«Па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прыспушчаны дзяржаўныя сцягі. Народ смуткуе і падзяляе боль страты разам з венесуэльцамі», — гаворыцца ў паведамленні Белтэлерадыёкампаніі, размешчаным на яе афіцыйным сайце.
Уранку некаторыя выказвалі меркаванні, што ў Беларусі, як і ў Аргенціне, будзе абвешчана трохдзённая жалоба. Відаць, гэтае пытанне даволі доўгі час абмяркоўвалася ва ўладных структурах, бо інфармацыя на дзяржаўным тэлебачанні прайшла толькі ў абед.
Урэшце паведамілі, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі з самай раніцы 6 сакавіка на тры дні над будынкамі рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі і іншых дзяржустаноў ва ўсёй краіне прыспушчаны дзяржаўныя сцягі.
Акрамя таго, усімтэле-і радыёканалам рэкамендавана выключыць з эфіру забаўляльныя перадачы.
Чавэс адышоў у іншы свет позна ўвечары 5 сакавіка.
Нагадаем, што ў Беларусі, у адрозненне ад суседніх краін, не абвяшчалася жалобы, калі пад Смаленскам разбіўся прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі і ўся дзяржаўная эліта суседняй дзяржавы. Не абвяшчалі агульнанацыянальнай жалобы і пасля смерці найвыдатнейшых творцаў — Васіля Быкава і Уладзіміра Мулявіна.
Каментары