Прыйшла на плошчу Перамогі з партрэтам бацькі-ветэрана — атрымала 20 сутак. Зноў асудзілі актывістку Лагацкую
9 мая на святкаванні Дня Перамогі ў Мінску затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Жанчына прыйшла на плошчу Перамогі з партрэтам бацькі-ветэрана, але ў выніку апынулася на Акрэсціна.
Сёння стала вядома, што Галіну асудзілі на 20 сутак арышту — нібыта яна мацюкалася ў грамадскім месцы і пасля супраціўлялася пры затрыманні. Пасяджэнне прайшло ў судзе Партызанскага раёна таемна з удзелам дзяжурных супрацоўнікаў: пра яго не паведамілі ні сваякам, ні адвакату Галіны, хаця яшчэ 10 мая ён паведаміў суду, што з’яўляецца абаронцам жанчыны.
«Галіна змагла мне патэліць з РУУС 9 мая. Паспела паведаміць, што абвінавачваюць яе ў тым, што яна нібыта чаплялася да людзей, таму і хуліганства. Але сястра не прызнала віну. Больш падрабязнасцяў пакуль не ведаем, будзем дазнавацца праз адваката. Я, дарэчы, сама ехала да сястры на сустрэчу на плошчу Перамогі, але вось не паспела… Хто ж думаў, што на свята будуць затрымліваць?» — распавяла «Нашай Ніве» сястра Галіны Ларыса.
Для Галіны гэта ўжо не першае абмежаванне волі за апошні час. У лютым яе затрымалі на 15 сутак пасля суда над журналісткамі «Белсата» Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай: запрасілі на прафілактычную гутарку ў РУУС і больш не выпусцілі, склаўшы пратакол па артыкуле 23.4 КаАП.
У верасні ж яна адсядзела 7 сутак, трапіўшы за краты нібыта за ўдзел у пікеце каля Чырвонага касцёла (дарэчы, пасля вызвалення жанчына змагла аспрэчыць гэты прысуд у Мінскім гарадскім судзе). Яшчэ на 15 сутак яе арыштоўвалі за ўдзел у першым маршы пенсіянераў. А ў чэрвені яна атрымала 1215 рублёў штрафу за пікет на Камароўцы.
Да 2020 года Галіну неаднаразова затрымлівалі падчас правядзення маршаў прадпрымальнікаў і «недармаедаў».
Каментары