Лукашэнка заняўся кавід-прафілактыкай насельніцтва, але атрымалася толькі горш. Што ён сказаў
Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі і прыманых мерах па процідзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі выказаўся пра каранавірус. Ён раскрытыкаваў сілавікоў за кантроль масачнага рэжыму, сказаў, што ніякага прымусу насіць маскі і вакцынавацца не будзе, а таксама выказаўся пра «каранафэйкі».
«Чаму міліцыю мабілізавалі на праверкі масачнага рэжыму? — пытаўся ён у прысутных. — Мацаеце ўсюды, нават жанчын не шкадуючы».
Спачатку дасталася міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу, а пасля была чарга міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова. Лукашэнка нагадаў, што ўжо папярэджваў яго.
«Вам што, няма чым займацца? — спытаўся ў Кубракова ён. — Вы чаму закон парушаеце? У нас няма закону такога… Бачыце, людзей яны пачалі штрафаваць. Хто вам даў права на гэта?»
Аляксандр Лукашэнка яшчэ неаднаразова выказваў незадавальненне, што «міліцыя ў яго [Івана Кубракова] масачнікаў ловіць».
А трэба злавіць нягоднікаў, якія ў Гомельскай вобласці «кароў па начах рэжуць і прадаюць у Расію». Міністр атрымаў два тыдні на гэта.
У Беларусі ўвялі абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах. Чыноўнікам закон не пісаны
«Мы паводзім сябе пачварна, а людзей прымушаем быць ідэальнымі, — не супакойваўся Лукашэнка. — Не, Дзмітрый [Піневіч], так справа не пойдзе. Вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю [каранавіруса]».
Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ў ЗША і Еўропе, асабліва ў суседзяў Беларусі. Прычым, ён кажа, што там на праблему не звяртаюць увагі, што насамрэч не так.
«Цяпер, глядзіце, рот закрыла ўся дасведчаная Еўропа: ніякай інфармацыі, усё «добра». Але там жа катастрофа. Вазьміце Латвію: крыху больш за мільён насельніцтва — сітуацыя ў сто разоў горшая, чым у Беларусі. Цішыня.
Міністр здароўя Латвіі прапануе ўвесці жорсткі лакдаўн з-за каранавіруса з каменданцкай гадзінай
Латвія на 4 тыдні ўводзіць жорсткі лакдаўн
Вы памятаеце, які мор быў у Злучаных Штатах Амерыкі ў перыяд першага ўздыму? І што, у іх усё добра? А хто ведае, як справы ідуць цяпер у Злучаных Штатах Амерыкі? Паразумнелі? А нашых пратэстуноў увесь час там стымулююць і грашыма, і іншым: давайце душыце Беларусь, давайце будзем звяргаць уладу на гэтых антыкавідных мерапрыемствах. Калі вы гэтага не бачыце, дык вы паслухайце, што я вам гавару», — дадаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што, распаўсюджваючы фэйкі і чуткі аб сітуацыі ў Беларусі, праціўнікі дзяржавы з-за мяжы хочуць ускалыхнуць краіну:
«Так, сітуацыя напружаная. Таму людзі пачынаюць нервавацца. Таму людзям патрэбна кампетэнтная ацэнка сітуацыі. Для чаго мы сёння і сабраліся: каб выпрацаваць падыходы на падставе тых законаў, якія ў нас ёсць».
«Кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам так, як ен лічыць патрэбным», — сказаў Лукашэнка.
Ці будзе пасля такога яго выступу ў краіне дзейнічаць абавязковы масачны рэжым, невядома.
Каментары