львоў», але прэзідэнт Уладзімір Зяленскі настойвае на тым, каб першым быў адкрыты міжнародны аэрапорт «Барыспаль» у Кіеве.
«Прэзідэнт сфакусаваны на «Барыспалі», аднак пачатковы фокус — «Львоў». Сем хвілін палёту ад Польшчы», — сказаў Элісан.
Паводле слоў Элісана, канчатковае рашэнне наконт палётаў будзе прымацца ў Офісе прэзідэнта і будзе залежаць ад працы супрацьпаветранай абароны і сітуацыі з бяспекай.
«Я працягваю казаць, што Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў. Людзям гэта не падабаецца, калі я так кажу, але я кажу», — сказаў ён.
Раней паведамлялася, што Міністэрства развіцця абшчын і тэрыторый пры падтрымцы амбасады ЗША распрацавала «дарожную карту» адкрыцця паветранай прасторы Украіны ва ўмовах ваеннага становішча.
Каментары