Будынак кавярні «Казачны замак» у парку Горкага рыхтуюць да зносу. Ужо пачаліся падрыхтоўчыя работы, піша тэлеграм-канал «Минск и минчанин».
Будынак, афіцыйны адрас якога вуліца Фрунзе, 2б, размяшчаецца на беразе сажалкі.
«Кавярня ўваходзіла ў сетку аднайменных піцэрый і прапрацавала тут 17 гадоў, але не перажыла пандэмію каранавіруса», — паведамляе «Минск и минчанин».
Раней паведамлялася, што парк імя Горкага рэканструююць. Падрыхтоўчыя мерапрыемствы стартавалі 7 кастрычніка. Праектам прадугледжаная замена інжынерных сетак і часткова асвятлення.
Акрамя таго, тут паставяць аднатыпныя гандлёвыя павільёны. Іх знешні выгляд узгоднены з Міністэрствам культуры і Камітэтам архітэктуры Мінгарвыканкама, бо парк лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таксама адкрыюць дадатковыя зоны адпачынку і новую дзіцячую пляцоўку.
Скончыць рэканструкцыю парку плануюць да пачатку новага сезона атракцыёнаў. Звычайна ён пачынаецца ў канцы красавіка.
Каментары
Памятаю, як малым аднойчы ўскараскаўся на яе, а там стаяў нейкі юнак з мальбертам і халсцінай, а ў руках - палітра й пэндзлік. Ён маляваў нейкі пáркавы пейзаж, што насупраць. Дасюль не разумею, як ён усё тое туды затараніў?..