Для арышту задзейнічалі паліцэйскі спецназ, кадрамі затрымання дзеліцца тэлеканал Euronews.
Былы прэзідэнт Албаніі Ілір Мета быў арыштаваны паліцэйскім спецназам на ўездзе ў албанскую сталіцу Тырану, калі быў за рулём аўтамабіля і ехаў на прэс-канферэнцыю.
Кадрамі затрымання экс-прэзідэнта Албаніі падзяліўся албанскі філіял тэлеканала Euronews.
Арышт ладзіўся на запыт Спецыяльнай пракуратуры па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю (SPAK). Па інфармацыі мясцовых крыніц, Мета абвінавачваецца ў карупцыі, адмыванні грошай і ўтойванні свайго багацця. Іншыя медыя паведамляюць пра тыя ж абвінавачанні, перадае агенцтва Reuters.
Адвакат экс-прэзідэнта пацвердзіў СМІ, што арышт быў праведзены па абвінавачаннях у карупцыі, якія, па ягоных словах, Мета адмаўляе. Адвакат не даў большых падрабязнасцяў па справе. Прэс-сакратар Іліра Меты, Тэдзі Блушы, назваў затрыманне «злачынным выкраданнем».
Паводле албанскіх медыя, Ілір Мета знаходзіцца пад следствам ужо на працягу некалькіх месяцаў, а абвінавачанні звязаныя з неназваным лабісцкім кантрактам экс-прэзідэнта ў ЗША, падазрэннямі ў адмыванні грошай і абвінавачаннямі ў незаконных выдатках.
У мінулым Мета займаў найважнейшыя пасады ў Албаніі, у тым ліку пасады прэм'ер-міністра, міністра замежных спраў, спікера парламента і прэзідэнта ў 2017-2022 гадах.
Албанія з'яўляецца членам НАТА і адным з асноўных кандыдатаў на ўступленне ў Еўрасаюз. У 2020 годзе краіна далучылася да санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі за сфальсіфікаваныя выбары і гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.
Каментары