Кіноа здаўна ядуць у рэгіёне Андаў у Лацінскай Амерыцы. Цяпер гэты псеўдазлак, як яго правільна называць па-навуковаму, вырошчваецца больш чым у 70 краінах. Кіноа не змяшчае глютэну, таму яна здаецца добрым варыянтам для тых, хто не можа есці багатую на глютэн пшаніцу.
Пры гэтым кіноа — надта карысныя для здароўя крупы. У іх ёсць усе дзевяць асноўных амінакіслот, якія звычайна можна знайсці толькі ў бялковых прадуктах накшталт мяса, рыбы, малака і соі. У кіноа нізкі глікемічны індэкс, то-бок яна не выклікае хуткага павышэння ўзроўню цукру ў крыві. Таксама гэтая крупа змяшчае шмат марганцу і магнію, распавядае Huffpost.
Кіноа, як і рыс, абавязкова трэба прамываць перад ужываннем. Нават калі на ўпакоўцы напісана, што крупа ўжо прамытая, усё роўна лепей правесці гэтую працэдуру. Вы не можаце ведаць, як і наколькі старанна крупу прамывалі на фабрыцы.
Самыя простыя спосабы прыгатаваць кіноа — зварыць на пары або на слабым агні да таго моманту, пакуль зерне не пачне набухаць і разломвацца на часткі. Кіноа можа быць добрым гарнірам да любой асноўнай стравы, а калі гэтыя крупы зварыць і астудзіць, яе можна ўключаць у салаты. Кіноа добра спалучаецца з гароднінай і багатымі на вугляводы раслінамі, напрыклад, са смажанай на грылі кукурузай або з запечанымі перцамі. Такую салату можна прыправіць аліўкавым алеем або запраўкай са сталовым воцатам.
Рэшткі кіноа можна пасмажыць разам з бялковымі прадуктамі і гароднінай, а можна і смажыць кіноа асобна. Прамыйце крупу, дазвольце ёй высахнуць на папяровых сурвэтках і падсмажце кіноа на патэльні (традыцыйнай ці воку), пакуль каша не набудзе карычневы колер. Калі астудзіць смажаную кіноа, можна будзе дадаць яе да граналы, садавіны, салаты або ёгуртаў.
Нарэшце, запечаную ў духоўцы кіноа можна перамолваць у муку, якая будзе добрым загушчальнікам для соусаў, супоў і падлівак. Гэта цудоўны спосаб павялічыць колькасць бялку ў рацыёне.
Каментары