Як атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі самастойна. Практыка і парады
Набліжаюцца Новы год і калядныя вакацыі, а выбрацца з Беларусі прасцей не становіцца. Калі вы не губляеце надзеі выпіць глінтвейну на калядным кірмашы ў Еўропе, то пра візу трэба думаць ужо цяпер. «Белсат» разам з візавым агентам і галоўнаю рэдактаркаю Visaflow Настай Лысакоўскай склалі зразумелы гайд для самастойнага атрымання шэнгену ў Беларусі: толькі рэальнае становішча і карысныя парады.
Італія: самая папулярная ў беларусаў
Італія рэдка адмаўляе ў візах і шчодрая на тэрміны: часцей за іншыя краіны адкрывае мультывізы ад 3 месяцаў да года нават у чысты пашпарт. Калі вы ўжо былі ў Італіі, то прыкладзеныя рахункі і рэзервацыі павялічаць шанцы на візу да 3 гадоў.
Галоўная праблема — запісацца на падачу. Візавы цэнтр Італіі прыпыніў выдаванне слотаў, таму запісвацца цяпер трэба паводле жывой чаргі з 16:00 да 17:00 у «сшытак адміністратара Алега» (гэта не жарт). Вам даюць парадкавы нумар (цяпер нумары перавышаюць 20 000), з якім вы будзеце потым прыходзіць да ВЦ і чакаць, пакуль ён не зробіцца першым сярод людзей у чарзе. Прыходзіць на падачу трэба з гатовым пакетам дакументаў, асабісты кабінет на сайце візавага цэнтру Італіі мае быць створаны не больш як за 10 дзён да таго.
Маніторыць парадкавы нумар, які ўжо пусцілі на падачы, можна ў тэлеграм-чаце. Мяркуючы з водгукаў там, калі час дазваляе, можна прыходзіць са сваім нумарам за месяц да паездкі. Але можа і пашанцаваць: былі тыя, хто праходзіў з больш познім нумарам, і іх прапускалі на падачу пры адсутнасці чаргі.
А 17 кастрычніка ў ВЦ Італіі паведамілі, што ў кастрычніку будуць тэставаць анлайн-верыфікацыю асобы для запісу ў чаргу.
На гэтым варыянты самастойнай падачы канчаюцца. Ёсць варыянт набыць тур у турыстычных агенцтвах, у іх, як правіла, пад туры ёсць асобныя даты (як правіла, у тур ехаць не абавязкова).
Зборы для падачы на італьянскую візу складаюць 50‒130 еўра ў залежнасці ад паслуг візавага цэнтру.
Іспанія: дорага і доўга
Улетку 2023 года ў Менску пачаў працаваць ВЦ Іспаніі. Але запісацца праз сайт праблематычна: часцей за ўсё ён спіць мёртвым сном.
Даты на запіс з'яўляюцца толькі раз на месяц, а тэрміны разгляду могуць даходзіць да 45 дзён. Пры падачы ВЦ таксама просіць напісаць распіску, што кліент падае дакументы не менш як за 6 тыдняў да меркаванага выезду.
Акрамя таго, тэрміны візаў іспанцы шкадуюць і звычайна даюць аднаразовыя або месячныя візы. Вандроўнікі з добрай візавай гісторыяй могуць атрымаць візу працягласцю 3—5 месяцаў. Але і гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.
Акрамя таго, Іспанія відавочна дае зразумець, што бюджэтным турыстам тут не радыя. Напрыклад, калі ў талоне ёсць памылка, то, каб яе выправіць, давядзецца заплаціць пры візіце ў ВЦ. Прэміум-сэрвіс тут каштуе 370 рублёў (каля 105 еўра, што рэкорд сярод усіх ВЦ), а на кожны дзень знаходжання ў краіне ў вас на рахунку мусіць быць не менш за 113 еўра (але мінімум 1020 еўра). Але найлепш мець на рахунку не менш за 2000 еўра.
Дапамагчы злавіць дату хутчэй могуць турыстычныя агенцтвы, у якіх заўсёды ёсць свая бронь, але гэта выйдзе істотна даражэй: пры рэгістрацыі вы заплаціце не менш за 880 рублёў (247 еўра): за рэгістрацыю — 350 рублёў, за пакет дакументаў — 250 рублёў, ВЦ за падачу — 280 рублёў.
Грэцыя: хутка, але рызыкоўна
Грэцыя — добры варыянт для тых, каму тэрмінова патрэбная віза. Але і рызык тут больш: каля 85% выдадзеных візаў — на адну паездку, а 15—20% заяваў атрымліваюць адмовы. Статыстыка адмоваў значна ўзрастае пасля заканчэння турыстычнага сезону, а разгляд заяваў можа заняць 21—25 дзён. Цяпер Грэцыя стала больш лаяльнаю да тых, хто запытвае візу на святы — Каляды і Новы год.
Падаць дакументы можна ў Мінску, Віцебску і Брэсце. Для запісу трэба зарэгістравацца на сайце ВЦ Грэцыі, дзе рэгулярна з'яўляюцца свабодныя слоты на запіс.
Атрыманне грэчаскай візы з улікам консульскага збору і паслуг візавага цэнтру абыйдзецца ў 80—125 еўра.
Венгрыя: толькі калі вы сапраўды едзеце туды
Логіку выдачы віз у амбасадзе Венгрыі зразумець вельмі складана, а візы толькі пад даты паездкі не рэдкасць. Калі вы сапраўды збіраецеся ў Венгрыю або Швейцарыю (ВЦ таксама прымае заяўкі на візу Швейцарыі) або можаце пацвердзіць свой мінулы візіт у краіну, то могуць выдаць шэнген і на тры гады.
Але калі не, то высокая верагоднасць атрымаць візу пад паездку або нават адмову. Цяпер для падачы на візу неабходная пацверджаная і аплачаная рэзервацыя гатэля. Прычым адмяняць яе нават пасля атрымання візы не рэкамендуецца: венгры раней анулявалі толькі што выдадзеную візу пасля таго, як чалавек перарэзерваваў жытло.
У адрозненне ад Італіі, краіна прымае заяўкі на візы толькі праз сайт VFS Global, дзе і давядзецца лавіць даты. Звычайна даюць 1-2 месцы за дзень, таму попыт высокі.
Як і ў выпадку з Грэцыяй, віза Венгрыі з улікам кошту паслуг візавага цэнтру будзе каштаваць ад 80 да 125 еўра.
Францыя: візы Шрэдынгера
Не зважаючы на стандартны пакет дакументаў, даты на запіс у французскай амбасадзе выдаюцца нерэгулярна, а статыстыка выдачы віз вар'юецца ад візаў пад паездку да мультывізаў на тэрмін да года ў чысты пашпарт.
Пакет дакументаў для французскай візы стандартны, а тэрміны разгляду заявы складаюць ад двух да чатырох тыдняў. Але адмовы ў візе не рэдкасць.
Запісацца самому на падачу ‒ практычна непраходны квэст. Візавага цэнтру няма, таму падавацца трэба праз сайт амбасады Францыі ў Мінску, які, часцей за ўсё, не працуе.
На сайт акенцы для запісу выкідваюцца рэдка. Выйсце толькі адно: кожны дзень маніторыць чат і спадзявацца, што пашанцуе аднойчы ўбачыць слоты на сайце, які працуе.
Крыху прасцей атрымаць акенца для запісу ў выпадку запрашэння ад сяброў або сваякоў. У гэтым выпадку можа дапамагчы ліст у консульства з просьбаю выдаць дату для падачы.
Акрамя таго, французы могуць спраўдзіць ваша знаходжанне ў краіне: калі паводле папярэдняй візы вы да Францыі не даехалі, то можаце чакаць наступны раз альбо візу пад паездку, альбо адмову.
Францыя працуе з заяўкамі беларусаў непасрэдна, таму віза абыдзецца найтанней — 35 еўра за консульскі збор.
Скрупулёзная Германія для самых цярплівых
Амбасада Германіі найлепшая для выдачы візаў паводле запрашэння. З турыстычнымі візамі складаней. Гасцявыя візы нярэдка даюць на 5 гадоў, а вось турыстычныя — пад даты паездкі. Але пры гэтым і адмоваў вельмі мала.
Калі падаецеся другі раз, варта прыкласці ўсе магчымыя доказы першай паездкі: ад здымкаў ля Бундэстагу да рахункаў з мясцовых крамаў. Гэта павялічыць ваш шанец на доўгатэрміновую візу.
Але ёсць і нюансы: пра скрупулёзнасць немцаў людзі ўжо складаюць легенды. Тут правяраюць не толькі рэзервацыю жытла, але і засяленне. Не прыехалі — вас могуць чакаць ануляванне візы і дэпартацыя. Як і ў выпадку з Венгрыяй, пра змену рэзервацыі трэба паведаміць у амбасаду да паездкі.
Таксама немцы хочуць бачыць дакументы ў папяровым выглядзе з перакладам на англійскую ці нямецкую. З апошніх новаўвядзенняў — выпіска з рухам на рахунку за апошнія 6 месяцаў, перакладаць яе не трэба.
Пасля ўсяго гэтага з вамі могуць яшчэ і пагутарыць пры падачы дакументаў або нават пасля праз тэлефон.
Варта адзначыць, што зрабіць запрашэнне для гасцявой візы ў Германію вам могуць не толькі сваякі, але і сябры ці знаёмыя. Так што раім пашукаць кагосьці ў самой краіне, хто можа выслаць вам запрашэнне.
Падаваць заяўку на афармленне візы трэба праз форму на сайце, пасля чаго чакаць ліст аб прызначэнні даты. У адказ вам прыйдзе дата, паўплываць на якую немагчыма: калі не пацвердзіць яе на працягу двух дзён, запіс анулюецца. Спіс чакання велізарны і можа расцягнуцца на 12 месяцаў.
У нямецкую амбасаду трэба падавацца і тым, хто хоча атрымаць візу Аўстрыі, Бельгіі, Славеніі, Люксембурга і Нідэрландаў.
Кошт консульскага збору ніжэйшы за кошт непасрэднай падачы праз амбасаду — 35 еўра.
Польшча: заданне з зорачкай
На гэты момант Польшча — адзіная з суседніх краін, што выдае турыстычныя візы беларусам. Акенцы на падачу ў ВЦ Польшчы Польшчы з'яўляюцца на месяц наперад, сачыць можна ў гэтым чаце. Напрыклад, мінскі рэгіён выдаў слоты на шмат якія тыпы візаў ужо да канца лістапада. Але гэта не азначае, што запісацца лёгка.
Калі Польшча ўвяла верыфікацыю праз сэлфі і здымак пашпарта, усё стала яшчэ горш. Слотаў па-ранейшаму амаль не знайсці, але нават калі і пашанцавала, падчас праходжання верыфікацыі хтосьці іншы звычайна паспявае перахапіць вашу дату. Акрамя таго, сайт часта дае збоі, а запісвацца на падачу трэба ў пэўны ВЦ у залежнасці ад прапіскі.
Усё гэта робіць падачу на польскую візу адной з самых складаных, таму шмат хто аддае ад 170 да 980 еўра (у залежнасці ад рэгіёну падачы і попыту) візавым агентам, якія праходзяць гэты квэст за прэтэндэнта на візу.
Турыстычныя візы выдаюцца ў асноўным пад паездку, ёсць выпадкі выдачы такіх візаў на 3-4 дні: якраз хопіць, каб толькі пастаяць на мяжы. Для падачы патрабуюць аплачаную рэзервацыю гатэля, маршрутны ліст з распісаным планам паездкі і выпіску з рахунку з рэшткамі не менш за 500‒600 еўра на чалавека. Час разгляду дакументаў складае ў сярэднім 15 дзён, часам пашпарты выдаюцца хутчэй.
Добрая візавая гісторыя можа павялічыць шанцы на працяглую мультывізу, але і гэта рэдкасць, а не правіла. Адмоў таксама хапае, але калі чалавек сапраўды планаваў паездку ў Польшчу і з дакументамі ўсё добра, можна падацца на апеляцыю ў консульства. Праўда, гэта каштуе 80 еўра, але ў выпадку паспяховага разгляду вам, хутчэй за ўсё, паставяць візу пад паездку.
Калі ёсць магчымасць, варта зрабіць запрашэнне ад любога чалавека з ПМЖ або рэзідэнцыяй Польшчы — адмовы рэдкія, а візы звычайна даўжэйшыя за турыстычныя.
Акрамя таго, з верасня 2024 года заяўнікі, старэйшыя за 60 гадоў, могуць падаць дакументы на візу паводле ваяводскага запрашэння ад дзяцей і ўнукаў без папярэдняй рэгістрацыі ў ВЦ згодна з рэгіёнам прапіскі. Тут важная парада — прыходзіць на падачу зранку, бо ВЦ мае квоту месцаў, і могуць не прыняць у той жа дзень. Да пакету дакументаў трэба будзе прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць сваяцкія сувязі.
Румынія, Балгарыя, Харватыя ды іншыя неймаверныя гісторыі
ВЦ Харватыі адкрывае візы беларусам з 2023 года, Балгарыя і Румынія — з красавіка 2024 года. На сайце ВЦ Балгарыі дасюль няма нават спісу неабходных дакументаў для падачы. Тое ж і на румынскім сайце.
Пакуль водгукі тураператараў пра гэтыя краіны не вельмі абнадзейваюць: тут адкрываюць звычайна кароткатэрміновыя візы або да 6 месяцаў — для тых, у каго добрая візавая гісторыя. А яшчэ патрабуюць пацвердзіць аплату гатэля і авіяквіткоў.
Але як сюды запісацца самастойна, так і застаецца загадкаю: Балгарыя, Харватыя і Румынія, а таксама Славакія даюць некалькі акенцаў за месяц.
У тэорыі яшчэ можна падацца на шэнгенскую візу Даніі (праз візавы цэнтр VFS у Мінску), але будзьце гатовыя да атрымання даты на адну паездку або наагул да адмовы. Гэта «задавальненне» каштуе не 35 еўра, а 80 — краіна не падпісала пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю.
А калі не ўдаецца падацца самому?
Рэзюмуючы, можна сказаць, што больш рэальныя варыянты для самастойнага запісу — гэта Германія, Грэцыя, Іспанія і Венгрыя.
Больш складаныя варыянты ў запісе — Польшча і Францыя, туды слоты злавіць цяжэй. Шанцы на самастойную падачу і візу на добры тэрмін праз іншыя краіны пакуль імкнуцца да нуля. Пры гэтым памятайце, што такія краіны, як Літва, Латвія і Чэхія, увогуле не выдаюць турыстычных візаў беларусам.
Калі вы хочаце заашчадзіць і падацца самастойна, ёсць сэнс сачыць за датамі адкрыцця візавых слотаў праз тэматычныя тэлеграм-каналы або ў агульных чатах па краінах. Напрыклад, Іспанія часта выкідвае новыя слоты пасля 24 дня месяца, але выразнай сістэмнасці няма ні ў каго.
«Думаю, што калі задацца мэтай, то можна ўсё зрабіць самастойна, гэта пытанне часу і нерваў, — разважае Наста Лысакоўская. — Шмат хто звяртаецца да паслуг візавых агентаў не толькі праз складанасць запісу, але і праз тое, што ніколі не афармлялі візаў. Яшчэ адна частая прычына — дапамога пасля атрыманай адмовы».
Калі вы ўсё ж надумалі звярнуцца па дапамогу да пасярэднікаў, рыхтуйцеся аддаць за гэта дадатковыя 100‒1500 еўра, што часам параўнальна з коштам недарагога туру.
«Мінімальныя цэны на паслугі пачынаюцца са 100 еўра, але гэта залежыць ад складанасці запісу. Напрыклад, Польшча, Іспанія і Італія — адныя з самых запатрабаваных кірункаў, дзе цэны могуць быць бліжэйшыя да верхняй мяжы. Максімум за «паскораны» запіс можа дасягаць 1000‒1500 еўра, асабліва для краін з доўгімі чэргамі, як Італія і Польшча. Важна звяртацца да правераных пасярэднікаў: чытайце водгукі іншых кліентаў, удакладняйце, што менавіта ўваходзіць у паслугі, і пазбягайце тых, хто гарантуе візу — такія паслугі часта заканчваюцца гісторыямі пра махлярства», — адзначае візавая агентка.
Рэальная карысць ад пасярэднікаў ёсць, калі самастойны запіс практычна немагчымы праз тэхнічныя складанасці на сайце візавага цэнтру. У агенцтваў, не зважаючы на ўсе забароны і новаўвядзенні візавых цэнтраў, па-ранейшаму больш магчымасцяў запісаць вас, чым у вас самых.
Італія спрасціла правілы падачы на шэнгенскую візу
Беларусы адпачылі ў Еўропе, патраціўшы па 200 еўра на чалавека за 12 дзён
Рада Еўропы заклікала спрасціць візавы рэжым для беларусаў і не патрабаваць апастылі на дакументах
Беларусы расказалі, як абыходзяць адну з забаронаў пры запісванні на падачу на польскую візу
Беларус з'ездзіў у Германію з нямецкім «шэнгенам», але амбасада яму не паверыла і адмовіла ў наступнай візе
Колькі беларусаў былі ў Еўропе за апошнія пяць гадоў? Нават не траціна
Мінская блогерка расказала, як бясплатна атрымала італьянскі мультышэнген. Але гэты спосаб не для ўсіх
Каментары