Культура44

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны

На новай выстаўцы паказалі лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі — толькі мізэрную частку даваенных калекцый удалося вярнуць у Беларусь, астатняя або згублена, або ўпрыгожвае чыесьці прыватныя калекцыі. 

Пустая рама на выстаўцы, побач этыкетка з выявай страчанага твора. Фота: тэлеграм-канал Белпрэсцэнтра

5 лістапада ў галоўным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрылася выстаўка «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939—1957» прымеркавана адразу да дзвюх юбілейных дат: 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нацыстаў і 85-годдзя з дня заснавання самога музея.

Экспазіцыя ахоплівае перыяд з 1939 па 1957 год і расказвае пра гісторыю фарміравання і дзейнасці даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску, трагічны факт яе разграблення і вывазу каштоўнасцей у час нямецкай акупацыі, а таксама гісторыю будаўніцтва галоўнага корпуса музея, які быў адкрыты ў 1957.

Юбілейная выстаўка стала адной з самых маштабных сярод выстаў гэтай тэматыкі, пад яе адведзены аж чатыры вялікія залы музея. У іх разгорнута і канцэптуальна распавядаюць наведвальнікам пра станаўленне ўстановы. 

Стварэнне

Першая зала, у якую трапляюць наведвальнікі, называецца «Стварэнне». Там размешчаны тыя творы, якія знаходзіліся ў карціннай галерэі ў даваенны перыяд.

Дзяржаўная карцінная галерэя праіснавала ўсяго два гады. Першаму дырэктару Мікалаю Міхалапу было даручана арганізаваць яе за 9 месяцаў. Тады галерэя размяшчалася ў 25 залах будынка па вуліцы Карла Маркса, 29.

Экспанаты з даваеннай калекцыі музея. Фота: Sputnik

Гэта была вялікая і вельмі багатая галерэя, якая мела ў сваёй калекцыі 48 слуцкіх паясоў, больш за 1000 прадметаў заходнееўрапейскага фарфору, 200 посцілак беларускіх, карціны, перададзеныя цэнтральнымі расійскімі музеямі, сядзібныя партрэты, карціны савецкіх мастакоў і мастакоў Заходняй Беларусі, толькі далучанай да БССР.

Рабаванне

Пустыя рамы на выстаўцы. Фота: Sputnik

Пра самы драматычны год існавання Дзяржаўнай карціннай галерэі, 1941-ы, распавядае зала-інсталяцыя пад назвай «Рабаванне». Тут увагу адразу прыцягваюць пустыя рамы на сценах.

«Калі немцы ўвайшлі ў карцінную галерэю, выразалі карціны з рам, пакавалі ў валізкі і вывозілі, а рамы гэтыя заставаліся, і імі потым узімку распальвалі печы галерэі. Немцы абаграваліся менавіта імі, таксама, як і кнігамі багатай бібліятэкі, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў», — распавядае Надзея Усава, адна з куратарак выстаўкі.

Пустыя рамы на выстаўцы. Фота: тэлеграм-канал Белпрэсцэнтра
Інсталяцыя, якая паказвае працэс разрабавання калекцыі Дзяржаўнай галерэі немцамі. Фота: тэлеграм-канал Белпрэсцэнтра

З пачаткам вайны Міхалап рыхтаваў калекцыю да эвакуацыі, але не здолеў вывезці. Затое цалкам змаглі вывезці з Мінска архівы НКУС і НКДБ. У савецкіх уладаў былі свае прыярытэты.

У зале «Рабаванне» транслюецца дакументальны фільм пра наведванне Гімлерам Мінска ў жніўні 1941 года. Менавіта пасля гэтай падзеі быў аддадзены загад аб адпраўленні калекцыі лепшых твораў у Германію. Экспанаты вывозіліся планамерна ў нямецкія гарады — Кёнігсберг, Франкфурт-на-Майне, Мюнхен. Будынак мастацкай галерэі захопнікі абсталявалі пад камендатуру і пастой нямецкіх афіцэраў.

Этыкетка з фотаздымкам страчанай у час вайны карціны «Перадача вопыту» Валянціна Волкава. Фота: Sputnik

Адмысловую навуковую каштоўнасць уяўляе створаная на аснове фатаграфій і каталогаў таго часу прэзентацыя «Засталіся толькі на фатаграфіях».

Адраджэнне

Трэцяя зала называецца «Адраджэнне». Тут размешчаны толькі тыя творы, якія былі закуплены ў 1944 годзе, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Мінска. Гэтыя карціны набываліся без надзеі на тое, што старая калекцыя калі-небудзь вернецца.

Згодна з Вопісам страт, складзеным пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе, галоўная мастацкая галерэя БССР страціла 223 творы рускага жывапісу, 32 — заходнееўрапейскага, мэблю з «Сіняй спальні» Аляксандра II у Зімовым палацы, 60 абразоў XVI-XVIII стагоддзяў, 8 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў рускага фарфору, 800 — заходнееўрапейскага, 200 беларускіх тканых палотнаў, сотняў твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

Карціны на выстаўцы. Фота: тэлеграм-канал Белпрэсцэнтра
Адна з залаў выстаўкі. Фота: тэлеграм-канал Мінкультуры

Адразу пасля заняцця беларускай сталіцы савецкімі войскамі Мікалай Міхалап, які ў час акупацыі зберагаў рэшткі разрабаванай калекцыі, быў абвінавачаны ў страце фондаў і зняты з пасады. На пасаду дырэктаркі галерэі была пастаўлена Алена Аладава.

З яе імем звязанае аднаўленне музея ў пасляваенны час. Менавіта яна ініцыявала ў 1949 годзе будаўніцтва сучаснага корпуса музея па вуліцы Леніна, 20. Галерэя аднавіла колькасць даваенных фондаў і атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, але вяртанне прадметаў мастацтва з розных крыніц праходзіла яшчэ каля паўстагоддзя.

Вяртанне

У апошняй зале «Вяртанне» прадстаўлены карціны з даваенных фондаў музея, якія ўдалося вярнуць пасля вайны. Вярнуць удалося няшмат, усяго толькі 1/8 частку ад таго, што калісьці мелі.

«Яны з’яўляюцца гонарам нашай калекцыі. Гэта і партрэты з Нясвіжа, і творы Міхаіла Філіповіча, і абразы беларускія, і многія партрэты знакамітых мінчан, у тым ліку ўладальнікаў і заснавальнікаў гатэля «Еўропа». Многія творы выстаўляюцца ўпершыню. А ўвогуле ўсё ж ёсць надзея, што мы знойдзем нешта яшчэ. Мы нават падрыхтавалі прэзентацыю, дзе страчаныя творы адлюстраваны ў прэсе таго часу», — адзначыла Надзея Усава.

«Мора. Алушта» Сяргея Малюціна першай вярнулася ў Дзяржаўную карцінную галерэю. Фота: Sputnik

На выставе прадстаўлена і першая вернутая карціна — гэта невялікае жывапіснае палатно Сяргея Малюціна (1859-1937) «Мора. Алушта», напісанае ў 1906 годзе. Гэтая карціна была вернутая ў галерэю 9 снежня 1944 года.

Усяго на выстаўцы прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў.

Наведаць экспазіцыю можна да 20 студзеня.

Верагодна, што правядзенне выстаўкі «Страты і вяртанні» часткова прадыктавана жаданнем выставіць новы рахунак Германіі за шкоду, нанесеную Беларусі ў час вайны і акупацыі. Пра такое жаданне беларускіх уладаў заяўлялі не аднойчы.

Нядаўна Мінкультуры зацвердзіла Пералік культурных каштоўнасцей, перамешчаных з тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і якія падлягаюць вяртанню, які быў складзены па ініцыятыве Генпракуратуры. Цяперашняя выстаўка выглядае часткай гэтай палітычнай кампаніі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ефрасіння
    07.11.2024
    А што маскалі ўжо вярнулі мой крыж ?
  • Імя
    07.11.2024
    Вяртаць сваё трэба не толькі з захаду, а таксама і з расеі, бо ў маскоўскіх і піцерскіх музэях і архівах шмат нашага, што маскавіты скралі і вывезлі.
  • Упс
    07.11.2024
    Усе ведаюць, дзе трэба шукаць большую частку скрадзенага- недзе на ўсход ад Смаленска.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту69

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць2

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →