Меркаванні88

Дразды праўлення

Дурная справа — думаць, калі трэба рабіць. Піша Сяргей Ваганаў.

Чытаю размову з адной шматпішучай і звышпапулярнай у маскоўскіх ліберальных колах журналісткай. Разважаючы аб тым, як Расія пагражае Еўропе, Украіне і Беларусі сваёй энергетычнай зброяй, яна раптам заўважае: «…хаця Беларусі не вельмі шкада…»

Еўропу шкада, Украіну шкада, а Беларусь — не вельмі…

Дурная справа — чакаць ад расійскіх лібералаў шчырага спачування незалежніцкім пакутам Беларусі ды шкадавання аб імперскіх адносінах да яе крамлёўскіх уладароў. Яшчэ дурнейшая — вінаваціць іх у гэтым ды намагацца паразумення.
А ўсё ж прыкра, крыўдна — чаму не шкада?..

«…Ведаеце што? — Саша нахіліўся да майго вуха і горача зашаптаў: — Калгас расійцам прадалі, гавораць, за дваццаць мільёнаў… Пачалося…»

Саша — мой добры знаёмы з Камароўскага рынку. Калгас, дзе шафёрыў, кінуў яшчэ гадоў з дзесяць таму, завёў невялічкі статак кароў, разам з жонкай пачаў вырабляць уласны сялянскі прадукт і два разы на тыдзень вазіць на Камароўку. Я быў у тым калгасе — руіны… Чаму ж не прадаць? Хоць расійцам, хоць кітайцам, хоць якому іншаму меху з грашыма…

Але Саша аж змяніўся ў твары: «Вы што, яны ж адбяруць у мяне пашу ці такія за яе грошы заломяць… Дзе кароў пасвіць буду?! А вы думаеце, Камароўку пакінуць? Паадчыняюць тут казіно з бардэлямі, панабудуюць гатэляў… Дзе гандляваць буду?! Вось паглядзіце, распрадасць краіну, ці ж толькі Дразды застануцца… Народ? А што народ? Народу да лямпачкі…» — «Вам жа вось не да лямпачкі…» — «Дык то мне. А народу… Пойдзем, запытаемся ў народа», — і Саша, падхапіўшы мяне пад руку, павёў праз мітуслівы натоўп…

«Народ» у бялюткім фартуху паверх спраўнай дублёнкі і ў гэткіх жа бялюткіх нарукаўніках узвышаўся над пірамідамі шклянак з мёдам і выглядаў вельмі здаровым, кроў з малаком. Я ўспомніў, як жонка вучыла мяне выбіраць мёд. Глядзі не на мёд, гаварыла яна, а на прадаўца. Калі кроў з малаком, дык і мёд будзе сапраўдны, без цукру…

«Слухай, — незаўважна падміргнуў мне Саша, — вось ты гаварыў, што табе ўсё роўна, пад кім жыць: ці то пад Расіяй, ці то пад Польшчай…» — «Пад Польшчай не гаварыў», — адгукнуўся «народ», кінуўшы ў мой бок насцярожаны позірк. «Гаварыў, гаварыў, — няўмольна настойваў Саша. — А краіны не шкада?» — «Якой краіны?» — не зразумеў «народ». «Тваёй, роднай тваёй краіны!» — пайшоў Саша белымі з чырванню плямамі. «А чаго яе шкадаваць? Жылі ж пад Расіяй, і няблага, лепш за расійцаў. А зараз у асноўным расійцы мёд у мяне купляюць… Багатыя…» — «Ну а калі рэферэндум правесці, — улез я ў размову, — пад Расію пайсці ці самім гаспадарыць, як адкажыце?» — «Трэба падумаць», — буркнуў «народ»…

Дурная справа — думаць, калі трэба рабіць.

А што? Што рабіць? Можа, тое, што зрабіў на маіх вачах у нейкі брэжнеўскі год знакаміты старшыня знакамітага калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык?

«Лазню, гарэлку, абед і бабу!» — уваліўся да Калачыка заезджы чын з маскоўскай цэкоўскай газеты… Увечары Калачык выцягнуў непрытомнага «госця» з-пад ложка, дзе той спагадліва паскульваў, пагрузіў у «газік» і павольнай хуткасцю адправіў светлым шляхам у Маскву…

А мы ўсё думаем, думаем… Усё разважаем ды ўзважваем, што будзем мець, калі так, а што, калі гэтак…

Толькі што можна мець, згубіўшы краіну?!

У Калачыка для пачуцця чалавечай годнасці быў галоўны падмурак — напрацаваная ўласным гарбом незалежнасць, падмацаваная, што ні гавары пра калгас, падтрымкай людзей…

А куды падзеўся падмурак у сённяшняга «народа»? Чаму яму «ўсё роўна» і «не шкада»?

Ці не таму, што аднойчы паставіў сябе ў залежнасць ад «галоўнадумаючага», а той, уславіўшы «чарку і шкварку», прывёў яго да залежнасці ад расійцаў, кітайцаў, катарцаў і гэтак далей?.. «Багатыя…»

Не, не ў тым усё ж справа, як купляюць яны сёння нашыя пашы, нашу «кроў з малаком»… А ў тым справа, як мы іх прадаём.

Не, «мы» — гэта не пра нас. Ён…

Дзеля нас, думаеце? Не, дзеля захавання ўласнай улады.

Але ці разумее ўладар, што застанецца ў рэшце рэшт сам-насам са сваімі зняслаўленымі ў свеце Драздамі, са сваёй тамтэйшай прэзідэнцыяй?

Зрэшты, заўсёды, ад самага пачатку свайго ўладарання ён блытаў краіну з Драздамі…

Глядзець таксама:

Невядомая гісторыя

Забаронцы Айчыны

Чорная дзіра

Рукі дзеда

Каментары8

У Беларусі перад выбарамі могуць блакаваць інтэрнэт — як да гэтага падрыхтавацца, каб быць на сувязі1

У Беларусі перад выбарамі могуць блакаваць інтэрнэт — як да гэтага падрыхтавацца, каб быць на сувязі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусбанк увёў сістэму праверкі рэквізітаў праз махляроў1

Чарга з легкавікоў на польскай мяжы амаль знікла

Дабратвор перадумаў праводзіць у Варшаве пікет за Канапацкую. І вось чаму20

Толькі сем беларусаў атрымалі прытулак ва Украіне ў мінулым годзе4

Трамп памілаваў 1600 удзельнікаў штурму Капітолія6

Самы дарагі катэдж Беларусі каштуе $8 мільёнаў і знаходзіцца ў садовым таварыстве «Малінка» ШМАТ ФОТА12

«Самая выдатная палітычная прамова, якую мне прыходзілася чуць». Пазняк не шкадуе эпітэтаў на адрас Трампа67

Найбольш шчаслівым на інаўгурацыі Трампа выглядаў Ілан Маск ВІДЭА22

На крайнім захадзе Беларусі пабачылі рэдкую птушку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі перад выбарамі могуць блакаваць інтэрнэт — як да гэтага падрыхтавацца, каб быць на сувязі1

У Беларусі перад выбарамі могуць блакаваць інтэрнэт — як да гэтага падрыхтавацца, каб быць на сувязі

Галоўнае
Усе навіны →