Былы журналіст прэзідэнцкага пула Дзмітрый Семчанка распавёў карэспандэнту «Нашай Нівы», што апошнімі днямі людзі масава пішуць яму негатыўныя каменты і паведамленні.
Прычына — яго пераблыталі з іншым Дзмітрыем Семчанкам, стваральнікам будучай прарасійскай партыі «Саюз».
Нагадаем, што неўзабаве чакаецца з’яўленне партыі, якая будзе актыўна выступаць за беларуска-расійскую інтэграцыю. Называцца партыя будзе «Саюз», яе заснавальнік — сумнавядомы Сяргей Лушч. У прэзідыуме аргкамітэту яшчэ шэраг імёнаў, сярод якіх згадваецца «Дзмітрый Семчанка».
Многія падумалі, што гэты Семчанка — менавіта былы журналіст дзяржаўнага тэлебачання. Але ж гэта не так. Паплечнік з партыі Лушча — проста поўны цёзка рэпарцёра.
Журналіст наракае, што яму трэці дзень абрываюць тэлефон сябры і нават сваякі з пытаннем: «Дзіма, няўжо ты ўступіў у нейкую прарасійскую партыю?»
«Маўляў, нават на фатаграфіі ёсць чалавек, падобны да мяне. Я ўжо стаміўся адказваць, што нікуды не ўступаў. Я не ведаю, хто гэты Дзмітрый Семчанка. Магчыма, абсалютна невядомы мне цёзка. Я ніколі не знаходзіўся ні ў якой партыі, ніколі не быў у БРСМ і нават у праўладны Саюз журналістаў не ўваходзіў.
І калі раптам апынуся ў якой-небудзь партыі, гэта будзе дакладна партыя патрыётаў Беларусі!
— тлумачыць былы журналіст. — Я ўжо напісаў пра гэта ў сацсетках, але ахоп там у мяне невялікі, таму многія працягваюць думаць, што я неяк з гэтым звязаны. Мяне лаюць на форумах. У каментарах з гэтай навіной. Пішуць: вось гэта Дзмітрый Семчанка «герой» — прадаў сваю краіну гераічна. Дык вось не прадаваў я Беларусь і іншым прадаць не дам».
Каментары