Меркаванні1212

Былыя могілкі

Ёсць нейкая ганебная супярэчлівасць паміж тым, што насамрэч адбывалася на нашай зямлі, і тым, як яно ўвасабляецца ў велічныя мемарыялы. Піша Сяргей Ваганаў.

Стала вядома, што хутка будзе ўзведзены велічны мемарыял у Трасцянцы пад Мінскам, дзе падчас нямецкай акупацыі быў адзін з найбольш жудасных фашысцкіх канцлагераў.

Амаль на тым жа месцы вось ужо з паўстагоддзя атручвае паветра велізарны гарадскі сметнік, пад якім, сцвярджаюць дасведчаныя гісторыкі, пахаваны ахвяры НКУС. Але там ніякіх помнікаў ды мемарыялаў не прадугледжана. Аўтары праекта Трасцянецкага мемарыяла, піша партал Tut.by, «выказалі боязь, што жаданне... разабрацца са сталінскімі расстрэламі ў Трасцянцы можа перавесці пытанне мемарыялізацыі «Трасцянца» ў разрад «палітычных» і затармазіць праект...»

Ёсць нейкая ганебная супярэчлівасць паміж тым, што насамрэч адбывалася на нашай зямлі, і тым, як яно ўвасабляецца ў велічныя мемарыялы.
Але прычына, здаецца, не толькі ў «палітызацыі» — значна глыбей. Бальшавізм знішчыў саму сутнасць чалавечай маралі, якая спрадвек трымалася на непарыўнасці памяці. Памяці, якую пакідаюць нашчадкам сыходзячыя пакаленні.

Вось чаму мяне так уразіла пытанне ўнучкі, калі некалькі гадоў таму я ўпершыню прывёз яе ў Хатынь: «Хіба ж бываюць былыя могілкі?»

Не магу сказаць, што прапанову паехаць у Хатынь яна ўспрыняла з вялікім інтарэсам. «Нам у школе расказвалі... Але калі хочаш, давай з’ездзім».

У Хатыні яна прыціхла, адасобілася, абмінаючы групкі экскурсантаў і затрымліваючыся каля комінаў і калодзежаў, у якіх скурчыліся на зацягнутай лядком вадзе беларускія дваццаткі ды старублёўкі, а важкія замежныя манеты паблісквалі на дне... Потым стала фатаграфаваць аблокі. Дакладней неба, па якім павольна напаўзалі адно на адно цёмныя хмары, неахвотна прапускаючы ў блакітныя нябесныя праталіны прахалодны сакавіцкі прамень...

А потым спытала: «Дзеда, а чаму ў Хатыні няма крыжа?»

Былі ў Хатыні крыжы — на старадаўніх могілках. Калі будавалі «Хатынь» з сімвалічнымі «могілкамі спаленых вёсак», спрадвечныя хатынскія могілкі месцамі зруйнавалі разам з крыжамі, а месцамі пакінулі на ўладаранне часу... Усё роўна, маўляў, няма каго тут хаваць.

Сюды, на гэтыя былыя могілкі, мяне прывёў аднойчы Уладзімір Яскевіч, адзін з шасці ацалелых хатынскіх хлапчукоў. Зняўшы шапку, сказаў: «Тут мноства маіх продкаў пахавана...» І толькі потым паказаў, дзе стаяў кулямёт, з якога карнікі расстрэльвалі выбягаючых з гумна ахопленых полымем людзей...

...Мы з унучкай узышлі на ўзвышша. Старанна, каб не наступаць на нізенькія пагуркі, што засталіся ад колішніх магіл. Вось тут я і пачуў трохі дзіўнаватае пытанне: «Хіба ж бываюць былыя могілкі?»

Не памятаю, што я тады адказаў. Мабыць, пра яўрэйскія могілкі, якія знішчылі ў Мінску, калі

яшчэ да вайны будавалі стадыён «Дынама»; ці пра каталіцкія, калі хавалі за пасляваеннымі фасадамі касцёл Святога Роха; ці пра воінскія часоў Першай сусветнай, на якіх доўгі час рохкаў так званы Скотны рынак, а потым узняліся элітныя збудаванні...

А днямі мяне вярнуў да ўнуччынага пытання адзін з водгукаў на нататкі «Грош цана», дзе я ўзгадваў пра старажытную гару пад Смалявічамі, з жоўтага пясочку якой насыпаўся «Курган Славы». Чытач пад нікам Racyja паведаміў, што на той гары былі старадаўнія могілкі. Бацька расказваў яму, што ў вайну «на тых могілках немцы стралялі людзей... Я памятаю, — піша чытач, — як на той скалечанай гары яшчэ магілы асобныя былі... Потым катлаван быў. Цяпер зраўнаванае месца...»

Я прапанаваў сустрэцца і з’ездзіць на тое месца. Адказ атрымаў з... Мексікі. Не ведаю, што прымусіла Дзмітрыя вандраваць па свеце. Але вось што ён піша далей: «Вельмі сумую па Бацькаўшчыне... Сэрца маё б’ецца ў Беларусі, і душа ніколі не пакідала радзіму....»

Дык ці бываюць былымі могілкі?

Ва ўяўленні людзей, якія рвуць на кавалкі агульную памяць, усе «не тыя» могілкі былыя — ці ад непатрэбы кагосьці хаваць, як у Хатыні; ці ад патрэбы будаваць стадыёны; ці ад імкнення перавесці іх у «палітычны разрад»... Рабі, што хочаш: раўнуй, руйнуй, хавай ад нашчадкаў пад сметнікам вышынёй ці не з той курган — Курган Няславы...

Але для людзей, чыя душа нідзе і ніколі не пакідае радзіму, былых могілак не бывае.

І яшчэ для дзяцей.

Глядзець таксама:

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Грош цана

Чорны пакет

Дразды праўлення

Невядомая гісторыя

Каментары12

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў21

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў

Усе навіны →
Усе навіны

Рэспекты ад дактароў і спецыфіка ў войску. Прынцыпова беларускамоўны юнак расказаў, як ён адслужыў9

Якім будзе надвор’е на наступным тыдні1

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

Педагог адмовіўся выконваць незаконны загад кіраўніцтва — яго за гэта яшчэ і пакаралі2

«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як жыць і не ламацца5

Ісламісцкія медыя Сірыі зарэтушавалі кіраўнічку МЗС Германіі Аналену Бербак на апублікаваных фота яе візіту5

Пракоп'еў крытыкуе прапанову капітуляваць: Калі ў нас не ўзнікла партыя ястрабаў, то не трэба рабіць партыю аблудных галубоў24

Падчас украінскага ўдару па расійскім камандным пункце ў Курскай вобласці загінулі 8 афіцэраў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў21

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў

Галоўнае
Усе навіны →