ВВС агучыла імя расійскага генерала, якога прызначылі галоўным па вайне ва Украіне
Расія рэарганізавала камандаванне уварваннем ва Украіну, цяпер за яго адказвае генерал Аляксандр Дворнікаў, «які мае вялікі досвед працы ў Сірыі». Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на неназванага заходняга чыноўніка.
Па даных крыніцы BBC, паміж расійскімі падраздзяленнямі ва Украіне была дрэнная каардынацыя. Дворнікаў цяпер «адказвае за паляпшэнне каардынацыі».
«У гэтага канкрэтнага камандзіра вялікі досвед расійскіх аперацый у Сірыі. Таму мы чакаем, што агульнае камандаванне і кіраванне палепшыцца», — прыводзіць BBC словы чыноўніка.
Таксама крыніца выказала здагадку, што цяпер расійскія ўлады аддаюць прыярытэт перамовам, а не ваенным дзеянням, каб «дамагчыся поспеху» да Дня Перамогі 9 траўня.
Дворнікаў з верасня 2015-га па чэрвень 2016 года камандаваў групоўкай расійскіх войскаў у Сірыі. У 2016 годзе яго прызначылі камандуючым войскамі Паўднёвай ваеннай акругі.
Хто да яго адказваў у Расіі за так званую «спецаперацыю», дакладна не вядома.
Каментары