У Беларусі ў 2025 годзе ўвядуць чарговую змену для «дармаедаў». Тыя, хто апошнія пяць гадоў не працаваў, не змогуць прэтэндаваць на дапамогу па беспрацоўі ад цэнтра занятасці. Гэта прадугледжана праўкамі ў заканадаўства па занятасці, піша «Люстэрка».
Сярод умоў, якія трэба выканаць непрацаўладкаваным, каб атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, прапішуць «знаходжанне не менш за пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўнымі ў працоўных адносінах».
Як альтэрнатыва можа быць праца па грамадзянска-прававых дагаворах (прасцей кажучы, па дагаворы падраду), але пры ўмове, што выплачваліся ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
У 2024 годзе дапамога па беспрацоўі складае максімум дзве базавыя велічыні, гэта значыць 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям, напрыклад, якія выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%. Гэтых грошай відавочна не хопіць, каб пражыць на працягу месяца.
Пры гэтым статыстыку па гэтых выплатах (у тым ліку па сярэднім памеры і колькасці тых, каму іх выдаюць), Белстат і Мінпрацы раней засакрэцілі.
У 2025 годзе ўлады маюць намер увесці фіксаваны памер дапамогі па беспрацоўі. Яго вызначае ўрад.
Каментары