Як Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш ад чыноўнікаў, што ўчынілі ў яе дома ператрус у пошуках антысавеччыны
У панядзелак, 3 студзеня, пайшоў з жыцця літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс. Пра яго ролю ў выратаванні спадчыны Геніюш піша паэт, перакладчык Міхась Скобла.
За савецкім часам у Саюзе пісьменнікаў дзейнічала цвёрдае правіла: пасля смерці літаратара стваралася адмысловая камісія па ягонай творчай спадчыне. Сябры тае камісіі пераглядалі архіў калегі, рыхтавалі да публікацыі нявыдадзеныя творы. Пасля смерці Ларысы Геніюш, якая хоць і не ўваходзіла ў пісьменніцкі саюз, але сябравала з ягоным старшынёй Максімам Танкам, камісію па спадчыне стварыць не паспелі.
Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены — сіламі мясцовых уладаў — ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыню пасялковага савета і яго памагатых, якіх прыслалі «даследаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба.
Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу — на той час супрацоўніку Інстытута літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Мінскам… Нарэшце старшыня пассавета быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис — тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».
Надвячоркам таго ж дня ад Геніюшаўскага дома па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, няспешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за брустверам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зальвянку.
На слонімскай шашы сталічную экспедыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла з’ехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакументы. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатанымі. Старэйшы па званні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасведчанне з надпісам «Саюз пісьменнікаў СССР», размаўляў з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусціць затрыманых.
Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Мінск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёння Геніюшаўскі фонд 31 — адзін з самых багатых пісьменніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго з нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча.
За выратаванне архіва Адам Мальдзіс у 2010 годзе быў узнагароджаны памятным Геніюшаўскім медалём.
Каментары