Літаратура88

«Капітан Лятучая Рыба» — гэта напраўду новы Бахарэвіч: гарэзлівы і вельмі friendly (нарэшце!) да чытача

Галоўная літаратурная навінка гэтага мая — прыгодніцкі раман Альгерда Бахарэвіча. Новая кніга вядомага аўтара заўсёды выклікае цікавасць, але калі пісьменнік выступае ў незвычайным амплуа, то гэта сапраўдная падзея, піша Зося Лугавая.

Сам аўтар кажа, што гэта падлеткавы прыгодніцкі раман, які будзе цікавы чытачам ад 14 да 140 гадоў. Але я скажу болей: гэта кніга быццам створаная для таго, каб быць перакладзенай на іншыя мовы і, завабліваючы экзатычнымі прыгодамі, расказаць замежнаму чытачу пра Беларусь. А некаторых — і папікнуць за абыякавасць. Робіцца гэта элегантна, ненавязліва і на працягу ўсёй кнігі. 

Напрыклад, так:

«Гэта твая краіна мель. Мель Вайсруслянд, якая тырчыць пасярод Еўропы. І ўсе нармальныя краіны стараюцца яе абмінаць»

Ці так:

«Часам людзьмі кіруюць бандыты толькі з адной прычыны: суседзі лічаць, што гэта не іхная справа. Нікому не хочацца дапамагаць іншым, калі ў цябе дома парадачак ідзець».

Альбо праз размову галоўнай гераіні з замежным журналістам: 

«Я ўсяго толькі журналіст. Я не магу ўмешвацца. Інакш мяне пазбавяць акрэдытацыі… Але ў мяне для цябе ёсць добрая парада. Ты мусіш зладзіць мірную дэманстрацыю пратэсту. І напісаць петыцыю. Я абавязкова яе падпішу, калі вярнуся дамоў. Толькі дэманстрацыя мае быць мірнай, не забудзь. Мне здаецца, ты занадта агрэсіўная. Табе трэба ўзяць сябе ў рукі… Ты правакуеш гэтых мірных людзей на гвалт. І плюеш на іх традыцыі і нацыянальную годнасць. Сорамна! І не канструктыўна!»

І ўсё ж пра што раман і хто такі капітан Лятучая Рыба? Гэта 15-гадовая Алеся, якая жыве ў нямецкім партовым горадзе з дзядзькам і цёткай. Удзень яна вучыцца ў школе, а ўвечары падпрацоўвае ў дзядзькавым кіёску.

Алеся мае моцны акцэнт, кароткія валасы, раскосыя вочы, любоў да швэдраў з капюшонамі і бацькоў у беларускай турме. Год таму яны разам прыехалі ў Нямеччыну, але пільныя справы вымусілі бацькоў вярнуцца ў Беларусь. Па вяртанні іх арыштавалі проста ў аэрапорце.

«Яны не прадавалі амараў і не кралі дзяцей. Яны проста няправільна думалі. Не так, як трэба там, адкуль я прыехала. Там гэта самае вялікае злачынства  няправільна думаць. Вось іх і схапілі. Маму і тату».

Алеся жыве аднастайным і самотным жыццём, найбольшая радасць якога — завітаць у порт і пагаварыць з караблямі. Але аднойчы ў кіёску з’яўляецца загадкавая істота ў старым паліто… і пачынаюцца прыгоды не горшыя за Джэймса Бонда. 

«Палітон шумна ўздыхнуў і патрос каўняром.

Нам патрэбная твая дапамога, сказаў палітон.

А не твой танны тытунь, ты ўсё роўна нічога ў ім не разумееш! віскнула люлька.

Нам патрэбны Мінц, сказала валіза, пад’ехала да мяне і пацерлася бокам аб маю нагу, як котка».

Так, паплечнікамі Алесі стануць Палітон, Файка і Валізка. Незвычайная кампанія, але калі прыгадаць папярэднюю творчасць аўтара, то здзіўляцца такім персанажам ужо неяк і не выпадае. Раней гэтыя рэчы належалі старому авантурысту Мінцу, які не па сваёй волі трапіў у дом састарэлых. Таму дзяўчыне давядзецца скончыць адну важную справу за яго.

Алеся, бы той Д’Артаньян з трыма мушкецёрамі, выпраўляецца ў падарожжа. Яе кампаньёны сапраўды нагадваюць Атоса, Партоса і Араміса: стомлены філосаф Палітон, праставатая, але надзейная Валізка ды іранічная інтэлектуалка Файка. Прозвішча Дзюма, дарэчы, мільгане на старонках кнігі ў грузінскай частцы падарожжа. 

І тут самы час перайсці да геаграфіі, бо яна ў кнізе надзвычайная: герояў кідае калі не па ўсім зямным шары, то, прынамсі, па яго ўсходнім паўшар’і. Нямеччына, Мерзалішайская народная рэспубліка ў сібірскіх нетрах, Грузія, Турцыя, Самалі, Індыйскі акіян, Паўночная Карэя, Японія і, нарэшце, астравы ля Аўстраліі. Чым бліжэй да канцоўкі — тым хутчэй змяняюцца падзеі і мясціны: рэальныя і прыдуманыя аўтарам.

У Бахарэвіча атрымліваецца ўпэўнена расказваць пра кожную з лакацый — ад безнадзейнай зімы Мерзалішайскай рэспублікі да маленечкага вострава-мелі на шляху з Японіі ў Аўстралію.

Усё гэта не проста дэкарацыі, а жывыя і вельмі каларытныя мясціны, нават калі апісваюцца ў некалькі сказах. І тут аўтар актыўна выкарыстоўвае адзін прыём: ён апісвае ежу. Яе ў кнізе шмат: смажаныя сасіскі з кетчупам на калядным кірмашы ў Берліне, тушонка як валюта ў народнай рэспубліцы, экзатычныя прысмакі ў Стамбуле, гіпнатычны кайтэн-дзусі ў Токіа.

«Гэта піяз. Анаталійскі салат з фасолі кандыр, змяшанай з тахіні, лімонным сокам, воцатам, часныком і шляхетным аліўкавым алеем. Да яго, як бачыце, падаецца варанае яйка… А гэта мідзье далма, стамбульская страва. Найлепшыя фаршыраваныя мідыі з Мармуровага мора! Вось тут імам-баялды… Далей ідзе эзагелін-карба, суп з сачыўкі. Паводле старажытнай легенды, ён быў прыдуманы няшчаснай Эзай, жанчынай, якая хацела заваяваць смачнай ежай прыхільнасць сваёй свякрухі.

І як, атрымалася? спытала я.

Вядома, сказаў афіцыянт. Але гэта не ўратавала беднай жанчыны. Бо яе суп прыйшоўся даспадобы султану, і той загадаў зарэзаць і мужа, і свякруху, і ўсіх яе сваякоў».

Тое, што безумоўна будзе падкупляць чытачоў у кнізе — гумар і цытаты, зразумелыя шырокай аўдыторыі ўсіх гатункаў: ад словаў Багушэвіча, прыпісаных Канфуцыю, да добрых ботаў са «Службовага рамана» і «как сын грусціт а мацеры» гурта «Зямляне». І зусім для алдоў — песня Дэвіда Боўі The Starman праз увесь твор, на папярэднім праслухоўванні якой настойвае аўтар.

Але я забыла родную мову.

Гэта кепска… Родную мову трэба ведаць і любіць. Як казаў Канфуцый, «не пакідайце ж роднай мовы, каб не ўмёрлі»!

Адкуль ты ўзялася ў нашым жыцці?

Яна ўпала з Месяца, адгукнулася зверху Валізка. Яна як у той песні. The Starman. 

Не чула такой, сказала я.

Паслухай яе, параіла Валізка. Яна цудоўная!

Любімая песня Мінца, сказаў Палітон.

І мая, сказала Файка.

Асобны цымес — ілюстрацыі, якія зрабіў да кнігі Лявон Вольскі.

У іх ёсць штосьці карыкатурнае і штосьці комікснае, але самае галоўнае: яны пасуюць гэтай гісторыі так, як стары палітон Мінца — Алесі. То-бок ідэальна. 

«Капітан Лятучая Рыба» — ладна скроеная, дынамічная гісторыя з ідэальным фіналам. Ніякіх табе салодкіх сустрэч і аповедаў пра тое, што было праз год, пяць ці дзесяць. Але ты адчуваеш: усё будзе добра. Як? Прыдумай сам. А Алеся няхай адпачне ля акіяна пасля падарожжа. 

Альгерд Бахарэвіч. Капітан Лятучая Рыба. — Выдавецтва «Янушкевіч», 2024. Ілюстрацыі Лявона Вольскага

Каментары8

  • ром
    20.05.2024
    литература - а-ля - Сталин покоряет Марс..... только с другой стороны
    шлак

  • Ігар чаргінец
    20.05.2024
    Пераборлівы чытач, табе хопіць і чаргінца.
  • Цудоўна
    20.05.2024
    Як казаў беларускі Канфуцый,«не пакідайце ж роднай мовы, каб не ўмёрлі»!

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой2

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой

Усе навіны →
Усе навіны

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

«Мы — надзейны тыл». Кандыдат-спойлер Чамаданава знялася з выбараў30

Прастуда без тэмпературы — добра ці дрэнна?2

Прэс-сакратарка партыі Трампа мае беларускія карані ФОТЫ21

Марыя Калеснікава сустрэлася з татам36

«Ён ёй выколваў вочы». У Расіі на стэнд так званых герояў СВА павесілі фота гвалтаўніка і забойцы6

Наўседа і Грыбаўскайце спрабуюць не дапусціць да ўлады «Зары над Нёманам»13

Мінус спойлер. Афіцэр Бобрыкаў зняўся з выбараў21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой2

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой

Галоўнае
Усе навіны →