Гэты варыянт кары вельмі проста і хутка гатуецца. Яго немагчыма сапсаваць, вы атрымаеце смачную і духмяную страву.
Каб згатаваць курынае кары, вам спатрэбіцца:
- трохі цыбулі — галоўкай або зялёнай,
- 3 галоўкі часнаку,
- 2 чайныя лыжкі алею,
- 200 грамаў таматаў ва ўласным соку (калі ў вас іх няма, можаце замяніць іх на трохі меншую колькасць таматнай пасты),
- 2 чайныя лыжкі прыправы кары,
- 1 чайная лыжка молатага імбіру,
- 400 грамаў курынага мяса без косткі і без скуры,
- 100 мілілітраў натуральнага ёгурту накшталт грэчаскага для падачы,
- соль,
- перац,
- 200 грамаў доўгазерневага рысу.
- Тонка нарэжце цыбулю. Калі робіце з зялёнай — частку пакіньце для падачы стравы. Пачысціце часнок і пасячыце яго. Разагрэйце у вялікай каструлі алей на сярэднім агні і смажце ў ёй цыбулю і часнок на працягу некалькіх хвілін. Дадайце таматы, парашок кары і молаты імбір. Тушыце сумесь яшчэ 3—4 хвіліны. Як вадкасць у каструлі зусім выпарыцца, дадайце крыху вады.
- Памясціце курынае мяса ў каструлю з таматамі, пасаліце і тушыце 5 хвілін. Сачыце за тым, каб курыца была цалкам пакрытая сумессю.
- Дадайце 250 мілілітраў вады і давядзіце да кіпення. Варыце на малым агні 10—15 хвілін ці да гатоўнасці курыцы.
- Пакуль варыцца ваша кары, паралельна прыгатуйце рыс. Прамыйце яго пад халоднай вадой, каб выдаліць лішні крахмал. Памясціце рыс у каструлю і дадайце чыстую ваду — яе трэба амаль у два разы больш, чым рысу. Давядзіце рыс да кіпення, потым збаўце агонь, накрыйце рыс вечкам і варыце яго 10 хвілін. Здыміце каструлю з агню і пакіньце рыс накрытым яшчэ на 10 хвілін, за гэты час ён канчаткова прыгатуецца.
- Здыміце кары з агню і дадайце да яго ёгурт.
Смачна есці!
Каментары