Эканаміст Данейка: Цяпер пры рэформах эканомікі не будзе ўспышак беспрацоўя
Эканаміст Павел Данейка ўпэўнены: пры рэформах беларускай эканомікі не трэба баяцца беспрацоўя. Але і на хуткі вынік таксама нельга разлічваць.
Эканаміст Павел Данейка ў эфіры ютуб-канала «Обычное утро» заўважыў, што ў беларускім грамадстве рэформы звязваюцца з досведам пачатку 1990-х гадоў, асабліва з беспрацоўем. Але цяпер яго не будзе, бо ў краіне няма «асабліва стратных» прадпрыемстваў:
«У нас дзяржаўны сектар дастаткова ўстойлівы. Мы прайшлі павольны шлях рэструктурызацыі дзяржаўнага сектара і закрыцця прадпрыемстваў, якія не ўпісваліся. Цяпер, калі рабіць рэформы, не будзе ні гэтых успышак беспрацоўя, нічога такога.
У народа аналогія з пачаткам 1990-х. Але тады не было рынкаў. Не было прыватнага сектара. Адаптыўнасць эканомікі значна вырасла».
Па словах Данейкі, калі будуць праводзіцца рэформы, накіраваныя на рэструктурызацыю дзяржсектара, то гэта будзе адбывацца павольна.
«Прыватызацыя — гэта справа складаная. Да яе трэба падрыхтавацца. Каб беларускія прадпрыемствы прыватызаваць, трэба гады тры іх рыхтаваць. І то, па некаторых структурах гэта павінна быць павольна. Як гэта робіцца? Прадаецца 10-15 працэнтаў, потым фарміруюцца сумесныя структуры кіравання, ідзе сумеснае навучанне менеджменту».
Дзе ўзяць грошы на рэформы? Эканаміст адказвае:
«Дзе вы як пачынаючы бізнэсмен бераце грошы? Пазычаеце. Трэба пазычаць грошы, іх укладваць у развіццё, каб потым вярнуць. Заняць у Еўракамісіі, зрабіць унутраную пазыку».
Аднак не трэба спадзявацца на хуткі поспех і маментальнае павышэнне заробкаў настаўнікам, медыкам, вучоным.
«Усё адразу не адбудзецца. Усё будзе павольна. Але калі мы возьмемся, то мы гэта зробім, — заўважае эканаміст і прыводзіць у прыклад будаўніцтва новага дома: — Людзі новы дом будуюць доўга. Нейкі час патрэбны, каб пабудаваць. Так і тут».
Данейка заўважае, што для таго, каб ліквідаваць істотны разрыў у сярэднім заробку настаўнікаў і сярэднім па краіне, спатрэбіцца паскоранае інвеставанне. У гэтым выпадку спатрэбіцца 12-15 гадоў, але заробак будзе расці кожны год.
Данейка звяртае ўвагу на дзве асноўныя задачы эканамічных рэформ.
Па-першае, яны павінны палепшыць адукацыю, каб дзеці маглі атрымліваць якасныя веды і добра зарабляць у будучыні. Па-другое, забяспечыць сённяшнім саракагадовым нармальны ўзровень пенсіі.
Эканаміст прагназуе, што дасягнуць апошняга можна толькі праз 15-20 гадоў, таму рэформамі трэба займацца ўжо сёння.
Каментары