Ён супрацьстаяў ЗША і быў хросным бацькам Гарбачова. Ён быў настолькі верны «генеральнай лініі», што проста зліўся з ёю. Ён нават стаў рускім, хоць нарадзіўся беларусам. Ён быў адным з самых уплывовых людзей ХХ стагоддзя — наколькі магчыма быць уплывовым у сістэме, у якой усе людзі — вінцікі. Піша Андрэй Скурко.
Вёскі Старыя і Новыя Грамыкі стаялі абапал апетай Аркадзем Куляшовым ракі Бесядзь. Цяпер гэта ўрочышчы. Сасоннік сціскаецца над шчарбатай асфальтавай дарогай, чапляючы лапкамі лабавое шкло машыны. У падлеску бачныя рэшткі бетонных канструкцый, зарослыя кустоўем дарожкі. Гэтыя мясціны — радзіма шматгадовага міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі. Яго непранікальны пахмурны твар дзесяцігоддзямі ўспрымаўся за мяжой як аблічча Савецкага Саюза. За ўпартасць і дагматызм яго ахрысцілі на Захадзе «Містарам Не».
Увогуле, усходняя Гомельшчына — радовішча кіраўнічых кадраў. Пад Гомелем, у Рудні Прыбыткоўскай, нарадзіўся паваенны кіраўнік БССР Кірыла Мазураў, побач з Добрушам — яшчэ адзін, Ціхан Кісялёў.
Гэты беларускі рэгіён да 1926 года, да апошняга ўзбуйнення БССР, быў у складзе РСФСР. Таму Андрэй Грамыка, якому на момант узбуйнення было 17 год, нарадзіўся і вырас нібыта і ў Беларусі, але ў Расіі. Ва ўспамінах пра школьныя гады ён прыгадвае Пушкіна, Ганчарова, Тургенева, Гогаля, Жукоўскага — і нічога з беларускай класікі. Гэта кантрастуе, напрыклад, са школьнымі спогадамі маладзейшага на 12 гадоў ягонага земляка Івана Шамякіна, якога сфармавала ўжо «Новая зямля» Якуба Коласа. Для Грамыкі беларуская мова была мовай сям’і, вуліцы, але не мовай школы, не мовай дзяржаўных устаноў.
У музеі Міністэрства замежных спраў Беларусі захоўваюцца анкеты, у якіх Грамыка пазначаў сваю нацыянальнасць як «беларус». Але ў многіх анкетах пазнейшага перыяду Грамыка пісаўся ўжо «рускім».
Першыя палітычныя дыскусіі малы Андрэйка слухаў у родных Грамыках. У вёсцы мужчыны любілі гаварыць пра палітыку. То было першае пакаленне, якое вялікая палітыка зачапіла крылом, — удзельнікі Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, а таксама «амерыканцы» ды «парагвайцы», што ездзілі ў свет на заробкі. Ім было што ўспомніць і з чым параўнаць. І іх «канферэнцыі» на прызбе малыя слухалі навастрыўшы вушы.
«Даведка бедняка»
Грамыкі, як і ўсе суседзі, мала таго што былі беларусамі — яны былі шляхтай. Пра гэта сведчаць інвентары Ігуменскага павета XVIII стагоддзя. «Шляхецкія» і «мужыцкія» вёскі адрозніваюць на ўсходзе Гомельшчыны дагэтуль. Праўда, пазней тутэйшую шляхту, якая не змагла пацвердзіць сваё паходжанне, перапісалі ў панцырныя баяры, панізіўшы статус.
Але асцярожны Грамыка, які цікавіўся гісторыяй свайго роду, ні паўсловам пра гэта не згадаў у мемуарах. Ён шукаў продкаў сярод казацкіх палкоўнікаў, а сям’ю сваю называў беднай і сялянскай. Хоць аднавяскоўцы пераказвалі, што Грамыкі не былі асабліва беднымі: Андрэя праз гэта нават не хацелі браць вучыцца ў Гомель на рабфак. Але потым старшыня мясцовага камітэта беднаты пашкадаваў хлопца, выпісаўшы яму «даведку бедняка».
«Андруша»
«Перыяд маёй вучобы пасля сямігадовай школы працягваўся дванаццаць гадоў: прафтэхшкола (Гомель), сельгастэхнікум (вёска Стара-Барысаў), інстытут (Мінск), аспірантура (Мінск — Масква)», — пісаў Грамыка. Яшчэ ў тэхнікуме ён уступіў у Камуністычную партыю. Грамадская дзейнасць падабалася: ён агітаваў, удзельнічаў у выездах актывістаў на «мерапрыемствы па калектывізацыі». Успамінаў, як у падмаскоўнай вёсцы начаваў у свірне, дзе папярэдняга такога агітатара забілі.
У тэхнікуме Грамыка пазнаёміўся і з будучай жонкай — Лідзіяй Грыневіч, якую ў мемуарах ахарактарызаваў як «дачку беларускіх сялян» з вёскі Каменка, што ў цяперашнім Дзяржынскім раёне. Рэмарка пра беларускасць не выглядае выпадковай: у 1930-я Дзяржынскі раён быў польскай аўтаноміяй. Каменка знаходзіцца побач са Станькавам, сядзібай графаў Чапскіх. І Лідзія Грамыка ўспамінала, як у іх вёсцы мужчыны пры сустрэчы цалавалі жанчынам рукі — такі сабе звычайны сялянскі звычай.
«Звярнуў я на яе ўвагу выпадкова, а пасля ўжо не думаць пра яе не мог. Мы блукалі ночы напралёт», — прарываецца лірыка праз сухія мемуары «Містара Не».
Лідзія ўсё жыццё называла мужа «Андруша» — з цвёрдым беларускім «р». А ён яе — «Лідунчык».
Рэпрэсіі як лесвіца
Ажаніўшыся, Грамыка з палёгкай пакінуў студэнцкую нішчымніцу, перавёўся на завочнае аддзяленне і стаў дырэктарам вясковай школы на радзіме жонкі. Лідзія ўладкавалася заатэхнікам, нарадзіўся сын Анатоль. І тут як гром з яснага неба з’явіўся спецпрадстаўнік ЦК КПБ і прапанаваў паступаць у наваствораную аспірантуру Дзяржінстытута народнай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Прычым характарыстыкі на Грамыку ў прыёмную камісію ўжо былі пададзеныя і па працоўнай, і па партыйнай лініі. Выпускныя інстытуцкія экзамены Грамыка здаваў ужо пасля залічэння ў аспірантуру. Гэтая сітуацыя добра ілюструе бязладдзе ў каманднай эканоміцы, якой тэрмінова патрабаваліся гаспадарчыя кадры. Старых спецыялістаў выкасілі рэпрэсіі ў канцы 20-х і пачатку 30-х.
У той самы год мінскіх аспірантаў Інстытута народнай гаспадаркі перакінулі ў Маскву — у НДІ эканомікі сельскай гаспадаркі. Ішла калектывізацыя, цалкам перабудоўвалася аграрная сістэма. І Грамыку адразу пасля выпуску свяціла месца вучонага сакратара Далёкаўсходняга філіяла Акадэміі навук.
Але ва Уладзівасток ехаць не давялося.
Выпадковы дыпламат
Хаос — гэта лесвіца, казаў адзін з персанажаў «Гульні тронаў», сучаснага фэнтэзі-серыяла пра вялікую палітыку. Хаос сталінскіх рэпрэсій зрынаў у нябыт адных і даваў магчымасці іншым. Гэта быў час галавакружных кар’ер.
Прычым — і выпадак Грамыкі тут характэрны — чалавек не сам прабіваў сабе дарогу: яго, нібыта вінцік у патрэбнае месца, укручвалі кадравыя аддзелы, што тасавалі камсамольскія, партыйныя і працоўныя характарыстыкі.
У 1939-м Грамыку нечакана выклікалі ў камісію Наркамата замежных спраў. Партыя паклікала свайго байца з гаспадарніка перакваліфікавацца ў дыпламаты. Прычына была тая самая: цягам 1936—1939 гадоў была рэпрэсаваная траціна дыпламатычнага персаналу Наркамата — больш за сто чалавек — і 62% кіраўнічых кадраў. Са 157 чалавек, што займалі кіроўныя пасады ў Наркамаце ў 1940—1946 гадах, 85% пачалі працаваць тут пасля 1936-га.
У складзе камісіі на тым сумоўі Грамыка запомніў Молатава і Малянкова. Плюсамі Грамыкі была неблагая англійская мова і эканамічнае мысленне, гэтым ён запомніўся. Хоць Вячаслаў Молатаў, кіраўнік савецкай дыпламатыі, у кадравых пытаннях рабіў стаўку больш не на талент, а на лаяльнасць, «вернасць». Вялікую ролю ігралі партыйныя анкеты і характарыстыкі, якімі паступова «абрастаў» кожны член КПСС. Анкета Грамыкі была бездакорная.
Фінальнае сумоўе з будучымі дыпламатамі праводзіў кіраўнік дзяржавы Іосіф Сталін. Ён сказаў Грамыку, што збіраецца паслаць яго ў ЗША «не на месяц і не на год», і спытаў, як у таго з англійскай мовай. «Вяду з ёй барацьбу і, здаецца, перамагаю», — пажартаваў Грамыка. Сталін даў дзіўную параду: заходзіць часам у ЗША ў храмы і слухаць хрысціянскіх пастараў. Цяжка зразумець, што гэта магло значыць. Магчыма, хацеў паглядзець на рэакцыю, прачытаўшы ў дасье, што жонка Грамыкі з рэлігійнай сям’і? А можа, як былы семінарыст, ведаў, як добра ставяць рыторыку ў прапаведнікаў?
Таблеткі ад віцэ-прэзідэнта
Сталін пасля хваліў Грамыку за яго працу на пасадзе пасла ў ЗША, асабліва падчас вайны. Тады СССР атрымаў па ленд-лізе амерыканскай дапамогі на астранамічную суму 10,8 мільярда даляраў — у цяперашніх цэнах гэта прыкладна 190 мільярдаў. Сталін прыраўніваў дзейнасць пасла Грамыкі да камандуючага фронтам.
Першыя згадкі пра Амерыку Грамыка чуў яшчэ ў дзяцінстве, ад свайго бацькі, які ў царскія часы быў у ЗША на заробках. Праўда, скалечыў нагу і вярнуўся дахаты, нічога не зарабіўшы.
Тады савецкія дыпламаты не жылі ў Вашынгтоне як у абложанай крэпасці. Былі нефармальныя кантакты, была прыязнасць. Напрыклад, віцэ-прэзідэнт ЗША Генры Эгард Уолес мог заехаць перад працай у савецкае пасольства, каб перадаць жонцы Грамыкі дэфіцытныя таблеткі для пахудання, пра якія ў іх заходзіла гаворка напярэдадні.
У часе працы ў ЗША Грамыка сустракаўся не толькі з палітыкамі, але і з зоркамі шоу-бізнэсу. Гутарыў з «прывабным маладым чалавекам» Фрэнкам Сінатрам, разважаў пра рускую літаратуру з Чарлі Чапліным, перакінуўся парай словаў з Мерылін Манро. Былі сярод візіцёраў і «былыя рускія». Пасол нечакана займеў сімпатыю да эмігранта Давыда Бурлюка — паэта-футурыста, сябра Уладзіміра Маякоўскага ды Аляксандра Блока. Ён таксама адкрыў для сябе філосафа Піцірыма Сарокіна, але наадрэз адмовіўся прымаць «айца рускай дэмакратыі» Аляксандра Керанскага.
Самыя цяжкія перамовы
Міністрам замежных спраў Грамыка стаў пасля выкрыцця «антыпартыйнай групы». Сталінскія сокалы — Вячаслаў Молатаў, Георгій Малянкоў, Лазар Кагановіч і «прымкнуўшы да іх» Дзмітрый Шапілаў — хацелі адхіліць ад улады Мікіту Хрушчова. Пераварот не ўдаўся: яны самі паляцелі з пасадаў — і Грамыка заняў месца Шапілава. Ад 1957-га да 1985-га ён будзе тварам замежнай палітыкі СССР. 28 гадоў на пасадзе — гэта рэкорд.
На хрушчоўскія часы прыпалі і самыя складаныя, паводле Грамыкі, перамовы — з прэзідэнтам ЗША Джонам Кенэдзі. Ядзерныя супердзяржавы гулялі мускуламі: у адказ на размяшчэнне ядзернай зброі на базах ЗША ў Турцыі, недалёка ад савецкай мяжы, СССР паставіў ракеты на рэвалюцыйнай Кубе. Праўда, адмаўляўся гэта прызнаць. Тады амерыканцы паказалі фота ракет, зробленыя самалётам-шпіёнам.
У сваіх успамінах Грамыка адмаўляе, што Кенэдзі паказваў яму тыя здымкі. «Каля Кенэдзі на стале ляжала нейкая папка… Але цягам усёй нашай размовы прэзідэнт гэтую папку не разгортваў… Так што я ніякіх здымкаў у яго кабінеце не бачыў».
Амерыканцы патрабавалі прыбраць ракеты з Кубы, Савецкі Саюз упарціўся. Размова ішла на павышаных танах. «Ці будзе вайна?» — гадалі людзі.
«Наш напад на амерыканцаў выключаны, і яны на вялікую вайну таксама не пойдуць… Калі асядзе пыл, мы зноў будзем шукаць кампрамісы», — казаў Грамыка сыну. І дадаваў: «Не я той кухар, што заварыў гэту кашу».
Хоць Хрушчоў успамінаў, што Грамыка быў у складзе вузкай групы, якая вырашала пытанне пра пастаўку ракет на Кубу, аднак падчас перамоў з Кенэдзі савецкі міністр замежных спраў упарта адмаўляў іх наяўнасць на Востраве свабоды.
Многія мяркуюць, што менавіта асцярожнасць Грамыкі была вырашальным фактарам, які не дазволіў свету скаціцца да абмену атамнымі ўдарамі падчас Карыбскага крызісу.
«Часам у друку праслізгвае паведамленне, быццам Савецкі Саюз, вырашыўшы размясціць на Кубе ядзерныя ракеты, парушыў нейкія абяцанні аб неразмяшчэнні сваёй ядзернай зброі на Кубе. Гэта выдумка. Ніякага абяцання ён не даваў і, такім чынам, не парушаў»,
— пісаў Грамыка ў мемуарах. Там багата такой дыпламатычнай казуістыкі, адточанай на франтах халоднай вайны.
«Баяўся Хрушчова да непрыстойнасці»
Экстравагантнасць палітыка Хрушчова, «сілу якога нельга было аддзяляць ад яго чалавечых недасканаласцяў», не падабалася стрыманаму, сухому аж да скаванасці — фактычна, шляхцічу па прыродзе — Грамыку. Калі Хрушчоў зняў чаравік і пачаў ім ляпаць па стале ў ААН, Грамыка, які сядзеў побач, хоць і скрывіўшыся, але мусіў пляскаць у такт.
Мікіта Сяргеевіч мог, успамінаў Грамыка, падчас дыпламатычнага прыёму выкрыкнуць у бок замежных журналістаў і аташэ: «Мы вас пахаваем!»
У 1960-м у Парыжы Хрушчоў сарваў міжнародную канферэнцыю, дабіваючыся ад прэзідэнта ЗША выбачэнняў за шпіянаж (напярэдадні над СССР збілі амерыканскі самалёт-разведчык U-2). Не атрымаўшы выбачэнняў, Хрушчоў, увесь пунсовы, выскачыў з залы пасяджэнняў і больш не вярнуўся. «А як было мне?» — наракаў Грамыка, які гады паклаў на падрыхтоўку канферэнцыі ды візіту Дуайта Эйзенхаўэра ў СССР, які мусіў быць следам.
Магчыма, Грамыка не шкадаваў для Хрушчова цёмных фарбаў, бо яго «баяўся да непрыстойнасці», як успамінаў савецкі дыпламат Валянцін Фалін. «Калі Хрушчоў павышаў тон, у міністра адымала мову. У адказ на тырады кіраўніка партыі чулася дробнае Грамыкава «да-да-да», «зразумеў», «будзе выканана»». А пад канец свайго кіравання Хрушчоў проста трэціраваў Грамыку. Магчыма, хацеў пасадзіць на яго месца свайго зяця Аляксея Аджубея.
У адказ Грамыка адрываўся на падначаленых. Яго рэзкасць і несправядлівасць, адзначае Фалін, каштавала МЗС многіх каштоўных супрацоўнікаў.
Не толькі апаненты па перамовах, але і супрацоўнікі, і калегі лічылі Андрэя Андрэевіча цяжкім чалавекам. Яго прыдзірлівасць, дробязнасць, рэзкасць не нараджалі сімпатыі.
Такіх людзей называюць «зашпіленыя на ўсе гузікі». Дзеці Грамыкі ўспаміналі, што ніколі не бачылі бацькі без гальштука. Нават на сняданак ён прыходзіў ужо адзетым у абавязкова цёмны афіцыйны пінжак, светлую кашулю і гальштук.
Ноч у кабінеце
Уварванне савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968-м Грамыка ў мемуарах дыпламатычна абыходзіць. Затое пад 1968-м успамінаецца забойства ў ЗША Марціна Лютэра Кінга — «нязмыўная ганьба для Амерыкі».
Чэхаславацкія лідары ў канцы 1960-х пад ціскам грамадства схіляліся да дэмакратызацыі краіны. Вярнулі свабоду слова, гучалі заклікі дазволіць афіцыйную палітычную апазіцыю. На Прагу з надзеяй глядзела варшаўская, маскоўская і мінская інтэлігенцыя.
Чэхаславакаў доўга накручвалі, угаворвалі змяніць курс і ісці ў фарватары СССР, але беспаспяхова. Канчатковае рашэнне пра ўварванне было прынята 20 жніўня, праз паўгадзіны пасля таго, як Прага абарвала кабель наўпроставай сувязі з Крамлём. Палітычнае кіраванне аперацыяй ажыццяўляў, дарэчы, «таварыш Трафімаў» — беларус і зямляк Грамыкі Кірыла Мазураў.
У ноч уварвання ў Чэхаславакію Грамыка начаваў у сваім кабінеце на працы. Не падобна, каб міністр быў у захапленні ад сілавога сцэнару. Ён разумеў, што гэта выкліча новы віток халоднай вайны, пахавае надзеі на разрадку ў адносінах з Захадам. Хоць, як акуратны выканаўца, аспрэчыць рашэнне ён не мог.
«Нахал»
У брэжнеўскія гады пазіцыі Андрэя Грамыкі ўмацаваліся. Асабліва калі ў генсака пачаліся праблемы са здароўем і ён з актыўнага, энергічнага лідара пачаў ператварацца ў марыянетку, якой на міжнародных сустрэчах трэба было кіраваць уручную.
Цэкоўскія функцыянеры той пары называлі Грамыку — за вочы, вядома, — «нахалом». Ён гаварыў з Брэжневым на «ты» і выступаў так, нібыта быў другой асобай у дзяржаве. Усясільным апаратчыкам тое не падабалася.
Урэшце Грамыка зрабіўся ледзь не распарадчыкам пры хворым генсаку. Роля Брэжнева, які імкліва губляў сувязь з рэчаіснасцю, звялася да таго, каб «прыняць або не прыняць» кагосьці. А каго прымаць і што зачытваць падчас сустрэчы — вызначалі Грамыка і памочнікі. Генсак зрабіўся «толькі вялікай фігурай, якая рухаецца па інерцыі ў правільным кірунку», адзначалі замежныя назіральнікі.
Так, выйшаўшы да прэсы пасля сустрэчы з канцлерам ФРГ, Брэжнеў забыў шпаргалку з трох фраз, складзеную памочнікамі, і проста бездапаможна развёў рукамі.
«Грамыка з генераламі падсоўвае генсаку ўсякую лухту. Галоўны ўжо не ў стане адрозніць істотнае ад мітусні, а хаўруснікі і памочнікі ўжо не насмельваюцца сказаць», — наракаў у дзённіку Георгій Шахназараў, які ў тыя часы працаваў намеснікам загадчыка міжнароднага аддзела ЦК КПСС.
Ліберальныя чыноўнікі-дарадцы недалюблівалі Грамыку за яго «цвердалобасць». Маладзейшае пакаленне ўжо прагнула перамен, а Грамыка на зменлівых вятрах Сталіна, Хрушчова і Брэжнева настолькі звык трымацца «генеральнай лініі», што зліўся з ёй і стаў яе жывым увасабленнем.
Адзін з чатырох
Рашэнне пра ўвод войскаў у Афганістан прымалі чацвёра: Брэжнеў — які на той час ужо слаба разумеў рэчаіснасць і кепска гаварыў, — кіраўнік дыпламатыі Грамыка, кіраўнік спецслужбы Андропаў і кіраўнік арміі Усцінаў. Яны сабраліся ў Арэхавай вітальні Крамля, што прымыкала да прыёмнай генсака. Тут звычайна па самых важных пытаннях раілася «найбліжэйшае кола» Палітбюро.
Пра тое, што менавіта Грамыка быў ініцыятарам уводу войскаў, гаварыў у кулуарах яго намеснік Георгій Карніенка. Грамыку падтрымаў міністр абароны Дзмітрый Усцінаў. Старшыня КГБ Юрый Андропаў, калі абмяркоўвалі пытанне, перш чым ісці з ім да Брэжнева, меў сумневы. Рашуча пярэчылі ўводу войскаў генералы: яны шкадавалі салдат, але Усцінаў паставіў іх на месца і загадаў даць яму план аперацыі.
Вынікам аперацыі былі дзесяцігадовая вайна, санкцыі і міжнародная ізаляцыя СССР, каля 15 тысяч забітых савецкіх салдат і сотні тысяч ахвяр сярод афганцаў. Выраз «афганскі сіндром» стаў афарызмам.
Калі ў 1985-м новы генсак Гарбачоў ініцыяваў вывад войскаў, Грамыка на пасяджэнні Палітбюро дзелавіта рабіў папраўкі да рэкамендацый. Але на яго ўжо глядзелі з іроніяй: не было сакрэтам, хто «ўцягнуў краіну ў такую справу».
Пракол з Шаўчэнкам
У красавіку 1978-га Аркадзь Шаўчэнка, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР, намеснік Генеральнага сакратара ААН, раптам адмовіўся вяртацца з ЗША. Блізкі знаёмы сям’і Грамыкаў (разам елі шашлыкі на дачы, іх сыны сябравалі, а жонак аб’ядноўвала любоў да золата), Шаўчэнка быў дыпламатам самага высокага рангу з усіх перабежчыкаў часоў халоднай вайны.
Потым высветлілася, што ён ужо не адзін год працаваў на ЦРУ, паведамляючы далікатную інфармацыю — у тым ліку і пачутую ад Грамыкі. Інфармацыя пра тое, што ў Нью-Ёрку ёсць «крот», трапляла савецкім спецслужбам і раней, у тым ліку з амерыканскага боку. Але Грамыка нязменна казаў: «Шаўчэнка па-за ўсякімі падазрэннямі». Калі сканчаўся тэрмін Шаўчэнкі ў Нью-Ёрку, Грамыка спецыяльна для яго «прабіў» у Брэжнева пасаду намесніка міністра па раззбраенні.
Шаўчэнка на службе ў ААН паводзіў сябе вольна: злоўжываў алкаголем (праз 20 гадоў ён памрэ ад цырозу), не абмінаў маладых сакратарак і перакладчыц і быў пэўны, што яму ўсё сыдзе з рук, «пакуль Андрэй на месцы».
Калі Шаўчэнка перабег, Грамыка ў размове з Андропавым «не змог успомніць», ці быў у яго памочнік з такім прозвішчам. «Эх, Андрэй Андрэевіч!» — толькі і мог пасля сказаць Андропаў, пабачыўшы знойдзеныя падчас ператрусу сумесныя фота Грамыкаў і Шаўчэнкаў на дачы. Але рэзюмаваў: «Грамыку здымаць не будзем».
Брыльянты жонкі
Кар’ернаму ўзлёту, паводле словаў сына, Шаўчэнка быў абавязаны сваёй жонцы Леангіне, якая «падарыла жонцы А. А. Грамыкі брошку з 56 брыльянтамі». Гэтае «сяброўства» працягвалася і пасля: у 1976-м, калі Шаўчэнка ўжо працаваў на ЦРУ, яго жонка вадзіла Лідзію Грамыка па магазінах Нью-Ёрка і купляла ёй дарагія падарункі.
Лідзія Грамыка, «па сведчанні відавочцаў, многія дзесяцігоддзі сур’ёзна ўплывала на расстаноўку дыпламатычных кадраў у міністэрстве свайго мужа. Да таго ж яна была вялікай аматаркай прымаць рознага роду дары, асабліва пры паездках за мяжу», — адзначаў намеснік начальніка службы бяспекі МЗС, палкоўнік контрразведкі Ігар Ператрухін. Тыя падарункі яна не везла дамоў сама: перададзеныя ў Маскву праз трэціх асобаў, яны перапрадаваліся па вышэйшай цане.
Практыка «паднашэнняў» у той час была пашыраная. Нават Брэжнеў не адмовіўся прыняць брыльянты, якія ў Баку паднёс яму гаспадар Азербайджана Гейдар Аліеў.
«Не мог Леанід Ільіч не ведаць пра даніну, якую збірала Вікторыя Пятроўна (жонка Брэжнева — Рэд.) пасля кожнай сваёй паездкі ў Карлавы Вары, аб авантурных выхадках сваёй дачкі, якая мела хваравітую жарсць да дыяментаў. І, вядома, да яго даходзілі звесткі пра карысталюбства найбліжэйшых сяброў: Шчолакава, Цвігуна, Медунова», — адзначаў Шахназараў.
Андропаў, прыйшоўшы да ўлады, забараніў прымаць падарункі ад замежнікаў, даражэйшыя за 50 рублёў. Усё астатняе было загадана здаваць у казну. Тое ж рабіў і Гарбачоў.
Ці слухаў Грамыка жонку ў кадравых пытаннях — невядома. Але факт, што на добрых пасадах у МЗС знаходзілася месца сваякам уплывовых людзей. Так, у савецкім прадстаўніцтве ў Лондане працавалі ўнук Міхаіла Суслава, зяць самога Грамыкі і сыны трох намеснікаў загадчыкаў аддзелаў ЦК — Кісялёва, Салаўёва і Шчарбакова.
Вяршыня магутнасці
Аўтарытэт Грамыкі скандал з Шаўчэнкам не пахіснуў. «Непрыемна, але перажывём». Наадварот, яго магутнасць набліжалася да піку. Асабліва ягоныя пазіцыі ўмацаваліся пасля смерці шматгадовага шэрага кардынала Суслава.
Але самага піку Грамыка дасягнуў пасля смерці Андропава, калі Генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў блізкі сябар нябожчыка Брэжнева Канстанцін Чарненка. «Бездапаможны, абмежаваны, славалюбны», — характарызавалі яго памочнікі ў кулуарах і мемуарах. «Нудны, шэры, не вельмі разумны і ўпэўнены ў сабе чалавек», — пісаў пра яго Шахназараў. Грамыка ж разразіўся ў «Праўдзе» дыфірамбамі пра «ўнутраную і знешнюю веліч цяперашняга генсака». Вакол задумаліся: ці не разлічвае ён на месца наступніка цяжкахворага Чарненкі?
Грамыка і Гарбачоў дамаўляліся праз сына
Што перашкодзіла Грамыку пасля смерці Чарненкі прэтэндаваць на ролю генсака? Сыну ён казаў, што «стаміўся»: «Пасля «лёгкага інфаркту», ды яшчэ пры анеўрызме, ды яшчэ аперацыі на прастаце, думаць пра такую ношу, як сакратарства, было б вар’яцтвам». Але, магчыма, Грамыка проста ўлічваў сваю не вельмі высокую папулярнасць сярод калег.
У прызначэнні на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова Грамыка сыграў адну з галоўных роляў. Гэтаму папярэднічала размова Аляксандра Якаўлева, на той час дырэктара Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін, з сынам Грамыкі Анатолем.
Гутарыць у кабінеце Якаўлеў з Грамыкам-малодшым не наважыліся, Якаўлеў папрасіў Анатоля падкінуць яго да цэнтра сваёй машынай. Яны дамовіліся, што сын пагутарыць з бацькам, а Якаўлеў — з Гарбачовым. Анатоль адправіўся на дзяржаўную дачу. Для гутаркі яны з бацькам выйшлі прайсціся па тэрыторыі. За Грамыкамі воддаль крочылі апранутыя ў цывільнае афіцэры Дзявятага ўпраўлення КГБ, што адказвала за бяспеку членаў урада.
Грамыка сказаў, што гатовы не проста падтрымаць, але і асабіста вылучыць Гарбачова. Гарбачоў, дазнаўшыся пра гэта, перадаў праз Якаўлева падзяку, а ў адказ паабяцаў вылучыць Грамыку на пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР — фармальна найвышэйшую ў краіне.
Выбары генсака прайшлі гладка. Як толькі адкрылася пасяджэнне, Грамыка першы ўстаў, прапанаваў Гарбачова і адзначыў, што іншай кандыдатуры проста няма. У той сістэме шмат залежала ад таго, хто ў выніку апаратных гульняў атрымае права першым устаць. Калі кандыдатура Гарбачова прагучала, прапанаваць іншую азначала рызыкнуць кар’ерай, а то і свабодай. Дыскусіі не было, Палітбюро адзінагалосна прагаласавала «за».
Праз некалькі месяцаў, на Пленуме ЦК, які доўжыўся ўсяго паўгадзіны, Гарбачоў, выконваючы абяцанне, прапанаваў прызначыць Грамыку старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Ён займаў гэтую пасаду два гады, пакуль Гарбачоў, як і папярэднія генсакі, не ўзмацніў сваю ўладу, абраўшыся на яе сам.
«Ветліва і ганарова выперлі»
Але надта радавацца новай пасадзе Грамыку не даводзілася. Гэта была пенсіянерская сінекура. Займаючы яе, ён фактычна страчваў рэальныя ўплывы на бягучую палітыку. Бо міністрам замежных спраў на тым самым пленуме Гарбачоў прапанаваў абраць першага сакратара кампартыі Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ. У Грамыкі быў шок: гэта быў канец яго звыклага ладу жыцця. Прызначэнне адбылося без яго згоды і не з ліку выхаваных ім намеснікаў. Бо перад МЗС стаялі цяпер цалкам іншыя задачы.
План Гарбачова па стрымліванні сілавікоў, накіданы ў нататніку, меў тры першачарговыя пункты: скончыць гонку ўзбраенняў, сысці з Афганістана і наладзіць адносіны з Кітаем. Нармалізацыя адносін з Захадам пазбавіла б «ястрабаў» іх галоўнага козыра — халоднай вайны.
Гарбачоў, як і Андропаў раней, разумеў, што далей «так жыць нельга». Савецкі Саюз стаяў на мяжы сацыяльнага выбуху, у краіны больш не было рэсурсаў на процістаянне з Захадам. Як піша дарадца Міхаіла Гарбачова Андрэй Грачоў, 70% савецкай прамысловасці ў той ці іншай ступені працавала на «абаронку». І новы генсак хацеў не столькі ўратаваць свет ад ядзернай пагрозы, колькі ўратаваць СССР ад уласнага вайскова-прамысловага комплексу.
Сутыкненне Грамыкі з Гарбачовым было непазбежнае, бо яны мелі рознае бачанне далейшага развіцця СССР. Грамыка быў скіраваны на кансерваванне сітуацыі, якая ўтварылася пасля Ялцінскай канферэнцыі 1945-га і гарантавала СССР становішча звышдзяржавы. Гарбачоў жа спадзяваўся канкураваць з Захадам за кошт пазітыўных момантаў, закладзеных у сацыялістычнай ідэі.
Таму ў новай палітычнай сітуацыі 50-гадовы досвед Грамыкі і выгадаваных ім дыпламатычных кадраў проста не быў патрэбны. Грамыку «ветліва і ганарова выперлі з рэальнай палітыкі — не таму, што стары, а таму, што збанкрутавала яго палітыка, дзе ён амаль аднаасобна гаспадарыў», — канстатаваў супрацоўнік міжнароднага аддзела ЦК КПСС Анатоль Чарняеў.
Што да ВПК і арміі, то вялікім ударам па іх іміджы стала прызямленне маладога немца Маціяса Руста на Краснай плошчы ў 1987-м.
Апошняя місія
Але быў адзін неэканамічны момант, які не ўлічылі ратавальнікі Савецкага Саюза Гарбачоў і Шэварднадзэ. Масква не чакала, што з паслабленнем пут так востра паўстане «нацыянальнае пытанне» на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, а краіны Балтыі, а за імі і Украіна, і беларуская інтэлігенцыя адчуюць гістарычны шанц на незалежнасць… Грамыка ведаў ад гэтага сродак. «З’явіцца на вуліцах войска — будзе парадак», — казаў ён.
У 1987-м у скверы перад будынкам ЦК з транспарантамі «Радзіма або смерць!» сабраліся крымскія татары. Яны патрабавалі дазволу жыць у Крыме, адкуль Сталін дэпартаваў іх у Сярэднюю Азію пасля вайны. Да татараў дэлегавалі самага дасведчанага перагаворшчыка СССР — Андрэя Грамыку. Гэта была адна з апошніх яго дыпламатычных місій. Перад Грамыкам, звыклым апераваць абстракцыямі ды фармулёвачнай казуістыкай, стаяла само народнае гора. Дамовіцца ні да чаго не ўдалося.
Яшчэ год пасля таго Грамыка заставаўся фармальным кіраўніком дзяржавы. Пайшоўшы ж у кастрычніку 1988-га на пенсію, ён пражыў зусім нядоўга — усяго дзевяць месяцаў.
Дарэчы, акурат у час ягонага фармальнага кіраўніцтва выбухнуў Чарнобыль. Родныя Старыя Грамыкі, заражаныя радыяцыяй, былі адселеныя ды закапаныя ў зямлю. І такі апакаліптычны помнік эпосе Андрэя Грамыкі гаворыць нашмат больш за яго невыразны бюст у гомельскім парку.
Каментары