Грамадства3636

Чачэнія: незалежнасьць, аплачаная крывёй і адкладзеная

З Анзорам Масхадавым, сынам Аслана, гутарыць Барыс Тумар. + Падборка матэрыялаў пра стан справаў у Чачні і нацыянальныя меншасьці Расеі.

Два сыны, дзьве Чачэніі. З Анзорам Масхадавым гутарыць Барыс Тумар

Для сьвету сёньняшнюю Чачэнію ўвасабляе яе скарасьпелы прэзыдэнт Рамзан Кадыраў. 30‑гадовы граміла, фанат боксу. Гатовы плаціць (зь нейкай кішэні) мільёны, каб у Чачэніі выступілі Майк Тайсан і Філіп Кіркораў. Дзіця казармы, вайны і постсавецкага ісламу.

Анзор Масхадаў — поўная процілегласьць Рамзана. Хударлявы, невысокі, бездакорныя манеры. Інтэлігентны, гаворыць на замежных мовах. Скончыў Грозьненскі нафтавы інстытут.

У часе першай чачэнскай вайны Анзор падлеткам дапамагаў партызанам. У часе другой вайны бацька, ужо як кіраўнік дзяржавы, забараніў сыну дакранацца да зброі. «Твая справа цяпер — інфармаваць, пісаць». Ён хацеў любым коштам захаваць сыну жыцьцё. Ці можа інтэлігент стаць альтэрнатывай камандзіру? У Чачэніі, якая так і не дабілася незалежнасьці, затое вынішчыла ўласны культурны слой у вайне, што каштавала краіне прынамсі 70 тысячаў жыцьцяў? У краіне, дзе на працягу 90‑х адбываліся сапраўдныя этнічныя чысткі — у выніку якіх зьнікла 300‑тысячнае расейскае насельніцтва краю?

Варта нагадаць пра паходжаньне. Бацька Рамзана, Ахмат Кадыраў, у 1994 годзе, муфтыем Чачні, абвесьціў вайну сьвятарнай і заклікаў кожнага чачэнца забіць па 150 расейцаў. У часе другой ён жа здаў Гудэрмэс бяз бою, захаваўшы ад бамбёжак. Гэта быў ягоны першы крок да ўлады, што пасьля перайшла да ягонага сына.

Бацька Анзора, Аслан, быў начальнікам штаба 15‑тысячнай пераможнай чачэнскай арміі ў часе першай вайны. Пасьля выгнаньня 40‑тысячнага экспэдыцыйнага корпусу фэдэральных сілаў як нацыянальны герой быў абраны на прэзыдэнта.

Калі ў 1999 годзе распачалася другая вайна, ён паўгоду ўзначальваў абарону і пасьля яшчэ пяць гадоў кіраваў узброеным падпольлем. Унікальны выпадак, калі малая нацыя (1,300,000 чалавек, на тэрыторыі, роўнай прыкладна палове адной зь беларускіх абласьцей) так упарта адстойвала незалежнасьць.

Анзор Масхадаў, як і большасьць чачэнцаў, апранаецца з строгай акуратнасьцю і мае бездакорныя манеры.

Аслан па‑чачэнску азначае «леў». А Анзор — імя грузінскае. Так Аслан Масхадаў назваў сына ў гонар свайго сябра па Савецкай Арміі, грузіна.

— Спадар Масхадаў, як Вы апынуліся ў Нарвэгіі?

— Прыехаў год таму і папрасіў палітычнага прытулку, як і астатнія чачэнцы, якія апынуліся тутака. Да таго некаторы час жыў у Баку.

— А сям’я?

— Сям’я пакуль застаецца ў Баку. Ёсьць шанцы, што ўзьяднаемся.

— Колькі чачэнцаў усяго тут у Нарвэгіі?

— Каля пяці тысячаў. Маем тут сваю грамаду, як і ў кожнай краіне, дзе ўтварылася чачэнская дыяспара.

— Хто ўзначальвае гэтыя грамады?

— Абраныя лідэры. Яны падтрымліваюць сувязь з урадам рэспублікі.

— А хто цяпер узначальвае ўрад?

— За мяжою — міністар замежных справаў Ахмед Закаеў. А ў краіне наш лідэр — прэзыдэнт Доку Ўмараў.

— І ён рэальна кантралюе рэальна партызанскія атрады, што дзейнічаюць у Чачэніі?

— Галоўнакамандуючы чачэнскімі сіламі ніколі не пакідаў Чачэніі.

— Які на сёньня агульны лік партызанскіх атрадаў, што дзейнічаюць у Чачэніі?

— Атрадаў шмат, але яны невялікія. Яны каардынуюць свае дзеяньні з Доку Ўмаравым. Актыўных на сёньня каля 500 чалавек, раскіданых па розных раёнах. Для Чачэніі гэта мала. Не забывайцеся, што ім процістаіць вялізная армія. Даводзіцца чакаць, што зьменіцца ў Расеі. Трэба перадусім берагчы людзей. Вярнулася сытуацыя, якую я сам перажыў, калі быў падлеткам. Тады мы ня мелі над сабой камандзіра, але кожны сам ведаў, што трэба рабіць, каб дапамагаць партызанам.

— У Фінляндыі ствараецца міжнародны трыбунал па Чачэніі. Якія мэты гэтай ініцыятывы?

— Ён ствараецца з удзелам праваабарончых арганізацыяў, якія дзейнічаюць у Эўропе і Расеі. Яго задача — збор фактаў, сьведчаньняў пра злачынствы ў Чачэніі. Гэта прыдасца. Каб вінаватыя панесьлі пакараньне. У сваёй дзейнасьці яны кансультуюцца зь юрыстамі, што ўдзельнічалі ў стварэньні Міжнароднага трыбуналу ў Гаазе.

— Ці гатовыя Вы прадоўжыць справу свайго бацькі, калі спатрэбіцца?

— У нас лідэраў многа. Ніхто ня ведае, што будзе ў будучыні, і добра, што мы ня ведаем… Сьмерць майго бацькі — гэта гісторыя. Чачэнцы — такі народ, для якога гонар даражэйшы за жыцьцё. Таму ў нас кожнага забітага замяняе другі. Я ня бачу іншага варыянту і ў першай вайне ня бачыў. Трэ было абараняць радзіму. Наш народ плаціць за свабоду дарагую цану.


Анзор Масхадаў

* * *

Незалежнасьць, аплачаная крывёй і адкладзеная

У чачэнскім грамадзтве выпрацаваліся дзьве канцэпцыі дасягненьня незалежнасьці — нацыяналістычная і ісламісцкая.

Масхадаў загінуў са зброяй у руках у баі з спэцгрупай ФСБ у 2005 годзе. Пасьля ягонай сьмерці партызанскі рух пайшоў на спад. Хоць фармальна пераемнасьць дзяржаўнае ўлады захоўваецца, функцыі прэзыдэнта цяпер выконвае Доку Ўмараў, ён ня мае аўтарытэту Масхадава.

У Чачэніі працягваецца партызанская вайна. Яна страціла былыя маштабы і нагадвае тое, што адбывалася ў Заходняй Беларусі і Ўкраіне ў канцы 40‑х. У падпольлі застаюцца самыя зацятыя. У чачэнскім выпадку гэта пераважна рэлігійныя людзі.

Насельніцтва ж пераважна занятае адбудовай. Стомленыя ад вайны і нестабільнасьці, людзі радуюцца паправе матэрыяльнага становішча. Сытае пуза радзей бунтуе.

Як толькі вайна ў Чачэніі прыціхла, многія сталі вяртацца на радзіму. Былыя «ўдзельнікі незаконных бандфармаваньняў» карыстаюцца з абвешчанай амністыі. У мінулы свой прыезд у Нарвэгію я браў інтэрвію ў былога кіраўніка фінансава‑бюджэтнай камісіі парлямэнту Ічкерыі Турпал‑Алі Каімава. Цяпер ён ужо на радзіме: прыйшоў з павіннай да Рамзана Кадырава.

Некаторыя спадзяюцца на тое, што нацыянальнае будаўніцтва будзе працягвацца ва ўмовах кадыраўшчыны і расейскага кантролю. Кадыраў, у прыватнасьці, пераводзіць пачатковыя школы Чачэніі на чачэнскую мову, зь мільярдаў, якія плывуць яму з Масквы, накіроўвае нейкую часьцінку на патрэбы культуры.

Ідэя нацыянальнай незалежнасьці адкладзеная на заўтра. У чачэнскім падпольлі выпрацаваліся дзьве канцэпцыі, як яе дасягнуць, дзьве палітычныя плыні.

Адну зьвязвалі з Басаевым, Удугавым, да яе належыць цяперашні в.а. прэзыдэнта Доку Ўмараў. Другую рэпрэзэнтавалі Дудаеў, Масхадаў, цяпер яе адстойвае міністар замежных справаў паўстанцкага ўраду Закаеў.


Ахмед Закаеў

Ісламісты бачаць краіну заснаванай на шарыяце, арыентаванай на мусульманскі сьвет. Яны варожа ставяцца да заходняй сьвецкай цывілізацыі. Выхаваньне рэлігійнага духу моладзі — іхная галоўная стратэгічная мэта. Падтрыманьне ўзброенага падпольля і тэрарыстычнай актыўнасьці бачыцца ім асноўнай тактычнай задачай. Фінансавую дапамогу ім надаюць ісламскія фундацыі арабскіх краінаў, і дасягнуць незалежнасьці яны лічаць магчымым з апорай на ісламскі ўсход, у рэчышчы ісламскага адраджэньня і наступу.

У адрозьненьне ад Закаева ці Масхадава, яны бачаць будучыню Чачэніі ня як адной з эўрапейскіх дзяржаваў, а як дзяржавы рэлігійнай, ісламскай. Іх яшчэ называюць барадачамі — у адпаведнасьці з канонамі яны носяць бароды.

Нацыяналісты на чале з Закаевым бачаць за мэту ператварэньне Чачэніі ва ўсходнеэўрапейскую дзяржаву звычайнага ўзору, хоць і з нацыянальнымі ці рэлігійнымі асаблівасьцямі, зьвязаную з краінамі Паўднёвага Каўказу, Турцыяй і Эўразьвязам.

У сёньняшняй сытуацыі яны бачаць выйсьце ў тварэньні праваабарончых і грамадзянскіх структураў, якія б узгадоўвалі паралельнае мірнае грамадзтва. Тым ня менш, яны не выракаюцца і падтрымкі партызанскага руху. Сымпатыі Захаду безумоўна схіляюцца да іх.

Чачэнскае грамадзтва пакуль ня мае безумоўных, агульнапрызнаных «мірных лідэраў», якім быў Ібрагім Ругова ў Косаве.

Сярод вядомых дзеячоў чачэнскае грамадзянскае супольнасьці, акрамя Ахмеда Закаева, можна назваць Лідзію Юсупаву. Прадстаўніца расейскага праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», яна займаецца пошукам зьніклых, абаронай уцекачоў і рэпрэсаваных. За сваю дзейнасьць яна была ўзнагароджаная прэстыжнай міжнароднай прэміяй «Рафта». Сёлета яна вылучаная на Нобэлеўскую прэмію міру.


Лідзія Юсупава

Чачэнская незалежнасьць стане магчымаю толькі ў выпадку агульнай дэзынтэграцыі Расеі, якая можа адбыцца ў выпадку яе эканамічнага аслабленьня. Такога варыянту разьвіцьця падзеяў выключаць ня можна, бо нават у апошнія гады, пры надзвычай спрыяльнай каньюнктуры цэнаў на энэрганосьбіты, макраэканамічныя паказчыкі расейскай эканомікі далёкія ад здаровых.

Акрамя чачэнцаў, дзяржаўныя памкненьні маюць татары (48 % насельніцтва Татарстану). Ім удалося ўтрымацца супраць русіфікацыі ў самым цэнтры расейскага масіву. Хоць у Татарстане і знойдзеныя запасы нафты й газу, дасягнуць эканамічнай незалежнасьці ім няпроста, бо ўсе шляхі зносінаў Татарстану з Эўропай пралягаюць праз мэтраполію.

Да Татарыі, патэнцыйнай рэгіянальнай супэрдзяржавы, уважліва прыглядаюцца іншыя народы Паволжа (чытайце тутака гутарку з супрацоўнікам чуваскае газэты з Ульянаўскай вобласьці). Найперш, чувашы, якія складаюць 68 % насельніцтва сваёй аўтаноміі і маюць умацаваную нацыянальную сьвядомасьць. Астатнія (башкіры, удмурты, мары, мардва, комі) або ў меншасьці на сваёй тэрыторыі, або моцна асыміляваныя, а найчасьцей тое і тое, а ўсё ж яшчэ здольныя часам узьняць галаву.

На поўдні Расеі адметны характар захоўваюць мусульманскія рэспублікі Каўказу. Аднак найбольшая зь іх, Дагестан, — утварэньне крайне нетрывалае, бо заселенае дзясяткамі народаў і этнасаў, часта пасвараных між сабой. Яго шлях да самавызначэньня, напэўна, будзе азмрочаны расколамі і міжусобіцамі, што дазволіць Маскве нават пры найгоршым для яе разьвіцьці падзеяў захаваць кантроль над усёй яго тэрыторыяй або прынамсі яе часткай.

Гістарычныя сувязі з Масквой падтрымліваюць карачаеўцы і, асабліва, асяціны.

Зь іншага боку, некаторыя іншыя этнасы Каўказу, адыгі й чаркесы, будучы ў значнай меншасьці на сваёй тэрыторыі і пазбаўленыя магчымасьцяў для паўнавартага эканамічнага разь¬віцьця, захоўваюць моцную нацыянальную энэргію.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што галоўнай прычынай падзеньня чачэнскай незалежнасьці 90‑х была кволасьць эканамічнае базы для яе: поўная прывязка чачэнскай эканомікі да агульнарасейскай, слабасьць Грузіі і адсутнасьць шляхоў камунікацыі між Паўднёвым Каўказам і Чачэніяй. Бяспрыкладны ў сучаснай гісторыі гераізм чачэнскага грамадзтва ня мог таго кампэнсаваць.

Ёсьць імавернасьць, што эліты ўсіх паўночна‑каўкаскіх рэспублік пабачаць новыя шанцы для дасягненьня нацыянальнага сувэрэнітэту, калі ў Паўночнага Каўказу зьявіцца патэнцыйная роля ў эканамічнай і транспартнай паўднёвакаўкаска‑чарнаморскай сыстэме і месца ў рэгіянальным падзеле працы.

Барыс Тумар

* * *

Незалежная дэ‑факта

Чачэнскі прэзыдэнт Рамзан Кадыраў стварыў дзіўную дзяржаву. Ён клянецца ў вернасьці Расеі, але на маскоўскія грошы ўмацоўвае самадзяржаўе. Ці не спасьцігне яго лёс ягонага бацькі?

Маладыя жанчыны шпацыруюць па доўгай вуліцы ўздоўж двух шэрагаў піцэрыяў, кавярняў ды модных буцікоў, якія адчыніліся ўсяго некалькі дзён таму. Грозны, горад, назва якога доўгі час сымбалізавала ўсе жахі вайны, пачынае выглядаць як эўрапейскае места, прынамсі, у асобных сваіх частках. Яшчэ два гады таму чачэнская сталіца выглядала, хутчэй, як Бэрлін пры канцы Другой усясьветнай.

А цяпер вось‑вось адчыніцца адзін з найбольшых у Эўропе мячэтаў. За некалькі вуліцаў адгэтуль адноўлены стадыён «Дынама» адчыняе сваю мармуровую браму для наведнікаў. Стрэлы пад’ёмных кранаў сноўдаюць па‑над новым комплексам пяціпавярховых будынкаў. Праз горад цячэ бясконцая плынь «жыгулёў». Іх цяпер ніхто не спыняе — расейскія блокпасты зьнятыя.


Рамзан Кадыраў

Пасьля сямі год вайны ў Чачэнію вярнуўся спакой. У гэта неяк аж ня верыцца.

Цяпер, калі маскоўскія гарматы змоўклі, 300 000 жыхароў некалі самага прыгожага гораду Паўночнага Каўказу занятыя рамонтам пашкоджаных вайной будынкаў, кладуць цэглу, тынкуюць сьцены, замяняюць выбітыя выбухамі шыбы. Працуюць у тры зьмены.

Як многія іншыя працаўнікі, 30‑гадовы Алі Мансураў ня мае будаўнічай адукацыі. Гэты чалавек са змучаным тварам мае дыплём інжынэра‑нафтавіка, аднак, як і многія ягоныя былыя калегі, ня здолеў знайсьці працы па прафэсіі. Беспрацоўе ў Чачэніі складае 76%, сьцьвярджаюць чыноўнікі ў Грозным. Ад лютага Мансураў цягае вазкі з цэмэнтам.

Мансураў, як і многія іншыя будаўнікі, так і не атрымалі абяцанага штомесячнага заробку ў 400 эўра. Пакуль што ім выдалі толькі аванс, прыкладна адну трэцюю частку гэтай сумы. Разам з тым, Мансураў кажа, што ўскладае «вялікія спадзяваньні» на Рамзана Кадырава, «маладога, энэргічнага прэзыдэнта».

Сапраўды, здаецца, што літаральна ўсе зьвязваюць свае надзеі з Кадыравым. Фраза «малады, энэргічны прэзыдэнт» — на вуснах кожнага. І гэта ня дзіўна, калі дзяржаўныя чачэнскія тэлевізія ды радыё і ўдзень і ўначы трансьлююць хваласьпевы прэзыдэнту. 30‑гадовы Кадыраў, якога пасадзіў на чачэнскі трон расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, асабіста кантралюе ўсе будоўлі ў горадзе.

Кадыраў упампоўвае ў рэканструкцыю грошы, атрыманыя з Масквы. Расейскі ўрад, у сваю чаргу, толькі сёлета выдаткаваў 200 млн. эўра на адбудову зьнішчанай вайной рэспублікі.

Фундацыя імя Ахмэда Кадырава — яшчэ адна крыніца сродкаў для рэканструкцыі. Гэтая непразрыстая дабрачынная структура, названая ў гонар бацькі прэзыдэнта, які быў забіты ў траўні 2004 г., зьбірае ахвяраваньні зь бізнэсоўцаў з сумнеўнай рэпутацыяй, і, паводле некаторых зьвестак, займаецца вымагальніцтвам, змушаючы плаціць «унёскі на дабрачыннасьць» звычайных працоўных.

Нягледзячы на ўсе намаганьні, Грозны дагэтуль нельга назваць нармальным мірным горадам. Так, некаторыя будынкі адбудаваныя, але ў іх, як і раней, няма вадапроваду, не падключана каналізацыя. Бязьветранымі вечарамі па горадзе плыве пах дыму — жыхары паляць сьмецьце. Сьмецьцявозы — рэдкія госьці ў мікрараёнах Грознага.

Мачыць шайтанаў

Адзін з самых навязьлівых гукаў у горадзе — рыпеньне жалезных помпаў. У адсутнасьць вадапроваду жыхары бяруць ваду з калёнак.

Ваха Насуханаў жыве ў шчасьлівым месьце. Ён — мэр Гудэрмэсу, гораду, дзе нарадзіўся прэзыдэнт Кадыраў. Ён усхваляе Чачэнію як месца гармоніі. «Тут няма праблемаў, — кажа ён. — Прэзыдэнт вырашае ўсё».

Шпацыруючы па вуліцы Кадырава, Насуханаў мінае пазалочаную статую Кадырава‑старэйшага і зазірае ў ювэлірную краму. Прадавачка дэманструе яму кальцо з дыямэнтамі, на цэтліку — сума, адпаведная 4 800 эўра. Гэта — 25 сярэдніх месячных заробкаў у Чачэніі. На сьцяне — алейны партрэт Кадырава‑малодшага.

На іншым баку вуліцы барадаты ахоўнік‑»кадыравец» расчыняе дзьверы ў Рэспубліканскі спартовы клюб Рамзана. Позірку адкрываецца шасьцімэтровы постэр з выявай прэзыдэнта. Сьцены ўпрыгожваюць шэсьць іншых прэзыдэнцкіх фота.

У трэніровачнай залі, чыстай да бляску, маладыя накачаныя мужчыны залазяць у баксёрскі рынг. На кожным — майка з партрэтам Рамзана. У куце залі — фота Пуціна. Ён зьлёгку ўсьміхаецца. У 1999 г. ён быў прэм’ер міністрам і накіраваў сюды расейскія войскі. Цяпер Пуцін проста па¬блажліва паглядае на дзівацтвы кіраўніцтва новай рэспублікі.

Страх і захапленьне

Падобна да мафіёзнага боса Рамзан Кадыраў выклікае ў аднолькавай меры страх і захапленьне свайго народу. Чачэнцы, уключна з дзяржслужбоўцамі, надзвычайна асьцярожныя ў любой крытыцы культу, які атачае бацьку ды сына Кадыравых. Сына, які ператварыўся ў сапраўднага правінцыйнага дыктатара.

Цягам некалькіх год «кадыраўцы» — фармаваньне з 19 000 узброеных байцоў, — выкрадалі, катавалі і забівалі сваіх суродзічаў. У 2005 г., калі Кадыраў быў яшчэ намесьнікам прэм’ер‑міністра, ён заявіў пракрамлёўскай «Камсамольскай праўдзе», што ягонае хобі — «мачыць шайтанаў», г.зн. забіваць паўстанцаў, якія змагаюцца за незалежнасьць Чачэніі. Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял», каля 3 500 жыхароў рэспублікі папросту «зьніклі» ад 1999 г. з дапамогай расейскіх войскаў ці «кадыраўцаў».

Кадыраў‑малодшы ганарліва носіць на грудзёх зорку «Героя Расеі». Ён акружаны аховай, трэніраванымі мужчынамі ў чорным, езьдзіць на «Хамэры» і вядзе сябе на публіцы як гаспадар жыцьця. Падчас конкурсу прыгажосьці ў Грозным ён сыпаў 1000‑рублёвымі банкнотамі і загадаў даставіць ды зарэзаць пяць вэрблюдаў для сьвята ў сваёй роднай вёсцы.

Небясьпечная справа

Зь вечнай хлапечай усьмешкай на твары, Кадыраў ігнаруе той факт, што быць прэзыдэнтам Чачэніі — небясьпечная справа. Пачынаючы з 1996 г. чатыры зь пяці прэзыдэнтаў Чачэніі загінулі. Адзіны, хто пакінуў пасаду жывым, быў папярэднік Кадырава‑малодшага — Алу Алханаў. Кадыраў, які ў той час быў прэм’ер‑міністрам, змусіў яго сысьці ў адстаўку.

«Кадыраўцы» жорстка абыходзяцца з узброенымі паўстанцамі, якія дагэтуль дзейнічаюць на тэрыторыі рэспублікі, асабліва ў гарах паўднёвай Чачэніі. Тыя, каго злавілі, і хто выжыў пад электрашокам на допытах, часта трапляюць у ІК‑2, турму ў Чарнакозава, што ў 50 км на паўночны захад ад Грознага. Масква ператварыла гэтую ўстанову ў прыкладную турму «на эўрапейскім узроўні».

У сталоўцы паветра прапітанае рэзкім пахам мыючых сродкаў. Арыштанты ў блакітных робах ядуць боршч. 25‑гадовага Ламалі Бяржанава ўтрымліваюць у камэры зь дзевяцьцю мэталёвымі ложкамі ў двухпавярховым турэмным корпусе. Кампутаршчык па адукацыі, ён далучыўся да «незаконных узброеных фармаваньняў» (маскоўскі тэрмін для чачэнскіх партызан) і быў асуджаны ў 2005 г. да дзесяці год турмы. Калі вязьні крочаць ад турэмнай брамы да сваіх камэраў, іх сустракае лёзунг на сьцяне «Чэсная праца — дарога дадому».

Тыя чачэнцы, якія ня ўпэўненыя ў тым, што праца здольная прынесьці свабоду тым, хто жыве ў імпэрыі Кадырава, згуртаваліся вакол Доку Умарава, палявога афіцэра, які быў абвешчаны прэзыдэнтам Чачэніі пасьля гібелі першага пераемніка Аслана Масхадава. Умараў працягвае «газават», сьвятарную вайну «супраць расейскіх акупантаў і мясцовых здраднікаў».

Расейскія афіцэры ацэньваюць колькасьць яго байцоў у 300 — 800 чалавек, большасьць зь іх ня мае 30 гадоў. Кожны тыдзень партызаны ўзрываюць машыны расейскіх чыноўнікаў ды «кадыраўцаў», а таксама абстрэльваюць вайсковыя аб’екты. Паўстанцы абапіраюцца на сымпатыі дзясяткаў тысячаў спачуваючых і гістарычную памяць, якая прагне помсты.

«Мы перадалі ўладу бандытам»

На кірмашах Грознага маладыя прадаўцы гандлююць кампакт‑дыскамі Бон Джові і «Ролінг Стоўнз», а таксама касэтамі з забароненымі за¬пісамі барда Цімура Музураева, які сьпявае пра «Грозны ў вечным полымі», пра «сьвятарны джыхад» і пра «райскія сады» для забітых чачэнскіх змагароў.

З дапамогай некалькіх амністыяў Кадыраў здолеў перацягнуць да мірнага жыцьця стомленых паўстанцаў, саслабіўшы, такім чынам, фронт супраціўленьня. Былыя паўстанцы атрымалі пасады ў міліцыі ды ва ўрадзе. Гэтак, Магамэд Ханбіеў, былы міністар абароны Рэспублікі Ічкерыя і герой дзьвюх войнаў, цяпер засядае ў чачэнскім парлямэнце. Дукваха Абдурахманаў, сьпікер парлямэнту, быў у авангардзе гераічнай абароны Грознага ў 1994 г. Артур Ахмадаў, кіраўнік грозьненскага АМОНу, быў галоўным целаахоўнікам Аслана Масхадава.

Паляпваючы па плячы, Кадыраў запэўнівае былых змагароў, што ён спадзяецца на іх. Бо і сам ён, у 18 гадоў, быў сярод іх. Прэзыдэнт нібы падае сыгнал паўстанцам: у канчатковым выніку, вы перамаглі.

Аддаленьне Расеі

Кіраўніцтва Чачэніі ўжо патрабуе ад Расеі вываду «непатрэбных войскаў». Кадыраў таксама дамагаецца, каб чачэнскія хлопцы праходзілі службу выключна на радзіме, а не на прасторах Расейскай Фэдэрацыі. Ён заклікаў расейскі МУС зачыніць свой аддзел у Грозным, які займаецца следзтвамі па справах чачэнскіх паўстанцаў. Кадыраў заклікае зьняць прызначанага з Масквы пракурора. Прадстаўнікам Крамля ў Грозным здаецца, што чачэнскі ўрад усяляк імкнецца абмежаваць маскоўскую прысутнасьць у рэгіёне.

Расейская армія, якая паводле афіцыйных падлікаў згубіла 9800 чалавек, утаймоўваючы бунтоўную правін¬цыю, раскватэраваная ў гарнізоне 42‑й дывізіі ў Ханкале каля Грознага. Выходзіць за межы базы — сьмяротна небясьпечна.

Група са ста агентаў ФСБ забарыкадавалася ў будынку ў цэнтры Грознага, які пару тыдняў таму быў урачыста адчынены. Агенты жаляцца, што могуць толькі аналізаваць сытуацыю ў Чачэніі, але не ўплываць на яе.

«Мы перадалі ўладу бандытам», — кажа мне палкоўнік ФСБ. І, нібыта ў пацьвярджэньне ягоных словаў, Кадыраў прызначыў свайго стрыечнага брата прэм’ер‑міністрам.

Увэ Клюсман, «Шпігель» (пераклад АК)

Каментары36

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка7

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Ліквідавана Пінская каталіцкая духоўная семінарыя4

Двух расійскіх кантрактнікаў асудзілі ў Расіі да пажыццёвага за расстрэл дзевяці чалавек у акупаванай Валнавасе2

«А што вы хочаце за такія грошы?». Тыкток абмяркоўвае гасцініцу ў Ашмянах5

Міністр замежных спраў Ізраіля тэрмінова вылецеў у Нідэрланды2

Пад Мазыром п'янага кіроўцу спынялі стрэламі

«Стануць сябрамі камісій, назіральнікамі». Ветэранаў МУС задзейнічаюць у выбарах11

Кітайскія навукоўцы абвясцілі аб стварэнні зброі з «Зорных войнаў»1

Лукашэнку на «Дажынках» у Полацку падарылі меч часоў Усяслава Чарадзея12

На літоўскай мяжы вярнуліся чэргі з легкавых аўто

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка7

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →