«Прымаць канчатковае рашэнне будзе прэзідэнт». Васілевіч распавяла аб законапраекце, які дазволіць пазбаўляць грамадзянства
У закон аб грамадзянстве рыхтуюцца змены: сярод іншага плануецца норма аб пазбаўленні грамадзянства за тэрарыстычную, экстрэмісцкую дзейнасць, а таксама прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі. Пра тое, каго можа закрануць новая норма, а таксама аб тэрмінах разгляду законапраекта Tut.by распавяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч.
Паводле Марыі Васілевіч, законапраект будзе разглядацца ўжо ў другім чытанні. Норма, якая прадугледжвае страту беларускага грамадзянства людзьмі, якія ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай ці іншай экстрэмісцкай дзейнасці з прычыненнем цяжкай шкоды інтарэсам краіны, будзе распаўсюджвацца не на ўсіх.
— Норма прадугледжвае магчымасць пазбаўлення грамадзянства натуралізаваных грамадзян, гэта значыць тых, хто прыехаў у нашу краіну і набыў беларускае грамадзянства. Яна не закране тых людзей, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па нараджэнні. Калі спасылацца на досвед замежных краін, дадзеная норма існуе ў ЗША, Аўстрыі і некаторых іншых краінах. І МУС прыняло рашэнне, што мэтазгодна ўкараніць яе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — распавяла Марыя Васілевіч.
Паводле слоў дэпутата, для кожнага падобнага выпадку будзе існаваць пэўная працэдура, гэта значыць, грамадзянства не будуць пазбаўляць аўтаматычна.
— Кожны такі выпадак будзе разглядацца органамі МУС, у прыватнасці Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі, а прымаць канчатковае рашэнне будзе прэзідэнт.
Каментары